Звычайны карась, залаты карась (Carassius carassius) — рыба сямейства карпавых.

Карась звычайны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Carassius carassius Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  163352
NCBI  217509
EOL  205155

Апісанне

правіць

Рыба сярэдніх памераў. Цела кароткае, высокае, сціснутае з бакоў, пакрытае залацістага адцення луской. Рот канечны, без вусікаў. Брушына звычайна не пігментаваныя. Спінны плаўнік доўгі, глотачныя зубы аднарадныя. Апошнія негалінастыя прамяні спіннога і анальнага плаўнікоў у выглядзе калючкі, па заднім краі з дробнымі шчарбінамі.

Памеры зменлівыя: у бедных на корм прыродных вадаёмах на другім годзе жыцця даўжыня цела 4—5 см, маса некалькі грамаў, у багатых на корм — да 250—300 г; у азёрах трапляюцца экзэмпляры даўжынёю да 59 см, масай да 4—5 кг.

Пашырэнне

правіць

Шырокі арэал ў Еўропе і Сібіры. У Еўропе сустракаецца ад Вялікабрытаніі і Скандынавіі на поўначы да Македоніі і Паўночнай Італіі на поўдні. У рэках басейна Паўночнага Ледавітага акіяна (да 68° пн.ш.) распаўсюджаны ад Паўночнай Дзвіны і Пячоры на ўсход да Індыгіркі і Калымы, ёсць у Закаўказзі, нізоўях Волгі, сустракаецца ў Урале і Эмбе. На Беларусі водзіцца ў рэках, азёрах, малых поймавых вадаёмах, сажалках, затопленых кар'ерах. Найбольш распаўсюджаны ў ціністых, зарослых травой месцах з стаячай вадою.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Карась жыве ў добра праграваемых вадаёмах са стаячай вадой і мяккім дном; у рэках ён рэдкі, трымаецца на ўчастках з запаволеным цячэннем. У праточных азёрах сустракаецца рэдка. Аддае перавагу зарослым участкам. Сустракаецца ў старых рачных пратоках, ціхіх затоках, глыбокіх ямах і затопленых кар'ерах, у сажалках. Непатрабавальны да дэфіцыту кіслароду, таму можа жыць у забалочаных вадаёмах, якія добра выграваюцца летам і прамярзаюць да дна зімой. Большай часткай трымаецца ля дна. Добра пераносіць прамярзанне і часовае перасыханне вадаёмаў, зарываючыся глыбока ў глей.

Корміцца лічынкамі насякомых (у т.л. матылём), дробнымі малюскамі, чарвякамі, водарасцямі, дэтрытам. Пры неспрыяльных умовах карасі часта драбнеюць, выраджаюцца, утвараючы карлікавыя форму.

Палавая спеласць наступае на 4-5-м годзе жыцця. Нераст парцыённы, у траўні—ліпені пры тэмпературы вады не ніжэй 17-18 °С. Нерастуе на мелкаводдзі ў зарасніках падводных раслін, у 3-4 прыёмы з перапынкамі ў 10 дзён. Пладавітасць 137-300 тыс. ікрынак. Ікра светла-жоўтага колеру, прыляпляецца на расліннасць. Інкубацыйны перыяд доўжыцца каля 6 сут. Лічынкі спачатку маюць даўжыню 6 мм, падвешваюцца да раслін, а пасля 2 сутак пераходзяць у пелагіяль і пачынаюць харчавацца зоапланктонам.

Жыве да 10-12 гадоў.

Промысел

правіць
 
Смажаныя карасі.

Аб'ект аматарскага лову. На Беларусі шмат карася залатога ловяць у Нарачанскіх, Палескіх, Браслаўскіх азёрах, у рэках басейна Дняпра, Заходняй Дзвіны, Нёмана.

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць
  • Карасі // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Т. 2. — Мн.: БелСЭ. 1979.