Адкрыць галоўнае меню

Карл Аляксандр Карлавіч Лупіновіч (14 ліпеня 1891, Докшыцы Мінскай губерні — 1937?) — каталіцкі святар, удзельнік беларускага хрысціянскага руху.

Карл Лупіновіч

Адукацыя:
Нараджэнне: 14 ліпеня 1891(1891-07-14)
Смерць: мерк. 1937

БіяграфіяПравіць

Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. У 1914 г. скончыў Мітрапалітальную духоўную семінарыю ў Пецярбургу. 3 1914 па 1917 г. вучыўся ў Петраградскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. 3 восені 1914 г. быў членам беларускага гуртка студэнтаў акадэміі. У 1915 годзе прыняў сакрамант пасвячэння (паводле іншых звестак, у 1913).

Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя ў Мінску. Прымаў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця. Выступаў перад вернікамі з беларускімі казаннямі. У 1919 г. выконваў абавязкі пробашча магілёўскага касцёла Св. Казіміра.

10 кастрычніка 1919 г. біскуп Ян Цепляк выдаў кс. Лупіновічу прадпісанне здаць справы магілёўскаму дэкану і накіравацца ў Гомель, дзе ён павінен быў заняць пасаду гомельскага пробашча і дэкана. Але выезд кс. Лупіновіча ў Гомель зацягнуўся. 10 студзеня 1920 г. біскуп Цепляк прызначыў кс. Лупіновіча ўжо не пробашчам, а вікарыем у гомельскі касцёл, выпісаўшы на яго імя пасведчанне. Пасля нядоўгага побыту ў Гомелі ў маі 1920 г. кс. Лупіновіч выехаў у Жлобін як капелан жлобінскай капліцы антушаўскай парафіі. У ліпені 1921 г. ён быў прызначаны вікарыем маскоўскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У 1922—1923 гг. — адміністратар рэчыцкай парафіі Мазырска-Рэчыцкага дэканата. 3 1924 г. працаваў пробашчам касцёла святых Пятра і Паўла ў Маскве, абслугоўваў таксама капліцу ў Разані. 3 1926 — генеральны вікарый Маскоўскага дэканата.

20 лютага 1929 г. арыштаваны ў Маскве па падазрэнні ў шпіянажы і ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі. Неўзабаве быў вызвалены, даўшы падпіску аб супрацоўніцтве з органамі ДПУ, пра якую паведаміў біскупу Пію Невё. 18 лютага (паводле іншых звестак, у ноч на 16 лютага) 1931 г. быў зноў арыштаваны. 18 лістапада 1931 г. пастановай калегіі АДПУ прыгавораны на падставе арт. 58-6,10 і 11 КК РСФСР да трох гадоў высылкі ў Казахстан. У снежні 1933 годзе арыштаваны ў высылцы і этапаваны ў Мінск для прыцягнення да следства «за шпіянаж». 29 сакавіка 1934 г. пастановай «тройкі» калегіі АДПУ па БССР прыгавораны да трох гадоў высылкі ў Казахстан. У чэрвені 1936 г. быў зноў арыштаваны і 9 студзеня 1937 г. пастановай спецкалегіі Казахскага аддзялення Вярхоўнага суда РСФСР прыгавораны да 10 гадоў ППЛ. 11 снежня 1937 г. па пастанове камісіі НКУС прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
  • Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Мн., 2011. ISBN 978-985-6825-62-0
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Туронак Ю. Падрэзаныя крылы // Наша Вера. — 2003. №2 (24).
  • Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.