Касцёл Святой Марыі Магдалены і кляштар кармелітаў (Мінск)

(Пасля перасылкі з Кармеліцкі кляштар, Мінск)

Касцёл Святой Марыі Магдалены і кляштар кармелітаў — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў на працягу XVIII ст. Знаходзіўся ў Ракаўскім прадмесці на Новафранцысканскай (Ракаўскай) вуліцы.

Славутасць
Касцёл Святой Марыі Магдалены і кляштар кармелітаў
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Ордэнская прыналежнасць ордэн кармелітаў
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Дата заснавання XVIII стагоддзе

Мураваны касцёл з'яўляўся помнікам архітэктуры барока (паводле адной з версій, на яго месцы цяпер стаіць праваслаўнае Епархіяльнае ўпраўленне[1]), да нашых дзён захавалася адна з кляштарных пабудоў (вуліца Ракаўская, 14).[2]

Гісторыя правіць

Кляштар кармелітаў заснаваў у 1703 годзе стольнік і падстароста менскі Тэадор Антоній Ваньковіч (паводле іншых звестак у 1677 або каля 1733 года Цеханавецкія[3]), які ахвяраваў ордэну пляц на вуліцы Юраўскай (Ракаўскай) і запісаў 9 тыс. злотых на маёнтку Глушынцы (ці Іслач). У 1735 годзе Я. Турчыновіч-Сушыцкі ахвяраваў рэзідэнцыі некалькі пляцовак з будынкамі. У 1738 годзе віленскі біскуп Міхал Зянковіч заснаваў пры кляштары брацтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі Шкаплернай.[4]

У 1750 годзе староства шатроўскі Т. Ваньковіч падараваў манахам 2 плошчы на вуліцы Юраўскай і фальварак Доўгая Ніва (ці Кальварыя) з цагельнямі, які меў 10 моргаў ворнай зямлі і комплекс жылых і гаспадарачых пабудоў. Побач з фальваркам знаходзіліся кляштарныя могілкі з 36 капліцамі, якія ў 1795 годзе пераўтварыліся ў гарадскія парафіяльныя. У 1754 годзе ксёндз Т. Стацэвіч ахвяраваў 4 тыс. злотых на будаўніцтва Кальварыйскага касцёла, пры якім з 1755 года распачало дзейнасць брацтва Панскай Мукі.[4] Апроч таго, кляштару належалі некалькі пляцаў у горадзе з камяніцамі і крамы на рынку.

У 1763 годзе староста менскі Міхаіл Валадковіч вымураваў у стылі барока касцёл Святой Марыі Магдалены і кляштар.

Станам на 1796 год у рэзідэнцыі было 5 манахаў, аднак праз два гады біскуп Якуб Дадэрка скасаваў кляштар і перавёў сюды францысканцаў. Па задушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады канфіскавалі будынкі і высялілі з іх манахаў. Будынак касцёла выкарыстоўваўся пад склад, а ў 2-я пал. XIX ст. яго зруйнавалі.

Беларускі падарожнік і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля ў сяр. XIX ст. пісаў[1]:

  Там быў пабудаваны прыгожы касцёл, які хоць і стаіць цяпер парожні, аднак годна ўзносіць над старым горадам свае чорна-цагляныя вежы  

Архітэктура правіць

Мураваны 3-нефны касцёл паводле памераў не саступаў касцёлу бернардзінак (цяперашні праваслаўны кафедральны сабор Св. Духа).[1] Цэнтральны неф пераходзіў у невялікі прэзбітэрый з паўкруглай алтарнай апсідай. Галоўны бязвежавы фасад выходзіў на вуліцу Ракаўскую.[4]

Інтэр'ер касцёла перакрывалі крыжовыя скляпенні, яго ўпрыгожвалі 6 разных драўляных і мураваных алтароў. Галоўны мураваны шмат'ярусны алтар меў пышны ляпны дэкор, аптычныя роспісы і фігурку ўкрыжаванага Хрыста. У ім знаходзіліся абразы Найсв. Дзевы Марыі, Св. Яна і Марыі Магдалены. 4 бакавыя маляўнічыя аптычныя алтары мелі абразы Найсв. Дзевы Марыі, Свв. Юзафа, Тэклі, прарока Ільі. Пад касцёлам размяшчалася невялікая мураваная крыпта.[5]

Побач з касцёлам знаходзіўся Г-падобны ў плане 1-павярховы кляштарны корпус, а таксама 2-павярховая мураваная камяніца і комплекс драўляных гаспадарчых пабудоў.[6]

Цікавыя факты правіць

  • Мінскія манахі-кармеліты ў сяр. ХVIII ст. збудавалі Касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі (пачаткова драўляным касцёл замянілі на мураваны ў 1839 годзе). Яны жа стварылі са звычайных могілак, вядомых у гэтым менскім прадмесці з ХVII ст., сапраўдную Кальварыю «з 36 капліцамі адной формы і вышыні».[7]

Зноскі

  1. а б в Епархіяльнае ўпраўленне // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 38
  2. Руслан Гарбачоў. 10 найстарэйшых будынкаў Мінска паводле Уладзіміра Дзянісава // Салідарнасць, 17 красавіка 2009
  3. Кляштар кармелітаў // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 188
  4. а б в ЭнцВКЛ 2005, с. 294.
  5. ЭнцВКЛ 2005.
  6. ЭнцВКЛ 2005, с. 295.
  7. Сяргей Харэўскі. Колькі шчыгулаў да разумення сучаснага Мінска Архівавана 9 жніўня 2011. // «Беларускі калегіум», лекцыі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць