Карона Карла Вялікага

Імперская карона ці Карона Карла Вялікага (ням.: Reichskrone) — карона каралёў і імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі, якой каранаваліся амаль усе нямецкія манархі ранняга Сярэднявечча, пачынаючы з Конрада II. Карона была выраблена хутчэй за ўсё ў канцы X стагоддзя. Упершыню пра яе згадваецца ў XII стагоддзі.

Імперская карона
Імперская карона. Выгляд збоку
3D-выява Імперскай кароны

Разам з імперскім крыжам (ням.: Reichskreuz), імперскім мячом (ням.: Reichsschwert) і Святой дзідай (ням.: Heilige Lanze) карона была найважнейшай часткай імперскіх рэгалій (ням.: Reichskleinodien). Падчас каранацыі карона надавалася новаму манарху разам з скіпэтрам (ням.: Zepter) і дзяржавай (ням.: Reichsapfel). Імператарскія рэгаліі Свяшчэннай Рымскай імперыі, асабліва карона Карла Вялікага, з 1424 па 1796 год захоўваліся ў Нюрнбергу, гістарычнай сталіцы Франкскай дзяржавы, і маглі былі быць вывезены да месца каранацыі новага імператара, пасля чаго вярталіся да месца пастаяннага захоўвання. У 1796 годзе падчас Напалеонаўскіх войнаў Нюрнберг быў заняты французскімі войскамі, але карону паспелі перадаць на захоўванне ў Рэгенсбург, а ў 1800 годзе ў Вену. У цяперашні час карона і імператарскія рэгаліі выстаўлены ў скарбніцы палаца Гофбург у Вене (Аўстрыя), так як апошні імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Франц II адмовіўся вярнуць яе, нягледзячы на ​​пісьмовыя абяцанні. У 1938 годзе яе вярнулі ў Нюрнберг, у 1946 годзе — у Вену. З-за неўрэгуляванага прававога статусу аўстрыйскі ўрад адмаўляецца выстаўляць яе за граніцай.

Гісторыя правіць

Карона была выраблена для імператара Атона I Вялікага або яго сына Атона II у другой палове X стагоддзя, магчыма, у майстэрнях бенедыкцінскага абацтва ў Рэйхенаў або ў Мілане.

Апісанне правіць

 
Партрэт Карла Вялікага ў кароне, з дзяржавай і мячом у руках. А. Дзюрэр. Германскі нацыянальны музей. Нюрнберг

Карона Карла Вялікага адрозніваецца ад іншых вядомых карон і мае арыгінальную васьмігранную форму. Замест круглага вянка аснова выканана ў форме васьмігранніка. Карона выканана з васьмі закругленых уверсе пласцін. Пласціны залатымі заклёпкамі прымацаваны да дзвюх металічных стужак унутры кароны, і замыкаючы яе, даюць васьмівугольную форму. Калі і дзе былі выраблены металічныя стужкі і сабрана карона — невядома.

Пласціны кароны зроблены з якаснага золата, і ўпрыгожаны 144 каштоўнымі камянямі і жэмчугам. Жэмчуг і камяні змешчаны ў аправы без задняй сценкі, ствараючы эфект ззяння камянёў знутры.

Чатыры пласціны меншага памеру ўпрыгожаны выявамі з эпізодамі з Бібліі, у тэхніцы візантыйскай перагародкавай эмалі. Гэтыя чатыры пласціны, названыя Bildplatten, паказваюць тры эпізоды з Старога Запавету і адзін з Новага Запавету. Тры старазапаветныя адлюстроўваюць цароў Давіда, Саламона і Езекію з прарокам Ісаем. Новазапаветная пласціна паказвае Ісуса з двума серафімамі. Іншыя чатыры пласціны, названыя каменнымі пласцінамі (Steinplatten), маюць большыя памеры і ўпрыгожаны выключна каштоўнымі камянямі і жэмчугам.

Дванаццаць каштоўных камянёў на налобнай пласціне сімвалізуюць 12 апосталаў Новага Запавету. Дванаццаць камянёў на патылічнай — 12 каленаў Ізраілевых Старога Запавету. Атаніянскія каралі лічылі сябе пераемнікамі апосталаў і першасвятароў.

Вянчае карону высокая дуга з жамчужным швівам з імем Конрада II. У месцы злучэння дугі і налобнай пласціны ўмацаваны крыж, які датуецца гадамі кіравання Генрыха II (1002—1024). Яго пярэдні бок выкладзена каштоўнымі камянямі і жэмчугам і сімвалізуе перамогу. На гладкім унутраным боку выгравіравана фігура укрыжаванага Збавіцеля.

Такім чынам імператарская карона мае хрысталагічнае значэнне: імператар кіруе ад імя Ісуса Хрыста, ад якога атрымлівае моц і якому дае справаздачу аб сваіх дзеяннях. «[PER] ME REGES REGNANT» (Маім імем кіруюць цары) — напісана на латыні на бакавой эмалевай устаўцы з выявай Хрыста ў Славе.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Hermann Fillitz: Die Insignien und Kleinodien des Heiligen Römischen Reiches. Wien und München 1954 (ням.)
  • Gesellschaft für staufische Geschichte (Hg.): Die Reichskleinodien, Herrschaftszeichen des Heiligen Römischen Reiches. Göppingen 1997 ISBN 3-929776-08-1 (ням.)

Спасылкі правіць