Карст (ням.: Karst) — з'явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах.[1] Вынікам з'яўляецца фарміраванне спецыфічнага (паверхневага і падземнага) рэльефу. Тэрмін паходзіць ад назвы вапняковага плато Карст або Крас у Славеніі і Трыесце.

Плато Крас каля. в. Шкоцян

Утварэнне правіць

Карставанню лёгка паддаюцца такія пароды як соль, гіпс, вапнякі, даламіты, мел, мергель. Яму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей.

У выніку карстовых працэсаў утвараюцца спецыфічныя формы рэльефу. Карст характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінеральнымі нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць карст задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны.

На карставыя з'явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія.

Умовы развіцця карсту правіць

 
Гідрагеалагічная схема карставання.

Для развіцця карсту неабходны наступныя ўмовы:
1. Наяўнасць парод, якія паддаюцца карставанню;
2. Дастатковую колькасць ападкаў (у вадкім стане) або падземных вод;
3. Магчымасць інфільтрацыі паверхневых вод у пароды, якія могуць карставацца. Калі растваральныя пароды пакрываюцца водатрывалым пластом (напрыклад глінамі або лёсападобнымі суглінкамі), то паверхневыя воды не могуць пранікнуць скрозь іх у ніжэйлеглыя пласты;
4. Трэшчынаватасць парод, якія могуць карставацца - парода, якая ляжыць суцэльным пластом не будзе размывацца, а стане водатрывалым ложам для гарызонту падземных вод.

Карставыя воды правіць

Карставыя воды знаходзяцца ў трэшчынах, порах, каналах і іншых карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад іншых падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне іх адбываецца ў выніху інфільтрацыі атмасферных вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі карставых вод вылучаюць тры зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой.[2]

Карставыя воды ўтвараюць крыніцы з вялікім, але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невялікіх памераў.

Распаўсюджанне правіць

Карст развіты ў Заходняй Еўропе (Славенія, Італія і інш.), Кітаі, ЗША, Цэнтральнай Амерыцы, Крыме. У межах мацерыкоў аголеныя і схаваныя карбанатныя пароды займаюць да 40 км2, гіпс і ангідрыты - каля. 7, кам. соль да 4 млн. км2.

Гаспадарчае значэнне правіць

Карст ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб'екты турызму.

Зноскі

  1. Геаграфія ў тэрмінах...
  2. Бучурын (1999)

Літаратура правіць

  • Бучурын В. Карставыя воды // БЭ ў 18 т. Т. 8. Мн., 1999.
  • Геаграфія ў тэрмінах і паняццях: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0262-8.
  • Мала гірнича енциклопедія. В 3-х т. / За ред. В. С. Білецького. — Донецьк: «Донбас», 2004. — ISBN 966-7804-14-3.

Спасылкі правіць