Ордэн картэзіянцаў (ці картузіянцаў) — кантэмпляцыйны манаскі ордэн, заснаваны ў канцы XI стагоддзя, які атрымаў назву ад кляштара «Grande Chartreuse» (лац.: Cartusia).

Герб
Поўная назва Ордэн Картэзіянцаў
Лацінская назва Ordo Cartusiensis
Скарачэнне Cart.
Царква Каталіцкая Царква
Дэвіз Stat crux dum volvitur orbis
Заснавальнік Бруна Кёльнскі
Дата заснавання 15 жніўня, 1084
Колькасць удзельнікаў 380 (2020)
Афіцыйны сайт
Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў на малюнку Н. Орды

Гісторыя правіць

На чале заснавальнікаў ордэна стаяў святы Бруна Кёльнскі, які разам з шасцю аднадумцамі ў 1084 годзе ў мястэчку Шартроз, непадалёку ад Грэнобля, заснаваў першы картэзіянскі кляштар. Першапачаткова ордэн атрымаў распаўсюджанне толькі ў Францыі, але да другой паловы XII стагоддзя такія кляштары меліся ўжо ў шматлікіх краінах Еўропы: у Швейцарыі (1146), Швецыі (1162), Іспаніі (1163), Італіі (1171), Англіі (1178), Ірландыі (1252), Германіі (1320), Польшчы (1360) і інш.

У перыяд найвышэйшага росквіту (канец XV — пачатак XVI стст.) ордэн налічваў 196 кляштараў.

Ва Усходняй Еўропе найбольш вядомым быў кляштар, заснаваны ў 1648 годзе ў мястэчку Бяроза (цяпер Беларусь). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай кляштар апынуўся на тэрыторыі Расійскай Імперыі і быў зачынены ў 1831 г. Манахі гэтага манастыра пераехалі ў іншыя кляштары картэзіянцаў, а апошні настаяцель-прыёр айцец Павел Геніуш перайшоў у ордэн бенедыктынцаў. З часам ён стаў там настаяцелем і памёр на тэрыторыі сучаснай Польшчы, маючы рэпутацыю мудрага і святога манаха.

У XVI стагоддзі картэзіянцы падзялілі лёс усіх манаскіх супольнасцей той эпохі. З пачаткам Рэфармацыі і рэлігійных войнаў ордэн страціў 94 кляштары, а ў Англіі і Германіі больш за 50 манахаў загінулі пакутніцкай смерцю. Тым не менш, у XVII ст. картэзіянцы змаглі аднавіць свае пазіцыі і да 1676 г. налічвалі 173 кляштары па ўсім свеце. Моцны ўдар па ордэну нанесла Французская рэвалюцыя, падчас якой быў закатаваны 51 картэзіянец. У канцы XX — пачатку XXI стагоддзя, з прыходам ліберальных улад, пачаўся масавы пераслед картэзіянцаў у Еўропе[крыніца?]. Вынікам такой палітыкі стала зачыненне мноства кляштараў у Францыі, Італіі, Германіі і інш. Да цяперашняга часу 7 манахаў-картэзіянцаў кананізаваныя і 22 беатыфікаваныя. Беатыфікацыйныя працэсы, згодна з традыцыяй Ордэна, пасля першых стагоддзяў існавання больш не праводзяцца.

За амаль тысячагадовую гісторыю картэзіянцы не раз падвяргаліся масаваму пераследу, разбурэнню кляштараў, і мноства манахаў атрымалі пакутніцкі вянок. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ордэн выстаяў і змог захаваць непахіснасць векавых традыцый духоўнага жыцця.

Жаночая галіна правіць

Картэзіянкі з'явіліся ў якасці жаночай галіны Ордэна ў XII стагоддзі ў Францыі. Ведучы кантэмпляцыйнае малітоўнае жыццё, жанчыны арганічна ўліліся ў стройную структуру Ордэна. Статут жаночай галіны не мае ніякіх паслабленняў у тым, што датычыцца аскетычных практык, колькасці малітваў, дакладнага захавання святой цішыні (лац.: silentium sacrum), і ў прадпісаннях адносна выхаду па-за межы келлі і кляштара. Малітва, інтэлектуальная і фізічная праца, а таксама ўмераны адпачынак спрыяюць інтэгральнаму развіццю кожнай асобы ў ордэне.

Цяперашні час правіць

На сённяшні дзень Картэзіянскі ордэн налічвае па ўсім свеце каля 400 манахаў і манашак, якія жывуць у 23 кляштарах у Францыі, Іспаніі, Італіі, Англіі, Аргенціне, Бразіліі, Германіі, Партугаліі, Славеніі, ЗША, Швейцарыі і Паўднёвай Карэі. Пакуль што няма ніводнага мужчынскага ці жаночага кляштараў на тэрыторыях славянскіх краінаў, які б актыўна дзейнічаў, хоць ордэн і мае прадстаўнікоў гэтай этна-моўнай супольнасці. Апроч унутранага жыцця ў кляштары, манахі таксама займаюцца напісаннем духоўнай літаратуры, якая карыстаецца вялікім попытам.

Духоўнасць правіць

Асновай духоўнасці картэзіянцаў з'яўляецца поўны зыход ад свету, кантэмпляцыйнае і адасобленае жыццё, напоўненае фізічнай і інтэлектуальнай працай, сталай малітвай. Картэзіянскі ордэн быў заснаваны дзеля праслаўлення Бога, шукання Яго і ўз'яднання з Ім. Нягледзячы на тое, што гэта агульная мэта жыцця ўсіх хрысціян, асаблівасць ордэна ў тым, што ў яго членаў няма іншых мэтаў. Увесь іх жыццёвы ўклад падпарадкаваны гэтай адзінай мэце, каб яны маглі «старанна шукаць, хутка знайсці і здабыць Пана Бога», дайшоўшы менавіта такім чынам «да дасканалай любові» (паводле статутаў). Таму картэзіянец выракаецца ўсяго, што не вядзе яго да гэтай адзінай, галоўнай мэты.

Манахі не карыстаюцца нейкімі своеасаблівымі малітоўнымі практыкамі, памятаючы аб тым, што адзіным шляхам да Айца з'яўляецца Яго Сын. Сузіральнае жыццё не цікавіцца дзейнасцю самога чалавека, яно скіраванае на тое, якое дзеянне вырабляе ў гэтым чалавеку Пан Бог.

Ордэн мае сваё асаблівае пакліканне: манахі, якія прысвяцілі сябе Богу, жыццём і малітвай заступаюцца за ўсіх людзей, а іх адзінота (solitudo) і самаахвяраванне з'яўляюцца яркім сведчаннем веры для ўсяго астатняга свету.

Разам з гэтым, картэзіянцы выконваюць місію, даручаную ім Касцёлам: падобна да крывяносных вен, ордэн распаўсюджвае жыццёвую моц па ўсім Містычным Целе Хрыста. «Адасобленыя ад усіх, але трываючыя ў сувязі з ўсімі, мы стаім ад імя свету перад Жывым Богам» (паводле статутаў).

Адрозненні ад іншых манаскіх супольнасцей правіць

Істотнымі адрозненнямі ордэна картэзіянцаў ад астатніх кантэмпляцыйных супольнасцей (цыстэрцыянцы, бенедыктынцы, камедулы і інш.) з'яўляюцца:

  • самотнасць (лац.: solitudo);
  • раўнавага паміж пустэльніцкім і супольным жыццём;
  • картэзіянская літургія.

Супольнасць картэзіянцаў складаецца з манахаў-святароў і тых, хто рыхтуецца імі стаць, а таксама манахаў-братоў. Ёсць таксама і тыя браты-манахі, якія не прыносяць урачыстых абяцанняў (professio solemnis) і прабываюць у манастыры нейкі час або ўсё жыццё. Усе яны жывуць у строгай адзіноце і маўчанні, не пакідаючы келлі ў гадзіны, не вызначаныя ў статуце, акрамя як тройчы ў дзень на літургію і часцей ў нядзелю.

У сваіх келлях манахі-айцы праводзяць час у малітве, чытанні, вучобе і працы. Кожны айцец, нароўні са штодзённай канвентуальнай імшой, таксама перажывае еўхарыстыю ў сваёй адасобленай капліцы. Айцы жывуць у сваіх злучаных крытай галерэяй асобных келлях. Адданасць ім мае вельмі вялікае значэнне ў жыцці картэзіянца: «Гэта святое месца, дзе слуга Божы часта размаўляе з сваім Панам, дзе душа злучаецца з Словам Божым, дзе нявеста знаходзіцца ў прысутнасці Жаніха, дзе аб'ядноўваецца нябеснае з зямным і Боскае з чалавечым» (паводле статутаў).

Браты таксама займаюцца забеспячэннем унутранага жыцця кляштара (кухня, агарод, рамонт і інш.) і маюць больш вольнага руху, чым манахі-айцы. Такім чынам, кожны навіцый можа абраць той лад служэння, які яму бліжэйшы. Браты прысвячаюць больш часу фізічнай працы, чым айцы, аднак не больш за сем гадзін у дзень: «Варта ім клапаціцца аб тым, каб старанна захоўваць у сваім сэрцы памяць аб Богу, як у адзіноце келлі, так і ў сваёй працы» (паводле статутаў).

Картэзіянская літургія правіць

На пачатку існавання ордэна святы Бруна і яго браты адаптавалі літургію да сваёй пустэльніцкай формы жыцця. У параўнанні з рымскім, картэзіянскі рытуал мае прасцейшую і больш строгую структуру: працяглая адарацыя, маўчанне, медытацыя і кантэмпляцыя. На працягу стагоддзяў ён апынуўся пад ўплывам галіканскай літургіі. Пры служэнні святой імшы перавага аддаецца лацінскай мове, а непасрэдна сам абрад бярэ свае карані ў высокім сярэднявеччы і застаецца нязменным дагэтуль, толькі часткова ўвабраўшы ў сябе элементы II Ватыканскага сабора.

Асноўныя характарыстыкі літургіі ордэна:

  • адсутнасць канцэлебрацыі еўхарыстыі (за рэдкім выключэннем);
  • адсутнасць музычных прылад;
  • шмат часу надаецца маўчанню (silentium);
  • выкарыстанне грыгарыянскага харалу.

Лад жыцця манахаў правіць

 
Картэзіянская келля

На світанку цэлебруецца канвентуальная імша з удзелам усіх манахаў кляштара, што з'яўляецца выразам іх унутранага адзінства. Акрамя яе, кожны айцец у сваёй асабістай капліцы штодня мае прыватную еўхарыстыю. Яго сустрэча з Хрыстом працякае ў поўнай цішыні і адзіноце, даючы святару выдатную магчымасць пагрузіцца ў містэрыю адкуплення чалавека.

У канцы дня картэзіянцы зноў сустракаюцца ў касцёле для сумесных Нешпараў (Ad Vesperas). Іншыя часткі літургіі гадзін (Ad Primam, Tertiam, Sextam, Nonam) праводзяцца кожным манахам у сваёй келлі, акрамя святочных дзён, калі Афіцый спяваецца ў касцёле.

Валодаючы вялікай пашанай да Багародзіцы, манахі далучылі да штодзённай літургіі гадзін паралельны Афіцый да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Нястомная малітва картэзіянцаў не спыняецца нават уначы. Пасля кароткага сну манахі ўстаюць, каб пачаць малітву ў сваіх келлях, а затым ідуць у касцёл на сумесныя малітвы (Matutinum et Laudes), якія працягваюцца каля трох гадзін. У гэты час спяваюцца псалмы, чытаецца Святое Пісанне і фрагменты тэкстаў Айцоў Касцёла. Начныя чуванні завяршаюцца малітвай у сваіх келлях, пасля чаго манахі ідуць на адпачынак.

Картэзіянскі шпацыр правіць

Раз на тыдзень манахі-пустэльнікі маюць шпацыр па-за межамі кляштара. Яны ідуць парамі. Гэта рэдкі момант, калі картэзіянцы могуць пагутарыць. Пары складаюцца такім чынам, каб з часам усе манахі паразмаўлялі адзін з адным. У братоў такі шпацыр бывае раз у месяц, але ён не абавязковы. Акрамя яго і нейкіх надзвычайных выпадкаў, накшталт візіту да лекара, манахі ніколі не пакідаюць кляштар. Родныя могуць прыязджаць да іх адзін раз у год на два-тры дні, або два разы на год па адным дні.

У выніку адасобленасці ад свету ордэн ніколі за сваю гісторыю не быў рэфармаваны. Картэзіянцы кажуць, што ордэн ніколі не рэфармаваўся, бо ніколі не псаваўся (лац.: Cartusia numquam reformata, quia numquam deformata). Дэвізам ордэна з'яўляецца выраз «Крыж стаіць, пакуль круціцца Зямля» (лац.: Stat crux dum volvitur orbis).

Спасылкі правіць