Карыбут Альгердавіч

Карыбу́т Альгердавіч, у хрышчэнні Дзмітрый (каля 1350 — пасля 1404) — князь з дынастыі Гедзімінавічаў.

Карыбут Альгердавіч
Нараджэнне 1350
Смерць 1404
Род Гедзімінавічы і House of Korybut[d]
Бацька Альгерд
Маці Ульяна Аляксандраўна
Жонка Анастасія Алегаўна[d]
Дзеці Фёдар Карыбутавіч, Жыгімонт Карыбутавіч, Алена Карыбутаўна[d] і Марыя Карыбутаўна[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Пячатка Карыбута, прывешаная да дакумента ад 23 кастрычніка 1386 года.

Імя правіць

Імя Карыбут — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў, што дайшлі з індаеўрапейскай старажытнасці[1].

Першая аснова імені — Kar-, ад літ. karas «вайна»[2] (яе таксама бачым у імёнах Карыят, Карыгайла і інш.). Аснова бытавала і ў прусаў (імя Karioth), так жа сама вытлумачвалася (пруск. *karias «войска»)[3]. Далей ідзе напрамую да індаеўрапейскага *koro-s «вайна»[4].

Аснова But- у літоўскім іменніку ўтварае больш за сто антрапонімаў[5], яна таксама была адна з самых прадуктыўных у старапрускім іменніку[6]. Яе звязваюць з літ. būti, пруск. būton «быць; жыць», літ. butas, пруск. buttan «дом»[7], далей з індаеўрапейскім *bhŏu-, *bhū- «быць, жыць»[8].

Укладзеныя ў імя, гэтыя дзве асновы адлюстроўвалі каштоўнасці раннелітоўскага княска-ваярскага асяроддзя: «вайна» і «дом» як сям’я, найменшая сацыяльная адзінка (затым ішлі Vaiš- вёска і Taut- народ-племя)[9].

Праз аснову Kar- імя Карыбута перагукалася з іменем іншага Альгердавага сына Карыгайлы. У сваю чаргу імя Карыгайлы праз аснову Gail- перагукалася з імёнамі яго братоў Ягайлы, Скіргайлы, Швітрыгайлы (Свідрыгайлы). Гэта можа сведчыць, што ў вялікакняскай сям’і пры імянаданні свядома практыкавалі вар’іраванне асноў для падтрымання цэльнасці і стабільнасці роду[10].

Біяграфія правіць

Трэці сын вялікага князя літоўскага Альгерда і яго другой жонкі, цвярской княжны Ульяны Аляксандраўны.

Упершыню згадваецца пад 1382 годам, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і іншымі падпісаў дагавор з крыжакамі на Дубісе. У 1386 годзе ў Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу, пры гэтым назваў сябе гаспадаром і спадкаемцам Новагародка. Ахвяраваў Лаўрышаўскаму манастыру вёску і возера Морына, у прыпісцы на 1-м аркушы Лаўрышаўскага евангелля названы вялікім князем. У 1390 годзе дапамог Ягайлу пры аблозе Гродна, за гэта атрымаў у дзяржанне Ліду. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вялікаму князю літоўскаму, у 1392 годзе разбіты яго войскам каля Дакудава (Лідскі павет), зачыніўся ў Новагародку, пасля штурму горада ўзяты ў палон з жонкай і дзецьмі. Адпушчаны дзякуючы заступніцтву цесця, разанскага князя Алега Іванавіча, але страціў Новагародскае княства. Неўзабаве памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз згадваецца пад 1404 годам як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з Настассяй, дачкой разанскага князя Алега Іванавіча, у гэтым шлюбе нарадзіліся сыны Іван, Жыгімонт, Фёдар і дочкі Настасся, Алена і Марыя.

У гістарыяграфіі часта блытаюць Карыбута і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча. Некаторыя даследчыкі лічаць Карыбута князем Ноўгарада-Северскага (сучасная Украіна).

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  2. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 100—101.
  3. В. Н. Топоров. Прусский язык. I-K. М., 1980. С. 216.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 615.
  5. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 80-81.
  6. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 134.
  7. В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. М., 1975. С. 270.
  8. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 146.
  9. С. Валянтас. Двусоставные антропонимы — реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 206, 217—218.
  10. Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. М., 2006. С. 40.

Літаратура правіць

  • Барэйша Юрый. Княжанне Дзмітрыя-Карыбута ў Новагарадку (1382—1393 гг.) па сведчаннях прасапаграфіі і нумізматыкі. — Мінск: УП «Энцыклапедыкс», 2021. — 640 с., іл.