Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Вішнева)

Касцёл Адведзін[1] Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік дойлідства ранняга барока з элементамі рэнесансу. Знаходзіцца на заходняй ускраіне в. Вішнева (Валожынскі раён), на высокім пагорку левага берага р. Альшанкі.

Каталіцкі храм
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі
54°08′32″ пн. ш. 26°12′36″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска
Канфесія каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d] і рэнесансная архітэктура
Заснавальнік Юрый Храптовіч
Будаўніцтва 16371641 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000082шыфр 612Г000082
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Касцёл у Вішневе, Фердынанд Рушчыц

Мураваны храм пабудаваны ў 1637—1641 гадах па фундацыі ваяводы навагрудскага Юрыя Літавора Храптовіча (пахаваны ў крыпце правай капліцы) на месцы драўлянага храма, заснаванага ў 1424 годзе вялікім князем Вітаўтам. Асвячоны ў 1675 годзе біскупам М. Слупскім у гонар Адведзін (сустрэчы Марыі і Альжбеты). У свецкай літаратуры касцёлу часта памылкова прыпісваюць тытул Дабравешчання, што, імаверна, звязана з абагульненнем гэтых дзвюх падзей, датычных цяжарнасці Марыі. Сучасная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёла склалася ў выніку некалькіх будаўнічых этапаў.

У 1771 годзе пасля пажару ён быў адноўлены ў стылі ракако на сродкі Іахіма Літавора Храптовіча: да перадалтарнай травеі прыбудаваны квадратныя ў плане капліцы (адна з іх перакрыта купалам).

 
Фотаздымак пачатку XX ст., касцёл яшчэ не мае вежаў

У 1906 годзе да раней бязвежавага галоўнага фасада прыбудаваны вузкі двухвежавы нартэкс у псеўдабарочным стылі. З 1953 года набажэнства ў касцёле вядзецца на беларускай мове[2].

Архітэктура

правіць

Аднанефавы дзвюхвежавы мураваны храм з больш нізкай паўкруглай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі. Накрыты двухсхільным дахам з франтонам на галоўным фасадзе. У 1771 годзе дабудаваны бакавыя квадратныя ў плане капліцы, што надало храму форму каталіцкага крыжа. Сілуэт галоўнага фасада фарміруюць трохярусныя чатырохгранныя вежы з нізкімі купалкамі і фігурны шчыт паміж імі. Вежы завершаныя плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Бакавыя сцены рытмічна расчлянёныя вузкімі высока ўзнятымі арачнымі вокнамі і ўмацаваныя контрфорсамі ў прасценках.

Скульптурнасць архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняецца складаным спалучэннем асобных над аб’ёмамі адна- і двухсхільнага дахаў вальмавага і конуснага пакрыцця, яруснае нарастанне якіх завершана невялікай сігнатуркай над алтарнай часткай. Мягкую пластыку плоскасным фасадам надаюць тонкапрафіляваныя, хвалістыя над уваходам карнізы, лапаткі і невялікія контрфорсы, высокія арачныя і лучковыя аконныя праёмы.

Неф і сакрысціі перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках і люнетамі, паўночная капліца — сферычным купалам на ветразях, паўднёвая з драўлянай скульптурнай кампазіцыяй «Укрыжаванне» — плоскім плафонам, апсіда — зоркавай конхай з люнетамі 2 бакавых лучковых аконных праёмаў. Скляпенні аздоблены ляпным дэкорам XVII стагоддзя ў выглядзе павуціння нервюрных спляценняў рэнесанснага малюнка.

У нартэксе хоры на трохпралётнай аркадзе і двух кранштэйнах, дзе ўстаноўлены арган. Сцены нефа крапаваныя арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, упрыгожаныя паліхромнай арнаментальнай размалёўкай, скляпенні — геаметрычным ляпным арнаментам XVII стагоддзя.

Нартэкс адкрываецца ў неф шырокай эліптычнай аркай, фланкіраванай 2 нізкімі арачнымі ўваходнымі праёмамі. Апсіда вылучана жалезнай агароджай (мастацкая коўка). У 2 бакавых лучковых нішах нефа пастаўлены спавядальні.

Унутранае аздабленне

правіць
 
Галоўны драўляны алтар

Галоўны драўляны алтар выкананы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў барочна-ракайльных формах. Двух’ярусны, на фігурным пастаменце, дэкарыраваны лісцем аканту, накладнымі разнымі ракайлямі. Першы ярус вырашаны дзвюма парамі размешчаных уступам канеліраваных слупоў, што нясуць крывалінейны шматпрафіляваны і крапаваны антаблемент, у завяршэнні яго — гербавы картуш. Другі ярус — шчыт з загнутымі ў валюты гранямі і разной кампазіцыяй «Глорыя» ў цэнтры. Алтар дэкарыраваны драўлянымі скульптурамі евангелістаў, анёлаў, вазамі, С-падобнымі завіткамі. У аналагічнай стылявой трактоўцы выкананыя два бакавыя алтары з гіпсавымі скульптурамі Дзевы Марыі (злева) і Хрыста (справа). У тэхніцы фрэскі выкананы ілюзорны алтар паўночнай капліцы з сюжэтнай фрэскай-карцінай у цэнтры.

У тэхніцы вохрыстай грызайлі выканана арнаментальная размалёўка скляпенняў, падпружных арак і сцен (мастак Ф. Рушчыц).

У фігурных ракайльных абрамленнях сюжэтныя фрэскі на люнетах цыліндрычнага скляпення апсіды. У верхняй частцы сцен нефа таксама размешчаны 3 фрэскавыя карціны на сюжэты «Уваскрэсенне Лазара», «Пакаянне Марыі Магдаліны», «Прыход сына да бацькі». Чацвёртае насценнае прасла нясе квадратную мемарыяльную мармуровую пліту з фундушавым надпісам на лацінскай мове. Уздоўж сцен нефа і нартэкса размешчаны 14 стацый «Крыжовага шляху Хрыста» ў выглядзе разных дубовых пано (майстар-рэзчык з Польшчы У. Мастоўскі, 1992). Драўляныя амбон (навешаны на 1-м ад алтара левым насценным пілоне) і 2 лавы для духавенства (сталы) па баках прэсбітэрыя выкананы ў стылі маньерызму з накладной арнаментальнай і гербавай (Храптовічаў) разьбой. На хорах, што трымаюцца на 2 фігурных кранштэйнах і 3-пралётнай аркадзе і акаймаваны металічнай фігурнай агароджай, устаноўлены арган, які запаўняе высокую арку, і фісгармонія 1907 года.

Сярод твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва каваныя дзверы XVII стагоддзя.

Брама-званіца

правіць
 
Брама-званіца

З усходняга боку сярод бутавай агароджы размешчана пабудаваная ў другой палавіне XIX стагоддзя мураваная брама, вырашаная шырокім арачным праездам з 3-арачным ярусам-звонам. Завяршае браму-званіцу кампазіцыя з 3 франтончыкаў[2].

Зноскі

  1. Вішнева — парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі (Афіцыйны партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі).
  2. а б Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць