Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак (Мінск)

Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў з 1-й паловы XVII ст да 1850-х гадоў.

Каталіцкі храм
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак (здымак XIX ст.)
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак (здымак XIX ст.)
53°54′18,67″ пн. ш. 27°33′21,39″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Архітэктурны стыль класіцызм
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000080шыфр 712Г000080
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Комплекс складаўся з мураваных будынкаў касцёла і 2-павярховага кляштарнага жылога корпуса, 3-павярховага флігеля і драўляных гаспадарчых пабудоў. Усе кляштарныя збудаванні ў 1860-х гадах былі перададзены расійскімі ўладамі праваслаўнай царкве[1]. У храме размяшчаецца праваслаўны Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа.

Гісторыя Правіць

Першыя бернардзінкі з'явіліся ў Мінску ў 1630 годзе. Спачатку ў іх не было свайго касцёла і кляштара. Сярод першых менскіх бернардзінак лічылася Людвіна Завішанка — дачка віцебскага кашталяна Мікалая Завішы[2]. Першая фундацыя на кляштар бернардзінак была атрымана 20 верасня 1633 ад троцкага ваяводы Аляксандра Слушкі, дзякуючы намаганням якога ў тым жа годзе быў пабудаваны драўляны касцёл і жылы корпус[3]. Адначасова Слушка падараваў кляштару маёнтак Гатаў з чатырма вёскамі, столькімі ж карчмамі, дзвюма млынамі, гэты маёнтак налічваў больш за 109 валок ворнай зямлі[2].

У 1642 годзе па ініцыятыве таго ж Слушкі пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла і будынкаў кляштара[2]. Дабудаваць іх перашкодзілі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст., і толькі 31 жніўня 1687 г. новы касцёл быў кансекраваны біскупам Мікалаем Слупскім ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі[3].

У галоўным алтары святыні знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, якому нават была прысвечана спецыяльная кніга (гл. ніжэй).

15 красавіка 1697 года маскоўскі стольнік Пётр Талстой занатаваў у сваім дзённіку наступныя радкі, прысвечаныя касцёлу і кляштару бернардзінак:

Той самай даты быў і ў кляштары ў паннаў Бернардзінак…. Дзявіцы Бернардзінкі ходзяць у чорным, на голым целе замест кашуль носяць уласяніцы тоўстыя і падперазаныя вяроўкамі з вузламі, ступаюць заўсёды босымі нагамі ўзімку і ўлетку і на калодках, у касцёл уваходзяць таемнай лесвіцай уладкаванай у сцяне, і стаяць у хорах гледзячы ў касцёл малымі свідравінамі скрозь рашоткі, каб іх людзі не бачылі. Тыя Бернардзінкі пры мне гралі на арганах на хорах і спявалі надзвычай дзівосна. Вячэрні і ранішнія служаць самі без папа, толькі да іх прыходзіць ксёндз каб служыць імшу.

— Путешествие стольника П. А. Толстого [4]

Пасля пажару 1741 года комплекс кляштара бернардзінак аднавілі і рэканструявалі[2]. Гэтыя працы сконьчыліся ў 1746 годзе[3], а ў 1760-я гады ў касцёле быў пабудаваны новы манументальны мураваны алтар[2].

Кляштар пацярпеў ад вялікага пажару горада ў 1835 годзе, але хутка быў адноўлены[1]. Каля 1842 года ў менскім кляштары бернардзінак знаходзілася 20 законніц, навіцыятка, кандыдатка і дзве тэрцыяркі. У ім выхоўваліся таксама каля 20 дзяўчат, большасць з якіх страціла бацькоў[2].

У 1853 годзе кляштар бернардзінак быў скасаваны расійскімі ўладамі[1]. Законніцы былі вывезены ў Нясвіж[5]. Перад адыходам ім удалося перадаць некаторыя касцёльныя прадметы ў суседнія парафіі. Прыгожы арган трапіў у кальвінскі збор у Койданава, а што стала з абразом, невядома[6].

У 1860 годзе былы касцёл быў пераўтвораны ў праваслаўную царкву, якая была асвечана ў імя святых Кірыла і Мяфодзія. Гэтая царква прызначалпся дзеля студэнтаў Мінскай духоўнай семінарыі, якія часова, пасля пераезду са Слуцка, размяшчаліся ў келлях былога бернардзінскага кляштара. Потым семінарыя была пераведзена ў перабудаваныя будынкі шпіталя Таварыства Дабрачыннасці на Траецкай гары[5].

Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў у кляштары працавала дзяржаўная следчая камісія, некалькі гадоў знаходзіліся зняволенныя паўстанцы, у тым ліку Каміла Марцінкевіч (дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча)[7].

У 1870 годзе ў будынкі былога кляштара бернардзінак перавялі Слуцкі Свята-Траецкі мужчынскі манастыр. Галоўны алтар святыні пераасвяцілі ў гонар Сашэсця Святога Духа, а правы прыдзел у імя святых Кірыла і Мяфодзія[5].

Архітэктура Правіць

 
План кляштара, зроблены ў 1869 годзе, пры перадачы комплексу ў праваслаўнае ведамства

Касцёл Правіць

Паводле візітаў і інвентароў канца XVIII — першай паловы XIX стагоддзя. касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны ў стылі сталага барока, уяўляў трохнававую, пакрытую гонтай, 6-слуповую базіліку з двухвежавым галоўным фасадам і трохграннай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прамавугольныя ў плане сакрысціі[2][3]. Цэнтральная нава накрыта 2-схільным дахам, бакавыя навы — 1-схільнымі[1]. Галоўны паўночна-заходні фасад, завершаны высокім фігурным франтонам, карнізнымі цягамі падзелены на 3 ярусы. Вылучаецца трохчасткавы падзел і па вертыкалі, дзве бакавыя часткі — асновы 2 трох'ярусных вежаў (вышынёй 34 метра), завершаныя складанымі барочнымі купаламі, дэкараваныя пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, плоскімі паўцыркульнымі нішамі ў ніжніх і лучковымі праёмамі ў верхніх ярусах. Паміж вежамі размешчаны складаны па абрысу шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі ваконнымі праёмамі. Цэнтральная нава перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, а бакавыя — крыжовымі[1][3][7].

Інтэр'ер касцёла ў ХVIII ст. ўпрыгожвалі 7 стукавых алтароў. Галоўны алтар, у якім знаходзіўся абраз Маці Божай з Дзіцяткам, уяўляў сабой 6 калонаў, якія неслі барочны антаблемент з 2 анёламі і 2 вазонамі. Астатнія алтары былі 2-яруснымі. Бакавыя алтары Хрыста Укрыжаванага і святога Францішка Серафіцкага фланкавалі праём прэзбітэрыя. Пры апорах стаялі алтары святога Антонія і святой Клары. Бакавыя навы завяршаліся капліцамі з каменнымі алтарамі Найсвяцейшай Тройцы і Міхала Арханёла[3].

Кляштар Правіць

З паўночна-заходняга фасада да касцёла далучаўся 2-павярховы кляштарны корпус, які замыкаў унутраны двор. Далучаная да апсіды «лінія» выходзіла на Вялікую Бернардзінскую вуліцу дзвюма рызалітамі, якія ўтваралі невялікі курданёр, дзе быў кветнік[3]. Сцены будынка рытмічна падзелены пілястрамі і прамавугольнымі ваконнымі праёмамі. Жылы корпус меў калідорную планіроўку: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага крыжовымі скляпеннямі і арыентаванага на ўнутраны дворык, размяшчаліся келлі, трапезныя, а таксама склады і розныя гаспадарчыя памяшканні[7]. З паўночнага ўсходу ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з паўднёвага ўсходу — 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам[1].

У двары бернардзінскага кляштара пад зямлю вялі два ўваходы, якія зачыняліся масіўнымі жалезнымі дзвярыма. Адзін з іх даволі прасторны, ў рост чалавека, быў выкладзены цэглай і вёў у бок ракі Свіслач. Іншы ход ішоў пад зямлёй да касцёла і кляштара баніфратаў [8].

На тэрыторыі комплексу знаходзіўся сад, драўляныя флігель і гаспадарчыя пабудовы[2][3].

Цудатворны абраз Маці Божай Правіць

 
Гравюра, зробленная Лявонціем Тарасевічам з абраза Маці Божай з Дзіцяткам, які захоўвался ў галоўным алтары менскага касцёла бернардзінак

У касцёле Звеставання Дзевы Марыі жаночага кляштара бернардзінак быў цудатворны абраз Маці Божай, аздоблены сярэбранай шатай і каронамі.

Прыарыса кляштару Юдзіцкая паведамляла, што абраз быў прысланы з Рыма ад Папы Урбана VIII Соф'і з Зяновічаў, жонцы Аляксандра Слушкі, тады кашталяна троцкага за тое, што яна паслала Найсвяцейшаму Пастару "містэрн, выраблены ў ахвяру «Apparat ze wszystkim» (магчыма, нейкае дарагое адзенне)[6].

У доме Слушкаў абраз адразу праславіўся цудамі аздараўлення і дапамогі ў розных хваробах, ласкі дазнала тройчы і сама гаспадыня, пані Мар'яна Абрамавічоўна (1640), а таксама іншыя. Да таго ж менскі канцылярый Сымон Плявіза ў сне бачыў абраз, акружаны святлом, і нібы Маці Божая сказала: «ведай сам і іншым скажы, што хто будзе звяртацца, будзе ўсцешаны». Тады Слушкі аддалі абраз у кляштар, дзе ён дапамагаў многім у хваробах і няшчасных выпадках[6].

Калі Мінск быў заняты маскоўскім войскам, бернардзінкі з абразом выехалі на Жмудзь, дзе Юдзіцкі меў староства ў Ясвойнях. За 12 гадоў, якія паненкі правялі па-за сваім кляштарам, ніхто іх не крануў, не пашкодзіла ім і эпідэмія 1657 года, што яшчэ больш упэўніла сясцёр у цудатворнасці абраза. У хуткім часе пасля вяртання ў Мінск, сёстры апісалі цуды ў кнізе, і Юдзіцкая запрасіла біскупа Слупскага прыслаць кананічную камісію. У 1672 г. віленскі біскуп-суфраган Мікалай Слупскі і правінцыял бернардзінцаў Гіяцынт Буркевіч, вывучыўшы адпаведныя дакументы, прызналі абраз цудатворным[6]. Тады ж у езуіцкай друкарні ў Вільні была надрукавана кніга аб гісторыі і цудах абраза: Historia o cudownym obrazie Najśw. Marii Panny w klasztorze mińskim Panien Zakonnych Św. Franciszka, b.m. 1672 [9]. У кнізе мелася прысвячэнне менскаму кашталяну Аляксандру Юдзіцкаму, які ў нейкіх абставінах, усё пакінуўшы, ад шведаў уратаваў абраз, вывез яго з небяспекі як Эней калісьці сваіх багоў (пісала ў прадмове сястра дабрадзея бернардзінак Францішка, прыарыса кляштару)[6].

Неўзабаве пасля прызнання абраза цудатворным гравёр Лявонцій Тарасевіч наштыхаваў з яго гравюру на медзі, якая дазваляе ўявіць іканаграфію святыні. Марыя стаіць за сталом, на якім ляжыць разгорнутая кніга і раскіданы галінкі ружаў. Дзіцятка Ісус стаіць на гэтым стале, прыхінуўшыся да Маці, якая прытрымлівае Яго праваю рукой, а левай (са скіпетрам) паказвае Дзіцяці на літары, як бы навучаючы. На галовах высокія кароны, вакол — шырокія німбы з шасціканцовымі зорачкамі ўздоўж края. Сюжэт не мае аналагаў у беларускім іканапісу, ён выглядае як трансфармацыя больш вядомага сюжэта «Святая Ганна, якая навучае Марыю»[6].

Зноскі

  1. а б в г д е ЭнцВКЛ, 2005
  2. а б в г д е ё ж Дзянісаў У.. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Праверана 4 ліпеня 2012.
  3. а б в г д е ё ж Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, — Мн.: ВУП «Выд-ва „Про Хрысто“». — 2003. — 256 с. ISBN 985-6628-37-7.
  4. Толстой П. А. Путешествие стольника П. А. Толстого / Предисл. Д. А. Толстого // Русский архив, 1888. — Кн. 1. — Вып. 2. — С. 161—204; Вып. 3. — С. 321—368; Вып. 4. — С. 505—552; Кн. 2. — Вып. 5. — С. 5-62; Вып. 6. — С. 113—156; Вып. 7. — С. 225—264; Вып. 8. — С. 369—400.
  5. а б в Церкви и приходы Минска. — Мн.: Свято-Петро-Павловский собор, белорусское Православное Братство Трех Виленских Мучеников, 1996—192 с. ISBN 985-6143-05-5. С. 32.
  6. а б в г д е Аляксандр Ярашэвіч. Абразы Маці Божай XVII—XVII стст. у Мінскіх касцёлах // «Наша вера», 1(4) / 1998.
  7. а б в Т. І. Чарняўская. 19. Кляштар бернардзінак // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.- Мн.: БелСЭ, 1988.-333 с.: іл. ISBN 5-85700-006-8. С.52-53.
  8. Памятники Минска / Авт.-сост. В. П. Шамов.- Мн.: Полымя, 1991.- 208 с.- С.68.
  9. Opisy parafii diecezji wileńskiej z 1784 roku T. 2. Dekanat Mińsk / Maroszek J., Maroszek M. oprac. — 2009. — Białystok.

Літаратура Правіць

Спасылкі Правіць