Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Войстам)

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у цэнтры вёскі Войстам Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.

Каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
54°34′25,38″ пн. ш. 26°37′04,76″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Войстам, вул. Смаргонская, 6
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Благачынне Смаргонскі дэканат 
Архітэктурны стыль мадэрн
Будаўніцтва 19271939 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000710шыфр 413Г000710
Стан Дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Звесткі пра першы касцёл адносяцца да 1440 года. Галоўным фундатарам войстамскай плябаніі лічыўся Стэфан Андрушкавіч-Ядоўгавіч, які, не маючы нашчадкаў, у 1491 годзе надзяліў касцёл зямлёю, халопамі і вёскамі. Потым фундуш памножылі Адам Андрушкавіч, Анджэй Ядоўгавіч, Мацей Андрушка. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.

У 16 стагоддзі стаў кальвінскім зборам (па іншых звестках — толькі страціў на карысць рэфарматараў частку зямельных уладанняў). Але з другой паловы XVII ст. у Войстаме зноў адзначаецца дзеючы касцёл.

Старажытная святыня была знішчана падчас нашэсця Масковіі ў 1654-61 гадах. Адбудаваны храм у 1674 быў кансэкраваны біскупам Мікалаем Слупскім, суфраганам віленскім, цяпер ужо пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У XVIII ст. тут дзейнічала езуіцкая місія ад калегіума ў Жодзішках.

 
Стары касцёл, фота пач. XX ст.

Апошні драўляны храм, узведзены ў цэнтры мястэчка ў 1744-45 гадах, — гэта была дзвюхвежавая трохнававая базіліка з трансептам, інтэр’ер якой упрыгожвалі 10 алтароў. Трох’ярусныя чацверыковыя вежы ўвенчваліся барокавымі купаламі, уваход на касцёльную тэрыторыю, абгароджаную бутавым мурам, пазначала трох’ярусная магутная брама-званіца. Кансэкраваў святыню ў 1851 віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі. Пры касцёле дзейнічалі школка для дзяцей і шпіталь, як прытулак для старых.

Драўляны касцёл згарэў падчас Першай сусветнай вайны. Функцыю парафіяльнай святыні ўзяла на сябе часовая драўляная капліца, пастаўленая ў заходняй частцы касцёльнага ўчастка, а ў 1927 годзе пачалі ўзводзіць велічны касцёл у стылі мадэрн з вонкавай цэглы на высокім цокалі з бутавага каменю. Але хуткае будаўніцтва было не пад сілу невялікай парафіі, а потым Другая сусветная вайна і наступныя за ёй дзесяцігоддзі атэізму так і не далі завяршыць пачатае. Толькі ў 1980-я гады, калі святыню вярнулі парафіянам, будаўніцтва прадоўжылася. Аднак храм атрымаўся не такі, якім ён быў задуманы архітэктарамі. Галоўны фасад так і не скончаны і, хутчэй, нагадвае часовае рашэнне. У дадатак, у 1991 годзе ў святыні адбыўся пажар, які знішчыў завяршэнне галоўнага фасада — дзвюх’ярусную шатровую вежачку, фланкаваную рызалітамі са ступеньчатымі атыкамі.

На касцёльным двары ў 2010-м годзе ўсталяваны памятныя камяні ў гонар 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, а таксама ў гонар 570-годдзя існавання Войстамской парафіі. За будынкам храма знаходзіцца памятны крыж ахвярам фашызму і камунізму.

Адпуст: урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы[1].

Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Архітэктура правіць

 
Галоўны фасад

Касцёл уяўляе сабою выцягнуты прамавугольны ў плане аб’ём малітоўнай залы, узняты на высокі бутавы цокаль і накрыты 2-схільным бляшаным дахам з вальмай над алтарнай часткай, аддзелены ад пяціграннага прэсбітэрыя трансептам са ступеньчатымі франтонамі на тарцах. Прэсбітэрый фланкаваны дзвюма сакрыстыямі на ўзроўні цокаля. Галоўны фасад вылучаны трох’яруснай вежачкай-сігнатуркай над сярэдзінай даха і вялікім крыжом над вальмам галоўнага фасада і фланкіраваны рызалітамі са ступеньчатымі атыкамі. Сцены рытмічна раскрапаваны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках.

 
Касцёл з боку апсіды

Шырокая зала (18 м) перакрыта драўляным цыліндрычным скляпеннем з імітацыяй падпружных арак, якія нясуць магутныя пілоны, з распалубкамі над арачнымі вокнамі. Алтарная частка і хоры адкрываюцца ў залу шырокімі аркамі. У касцёле 3 алтары: галоўны з абразом Найсвяцейшай Тройцы ў глыбокай нішы, і два бакавых — св. Ганны і св. Казіміра. У 2003 годзе зроблены новы пасаборны алтар.

Могілкі правіць

Сярод старажытных надмагілляў вылучаецца пахавальня сям’і Ходзькаў-Свяцецкіх, убудаваная ў паўночна-ўсходні вугал бутавай агароджы парафіяльных могілак. Збудаванне ўяўляе сабою прызменны аб’ём з бетону, разлічаны на тры пахаванні, з бетонным крыжам, які ляжыць ў верхняй плоскасці. Сярод надмагільных помнікаў таксама звяртае на сябе ўвагу каплічка над магілай сям’і Занеўскіх-Міхалінскіх, пабудаваная з бутавага каменю пад высокім карункавым крыжам.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  • З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Помнікі каталіцкага дойлідства // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Смаргонскага раёна : Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 2004. — С. 572.

Спасылкі правіць