Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы (таксама вядомы як Касцёл Святога Роха) — рымска-каталіцкі храм на Залатой Горцы ў Мінску.

Касцёл
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы

53°54′40″ пн. ш. 27°34′48″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Канфесія Каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Тып будынка касцёл
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-гатычны
Архітэктар М. Сівіцкі
Дата заснавання 1864
Будаўніцтва 18611864 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000193шыфр 712Г000193
Вышыня 4,2 м
Стан дзейнічае
Сайт roch.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Адміністрацыйна адносіцца да Залатагорскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі[1]. Помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (код 712Г000193)[2]. Адрас — пр. Незалежнасці, 44А.

Гісторыя правіць

Каталіцкая парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску была заснавана ў XIV ст. каралём Ягайлам, найстарэйшая каталіцкая грамада горада, пра якую захаваліся звесткі[1]. На ахвяраванні караля пабудаваны драўляны храм на Троіцкай гары, аднак у 1409 годзе ён цалкам згарэў. Адбудаваны драўляны касцёл згарэў у пажары 1809 года. Былі планы яго аднаўлення, але праз брак сродкаў не ажыццявіліся. У 1832 годзе парафіяльным храмам стала драўляная капліца Святога Роха на Залатагорскіх каталіцкіх могілках, пабудаваная ў 1796 годзе.

У 1842 годзе капліца была адрамантавана і перароблена ў касцёл. Аднак ужо ў 1850 годзе было прызнана, што немэтазгодна падтрымліваць рамантаваннем драўляны касцёл, лепей пабудаваць новы мураваны.

Праект быў прадстаўлены імператару і зацверджаны ім 6 ліпеня 1861 года. Аўтар праекта — акадэмік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў М. Сівіцкі (кіраваў будаўніцтвам ксёндз Ф. Гарбачэўскі). Храм у неагатычным стылі ўзводзілі на сродкі атрыманыя праз збор ахвяраванняў, іх збіралі не толькі каталікі, але і вернікі іншых канфесій і рэлігій у знак падзякі святому Роху, які, як лічылася, выратаваў горад ад эпідэміі халеры[1].

 
Эдвард Гараздоўскі. Інтэр’ер храма. 1868

Будаўніцтва касцёла было завершана ў канцы кастрычніка 1864 года. Касцёл асвечаны 1 лістапада 1864 года пад тытулам Успення Прасвятой Дзевы Марыі і Св. Роха. Аднак захавалася і працягвала выкарыстоўвацца і гістарычная назва — Найсвяцейшай Тройцы. У правым алтары храма знаходзілася статуя святога Роха, перанесеная са старой капліцы. Статуя шырока шанаваннем, на свята св. Роха 16 жніўня на Залатой Горцы збіраліся тысячы паломнікаў[3].

Нягледзячы на тое, што Троіцкі касцёл быў новазбудаваны, у 1867 годзе ўжо патрабаваў рамонтных работ. Так, у рапарце мінскага дэкана паведамлялася, што на касцёле пашкоджаны дах, карнізы, сцены, асабліва пры падмурках, «что свидетельствует об использовании материалов нижайшего достоинства, и вообще, прочность была упущена из виду».

З дакументальных крыніц вядома, што ў 1900—1901 гадах у Залатагорскім касцёле быў устаноўлены паўстажковы арган на дзве клавіятуры з педалямі на 18 галасоў і 7 рэгістраў.

 
Касцёл на паштоўцы пачатка XX стагоддзя
 
Касцёл і тэрыторыя могілак, 2019 год

На працягу 1902—1905 гадоў у касцёле адбываюцца некаторыя рамонтныя работы. Была адрамантавана званіца, уваход, закрыстыі, заменены аконныя рамы, рэстаўрыраваны некаторыя абразы, пазалочаны і пасярэбраны алтары, жырандоль і інш. У 1905 годзе арган перароблены на вінклевую сістэму.

У сувязі з павелічэннем прыходу да 9000 вернікаў, у 1903 годзе прыхаджане хадайнічаюць пра дазвол на пашырэнне існага касцёла. У 1904 годзе варшаўскі архітэктар Дзяконскі зрабіў праект пашырэння Залатагорскага касцёла, запраектаваў крыжападобную ў плане прыбудову да правай фасаднай сцяны. Але касцельны камітэт адхіліў гэты і наступны, зроблены інжынерам Шабуневічам, праекты.

Апошняе дарэвалюцыйны апісанне касцёла датавана 1908 годам: «Касцёл каменны, гатычнай архітэктуры, з 12 вокнамі, быў накрыты жалезам, у даўжыню 12,5 сажні, у шырыню 4 і 2/3 сажні, у вышыню каля 5 сажняў». Будынак меў таксама двухпавярховую вежу, у якой размяшчаліся званы — «Леанард», «Стэфан» і «Браніслава». Над алтаром знаходзілася старажытная ікона Божай Маці з дзіцем, побач — выява Найсвяцейшай Тройцы. Бакавыя алтары насілі імёны святога Роха і святога Антонія. У першым з іх размяшчалася драўляная скульптура святога Роха, якая лічылася цудатворнай. Ля ўваходу знаходзілася агароджа з брамай, выкананымі ў 1896 годзе. Непадалёк ад касцёла мелася некалькі драўляных будынкаў: дом лесніка, багадзельня, дрывяны двор.

У 1922 годзе з касцёла былі рэквізаваны ўсе каштоўнасці і богаслужэбная начынне. У 1930-я гады храм быў зачынены, тады ж знікла і шанаваная статуя св. Роха[3].

У чэрвені 1941 года Залатагорскі касцёл моцна пацярпеў ад баявых дзеянняў. У час Вялікай Айчыннай вайны згарэў дах. Набажэнствы аднавіліся на кароткі час падчас фашысцкай акупацыі Мінска, але адразу пасля заканчэння вайны будынак быў прыстасаваны пад кнігасховішча Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У пасляваенныя гады могілкі вакол будынка храма былі знішчаны, а вакол пабудаваны жылыя дамы, пасля чаго былы храм апынуўся ўнутры квартала.

У 1976 годзе ў Спецыяльных праектна-рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры БССР пачаліся праектныя работы па рэстаўрацыі Залатагорскага касцёла. Пасля рэстаўрацыі 1983—1984 гадоў будынак касцёла прыстасаваны пад залу камернай музыкі Белдзяржфілармоніі (аўтар праекта А. І. Малахоўскі). У цэнтры алтара ўстаноўлены арган чэхаславацкай вытворчасці, а вокны ўпрыгожаны вітражамі.

З 1991 годзе ў храме ў вольны ад канцэртаў час вяліся богаслужэнні. У 1998 годзе статуя св. Роха, зробленая з металу скульптарам Валяр’янам Янушкевічам, была размешчана ў правым алтары на тым жа месцы, дзе размяшчалася зніклая гістарычная. У 2006 годзе зала камернай музыкі быў закрыта, а будынак цалкам вернуты рымска-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха). Першым пробашчам адроджанай парафіі святога Роха быў прызначаны Міхаіл Сапель.

У савецкія часы, калі помнік рамантавалі для абсталявання тут філарманічнай залы, быў няслушна сканструяваны дах. З 2013 года на сценах святыні бачна павуцінку расколаў. Памылкі парафія спрабавала выправіць, грошы на замену даху ахвяравалі вернікі і спонсары, але на аднаўленне сцен сродкаў не хапіла. Таму парафія ў 2018 годзе вырашыла шукаць матэрыяльную дапамогу праз краўдфандынгавую платформу.[4]

Архітэктура правіць

 
Фасад касцёла

Касцёл — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Аднанефавы, аднавежавы, прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны двух’яруснай прамавугольнай у плане вежай пад чатырохсхільным шатром. Абапал франтона — дэкаратыўныя вежачкi. Фасады будынка расчлянёны стылізаванымі трохступеньчатымі контрфорсамі, члянёны стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Па перыметры сцены завершаны развітым карнізам. Уваход вырашаны ў выглядзе высокага спічастага партала.

Інтэр’ер пабудовы мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтральны неф і апсіда перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У нартэксе — крыжовае скляпенне. Унутраная паверхня сцен дэкарыравана пілястрамі, завершанымі карнізамі. Вокны дэкарыраваны арнаментальным вітражом.

Пробашчы правіць

Пробашчамі касцёла на Траецкай Гары, а затым капліцы і касцёла на Залатой Горцы былі[5][6]:

  • Ян Харэвіч (1809—1844)
  • Фелікс Мараўскі (1844—1847)
  • Ігнат Сабалеўскі (1847—1856)
  • Міхал Тэраевіч (1856—1865)
  • Пётр Валіцкі (1865—1866)
  • Піліп-Мікалай Тамашэвіч (1866—1869)
  • А. Валентыновіч (1870)
  • Браніслаў Заусцінскі (1870)
  • Ян Юзафовіч (1870—1871)
  • Фердынанд Сенчыкоўскі (1871—1879)
  • Сымон Макарэвіч (1879—1900)
  • Леанард Антонавіч Гашынскі (1900—1902)
  • Казімір-Мікалай Усцінавіч Міхалькевіч (з 1902)
  • Міхал Эразмавіч Маеўскі (1908—1920)
  • Ян Антонавіч Баравік (1933—1937)

Пасля аднаўлення набажэнстваў у касцёле ў 1991 годзе, пробашчамі парафіі былі:

Пахаваныя ў касцёле правіць

Касцёл у культуры правіць

Касцёл св. Роха згаданы ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Паводле рамана, у жніўні 1855 года персанаж Кастуся Каліноўскага пісаў у лісце Алесю Загорскаму наступнае:

  Вось я і еду. У Мінску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць[10].  

Зноскі

Літаратура правіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі. — Мінск, 2008. — ISBN 978-985-11-0395-5
  • Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл // Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 340. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Залатагорская святыня. Юбілейны альбом з нагоды 150-годдзя пасвячэння касцёла. — Мінск, 2014.
  • Залатая Горка / Уклад. кс. У. Завальнюк, А. Сакалоўская, пад агул. рэд. Біскупа Казіміра Вялікасельца. — Мінск: Рыма-Каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2022. — 322 с. — ISBN 978-985-6652-93-9.

Спасылкі правіць