Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў (Друя)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў — рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Друі, узведзены ў 1643—1646 гг. па фундацыі падканцлера літоўскага Казіміра Льва Сапегі. Помнік архітэктуры барока. Аб’ект Дзяржаўнага спісу гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў | |
---|---|
55°47′17″ пн. ш. 27°27′47″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Друя |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Віцебская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Казімір Леў Сапега |
Дата заснавання | XVII стагоддзе |
Будаўніцтва | 1643—1646 гады |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКасцёл будаваўся ў 1643—1646 пры кляштары бернардзінцаў, у 2-й палове XVIII ст. святыню часткова перабудавалі. Па задушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1852 расійскія ўлады скасавалі кляштар, пасля чаго касцёл дзейнічаў як парафіяльны.
У 1923—1928 гг. у кляштары размясціліся манахі-беларусы ордэна марыян. У 1924 г. тут была арганізавана школа (з 1930 г. гімназія), у якой вучыліся А. Цікота, Ч. Сіповіч, У. Падзява, У. Чарняўскі, пісьменнік Я. Германовіч, мастак эмігрант В. Жаўня і інш. Каля 1947 г. закрыты. Касцёл і кляштар выкарыстоўваліся для патрэб Друйскага СПТВ меліярацыі, у 1949—1953 гг. тут знаходзіўся Полацкі будаўнічы тэхнікум, у 1954—1956 гг. — тэхнічнае вучылішча, з 1956 г. — вучылішча меліярацыі.
У 1989 г. перададзены абшчыне.
Архітэктура
правіцьКасцёл уяўляе сабой мураваную трохнефную аднавежавую базіліку з апсідным завяршэннем цэнтральнага нефа (унутры гранёны, звонку паўцыркульны). Да выцягнутага прэсбітэрыя з поўдня прылягае прамавугольнае ў плане сакрысціе. На галоўным фасадзе тарцы бакавых нефаў закрытыя невялікімі аб’ёмамі з пластычнымі абагульненымі валютамі над імі, тарцы цэнтральнага нефа — масіўнай чатырох’яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай купалам (дабудавана ў 1772 г.). Бакавыя сцены і апсіда рытмічна расчлянёныя вертыкальнымі контрфорсамі. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі завяршэннямі.
Інтэр’ер аздоблены ордарнай пластыкай, лепкай у тэхніцы стука. Скляпенні захавалі першапачатковы дэкор XVII ст. ў выглядзе ляпных геаметрычных кесонаў. Галоўны двух’ярусны алтар з прасторавай групоўкай калон і пілястраў, разарваным антаблементам і дынамічнай аб’ёмнай скульптурай у стылі позняга барока выкананы ў 1764—1767 гг., амбон і чатыры бакавыя алтары з элементамі стылю ракако — 1779 г.
З поўначы да касцёла прылягае двухпавярховы будынак кляштара, які ўтварае прамавугольны замкнёны двор, з трох бакоў абкружаны калідорам. Фасады фланкіраваныя вялікімі квадратнымі ў плане памяшканнямі на вуглах. Вокны прамавугольныя. Ансамбль дапоўнены мураванай арачнай агароджай з брамай (узведзеная ў 1778 г.).
У касцёле захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Спагадлівай.
Літаратура
правіць- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 100—101.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў (Друя)
- Друя — парафія Найсвяцейшай Тройцы . Catholic.by (22 ліпеня 2012).
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў (Друя) на сайце Radzima.org
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар бернардзінцаў (Друя) на сайце Глобус Беларусі (руск.)