Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Жодзішкі)
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм (былы кальвінскі збор) у в. Жодзішкі Смаргонскага раёна. Помнік архітэктуры рэнесансу.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
54°37′24,67″ пн. ш. 26°26′32,3″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква, да 1820 года - кальвінізм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Тып будынка | збор |
Архітэктурны стыль | рэнесанс |
Заснавальнік | Крыштоф Камар |
Дата пабудовы | 1612 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000594 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУладальнікі мястэчка Осцікавічы заснавалі тут першы касцёл. У 1550 годзе ён узгадваецца ўжо як дзеючы ў межах Свірскага дэканата. Пры канцы XVI ст. па фундацыі наступных уладальнікаў, Кішкаў, у Жодзішках узводзіцца каменны кальвінскі збор у стылі рэнесанс. Па іншых звестках, яго пабудаваў на месцы касцёла Крыштаф Комар у 1612 годзе, а сын Крыштафа, Геранім Комар, вярнуў род у каталіцкую веру і да 1669 года пабудаваў новы драўляны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, пры якім заснаваў парафіяльную школу. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што Крыштаф Комар у 1612 годзе пабудаваў касцёл, а Геранім павялічыўшы фундуш, падараваў яму маёмасць, пабудаваў плябанію і парафіяльную школу (не захаваліся).
Згодна з візітамі 1654—1700 гадоў касцёл ужо тады быў мураваны, меў дзве капліцы ў крылах трансепта — Маці Божай Ларэтанскай і св. Ганны — з адпаведнымі алтарамі і галоўны алтар Найсвяцейшай Тройцы. Пад галоўным алтаром знаходзіўся склеп з трунамі фундатараў і яшчэ два склепы былі зроблены «пад ларэтам». Побач з касцёлам стаялі гаспадарчыя будынкі, плябанія і шпіталь
У 1708 г. побач, у падоранай Барбарай (з Комараў) Мінкевіч (Міцкевіч) і яе сынам Адамам сядзібе, аселі езуіты. У 1727 г. яны пабудавалі касцёл Св. Іуды Тадэвуша, у 1745 г. адкрылі музычную бурсу, у 1767 г. — аптэку. Непадалёк ад збора ў 1757—1766 гадоў паводле праекта архітэктара Т. Жаброўскага пабудаваны двухпавярховы калегіум, для ўпрыгожання якога жывапіснымі размалёўкамі запрасілі беларускага мастака М. Бейтніка. З 1756 года тут пачалі выкладаць філасофію, так мясцовы калегіум перайшоў у ранг вышэйшых навучальных устаноў. Ад калегіума езуіты заснавалі місіі ў Войстаме і Данюшаве. Аднак сваёй галоўнай мэты айцы езуіты так і не дасягнулі — кальвіністы па-ранейшаму заставаліся ў Жодзішках і валодалі зборам.
Пад ціскам кальвіністы пакінулі Жодзішкі. Са скасаваннем ордэна будынак калегіума перайшоў у 1774 г. да новых уладальнікаў Жодзішак Ласкарысаў (паводле іншых звестак — Патоцкіх, Мілашэўскіх, у 1830-я гг. — Бакшанскіх) і быў прыстасаваны пад сядзібу. У 1820-я гг. збор быў пераўтвораны ў парафіяльны Троіцкі касцёл. Пасля паўстання 1863—64 гг. святар касцёла Вішнеўскі быў сасланы ў Кастраму, касцёл застаўся парафіяльным, але былі канфіскаваны 3 абразы: «Сэрца Ісуса», «Св. Іазафат» і «Благаверны Андрэй Баболя».
У 1886 г. касцёл абкружаны высокай мураванай агароджай. У 1902 г. да яго прыбудаваны бакавыя капліцы. У гады Першай сусветнай вайны германскія войскі разбурылі вежы і арганізавалі ў будынку шпіталь, а потым шавецкую фабрыку.
У 1924 г. пробашчам быў прызначаны прыхільнік беларусізацыі касцёла Вінцэнт Гадлеўскі. Троіцкі касцёл быў рэстаўрыраваны (на ўспамін аб пашкоджаннях часоў вайны над акном сакрыстыі былі ўмураваны часткі шрапнельных снарадаў). У 1929 годзе да парафіі далучылася капліца на ў Дубцы. У тыя гады ў парафіі было больш за 4100 вернікаў. У 1937 годзе мастак Пётра Сергіевіч размаляваў скляпенні касцёльных капліц. У савецкі час касцёл працягваў дзейнічаць.
Архітэктура
правіцьСпачатку будынак уяўляў сабой аднанефавы прамавугольны ў плане храм без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на галоўным фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вялікія прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен, зменена арыентацыя храма на процілеглую — вежа апынулася над прэсбітэрыем (зруйнаваная пад час Першай сусветнай вайны).
Цяпер гэта мураваны крыжападобны ў плане аднанефавы храм з больш нізкай квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціем на поўначы і вуглавымі контрфорсамі. Неф і капліца накрытыя двухсхільнымі дахамі. Галоўны фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал уваходу аформлены рустыкай. Сцены расчлянёныя плоскімі лапаткамі, прарэзаныя лучковымі вокнамі і нішамі, завершаныя прафіляваным карнізам. Унутры неф перакрыты цыліндрычным, капліцы — крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам — хоры.
Скляпенні капліц упрыгожаны ў 1-й палове ХХ ст. размалёўкай мастака П. Сергіевіча. У капліцы св. Пятра паказана казанне Апостала, укрыжаванне Пятра, уручэнне ключоў і выцягванне сецяў з рыбай; тут жа мастак пакінуў і сваю манаграму «P.S.1937». У капліцы Учынкаў Міласэрнасці таксама прадстаўлены 4 сцэны па краях скляпення: напаіць прагнучага, наведаць хворага, прыняць падарожнага, накарміць галоднага. У гэтых фрэсках мастак увекавечыў вобразы мясцовых парафіян (яшчэ да сённяшняга дня жыхары называюць тых, хто намаляваны) і нават самога сябе.
На мясцовых могілках у руінным стане захавалася трох’ярусная каплічка-слупок. Калісьці стаялі ў мястэчку яшчэ дзве прыдарожныя капліцы: адна, пры павароце на могілкі, была прысвечана св. Ганне, другая, у цэнтры на скрыжаванні, — св. Яну Непамуцэну. У 1970-я гг. капліцы былі знесены, захавалася толькі фігурка св. Яна, якая цяпер стаіць у касцёле.
-
Брама
-
Агароджа
-
Інтэр'ер
-
Галоўны алтар
-
Хоры з арганам
Літаратура
правіць- Жодзішкаўскі кальвінскі збор // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. С. 438.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Спасылкі
правіцьКасцёл Найсвяцейшай Тройцы (Жодзішкі) на Вікісховішчы |
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Жодзішкі) на сайце Radzima.org
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Жодзішкі) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Жодзішкі) на сайце Catholic.by (бел.)
- slowo.grodnensis.by