Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ружаны)

Ружаны

Касцё́л Найсвяце́йшай Тро́йцы — каталіцкі храм у Ружанах Пінскай дыяцэзіі[1], збудаваны на пачатку XVII стагоддзя па фундацыі Льва Сапегі.

Славутасць
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
52°52′01″ пн. ш. 24°53′29″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Ружаны
Канфесія каталіцтва
Епархія Пінская дыяцэзія
Ордэнская прыналежнасць Ордэн дамініканцаў
Тып будынка касцёл
Архітэктурны стыль позні рэнесанс
Заснавальнік Леў Сапега
Будаўніцтва 16151617 гады
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан дзейны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Касцёл паводле праекта Я. С. Бекера

У канцы XVI ст. быў заснаваны касцёл Святой Троіцы, мяркуецца, што ён уваходзіў у кляштарны комплекс кармелітаў. У 1615—1617 гадах перабудаваны ў камені, пасля неаднаразова быў рэканструяваны і рамантаваны. У 1768 і 1787 гадах да храма былі дабудаваныя дзве капліцы: Св. Крыжа і Св. Барбары. У 1780-я храм быў перабудаваны паводле праекта запрошанага з Саксоніі архітэктара Яна Самуэля Бекера, набыўшы рысы «барочнага класіцызму». У 1850 і 1891 адбываліся рамонты. За савецкім часам набажэнствы ў касцёле не перапыняліся.

Архітэктура правіць

Аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе. Ніжні ярус вежы — васьмярык на чацверыку, астатнія васьмігранныя, танчэйшыя да верху, пакрытыя стромкім шатром. Ярусы аддзелены прафіляванымі карнізамі, дэкараваныя плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі.

Масіўныя сцены нефа знадворку ўмацаваныя контрфорсамі, па яго баках знаходзяцца капліцы. Неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, капліцы і сакрысціі — крыжовымі скляпеннямі, апсіда — конхавым з падпружнай аркай. Скляпенне прэсбітэрыя ўмацаванае падпружнымі аркамі.

Інтэр’ер правіць

 
Надмагілле Баляслава Біспінга ў касцёле

Над уваходам у інтэр’еры размешчаныя хоры. У апсідзе галоўны алтар, у вырашэнні якога яскрава выяўленае прысвячэнне Святой Тройцы. Алтарная карціна, аформленая чатырохкалонным архітэктурным порцікам са штучнага мармуру, прадстаўляе Укрыжаванне Хрыста, над ёю — Усёбачнае вока Бога-Айца, у консе апсіды — фрэскавая выява Святога Духа ў выглядзе голуба. Раскрапаваны лучковы франтон упрыгожваюць скульптуры анёлаў і герб Сапегаў. Абапал калонаў — драўляныя паліхромныя выявы апосталаў Пятра і Паўла.

Інтэр’ер храма багата ўпрыгожаны архітэктурнай пластыкай, скульптурай і жывапісам. Скляпенні ўпрыгожаныя сюжэтнымі і дэкаратыўнымі кампазіцыямі на евангельскія тэмы. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка, прывезеная з колішняга касцёла ў Юдзінавічах. Акрамя звіваў, валют і кветак, яе кампазіцыя змяшчае таксама манаграмы фундатара касцёла Льва Сапегі.

Зноскі

  1. Ружаны — парафія Найсвяцейшай Тройцы. Беларусь. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі (15 красавіка 2012).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць