Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Браслаў)

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкае сакральнае збудаванне ў Браславе, узведзенае ў 1824 і перабудаванае ў 1897.

Касцёл
Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі
55°38′01″ пн. ш. 27°02′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Браслаў
Канфесія каталіцтва
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль неараманскі стыль
Дата пабудовы 1897 год
Асноўныя даты

1824Пабудова

1897Перабудова
Стан Дзейнічае
Сайт waladarka.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Першыя дакладныя звесткі пра каталіцкую святыню ў Браславе датуюцца XV стагоддзем, калі на Замкавай гары збудавалі драўляны касцёл пад тытулам Маці Божай. Неаднойчы ён знішчаўся пажарамі (апошні раз у 1794).

У 1824 каля падножжа Замкавай гары паўстаў новы мураваны будынак. Аднак з прычыны невялікага памеру гэтай святыні, неўзабаве пачалі ўзводзіць новую, якую завяршылі да 1897.

Падчас гітлераўскай акупацыі Браслава пробашч касцёла Мечыслаў Акрэйц быў расстраляны нацыстамі за аказанне дапамогі яўрэям. У 1950 годзе храм быў зачынены і аддадзены пад збожжасховішча, але ўжо праз два гады вернікі дамагліся вяртання будынка парафіі.

У 1999 г. біскуп новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін прызначыў браслаўскі касцёл пад тытулам Нараджэння Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі азёраў. 22 жніўня 2009 г. арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Іахім Мейснер здзейсніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абраза.

Архітэктура правіць

 

Помнік архітэктуры неараманскага стылю. 3-нефная базіліка. Падоўжаны прамавугольны ў планс аб'ем накрывае 2-схільны дах. Сілуэт галоўнага фасада фармуюць кутнія пінаклі з шпілямі і высунутая наперад ярусная шатровая вежа-званіца, да якой вядуць выкладзеныя з буйных вапняковых блокаў сходы. У муроўцы выкарыстоўваецца мясцовы прыем г. зв. браслаўскай мазаікі[1].

Інтэр'ер правіць

 
Галоўны алтар і абраз Маці Божай Браслаўскай

У галоўным алтары тут знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай, якую таксама называюць Маці Божай Манастырскай (гэта назва звязана з паходжаннем абраза). На тэрыторыі браслаўскай парафіі быў праваслаўны манастыр, які ўзнік у XV ст. на востраве возера Неспіш. У першай пал. XVII ст. там пасяліліся базыльяне, асабліва шанаваная вернікамі была цудадзейная выява Маці Божай. У 1832 г. ад удару маланкі ўспыхнуў пажар, які знішчыў усе пабудовы, ацалеў толькі абраз Маці Божай. Ён быў змешчаны ў браслаўскім касцёле.

Зноскі

  1. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.

Літаратура правіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі правіць