Касцёл Перамянення Гасподняга (Крэва)

Крэва

Касцёл Перамянення Гасподняга — рымска-каталіцкі храм у в. Крэва (Смаргонскі раён, Гродзенскай вобл.). Размяшчаецца ў цэнтры вёскі.

Славутасць
Касцёл Перамянення Гасподняга
54°18′42″ пн. ш. 26°17′05″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дата пабудовы 1997 год
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Гісторыя касцёлу ў Крэва сягае ў XIII ст. Касцёл шмат разоў разбуралі, і кожны раз ён адбудоўваўся. У 1626 годзе храм аднаўляў Гаштольд. У 1704 годзе Закрэўскі фундаваў касцёлу 2 алтары і ахвяраваў фальваркі Закрэўшчына і Таншчызна.

У 1868 годзе храм перароблены пад праваслаўную царкву. Старажытны барочны касцёл канчаткова быў зруйнаваны падчас Першай сусветнай вайны, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту.

Пабудаваны ў 1934—1936 гадах з дрэва касцёл на месцы ранейшага храма (паводле праекта 1932 года архітэктара Пятра Стаброўскага, разам з Норбскім, пад кіраўніцтвам ксяндза Ч. Кардэля) у 1961 годзе касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад бальніцу. Пры гэтым ад сакральнай архітэктуры захаваўся толькі крыжасты план святыні, у астатнім усё было зменена — зніклі вежы, разабраны дах і надбудаваны другі паверх. З алтарнай пліты зрабілі ўваходны прыступак. У 2003 годзе будынак разабраны.

 
Касцёл, 1937

Паводле архітэктурна-стылёвай характарыстыкі гэта быў прыклад мадэрну з выкарыстаньнем гістарычных стыляў — неабарока (агульная планіроўка й вырашэнне франтону) і неарэнесансу (трактоўка вежаў). Буйнамаштабная сіметрычна-восевая кампаэіцыя храма была заснавана на класічнай 3-нефавай з трансептам базіліцы. Сілуэт галоўнага фасада фарміравалі 2 высокія 4-ярусныя чацверыковыя вежы са шпілямі ў завяршэнні (знесены пасля закрыцця касцёла). Перапады ярусаў вылучаліся шырокімі гонтавымі адлівамі, асноўны ярус завяршаўся адкрытай слуповай галерэяй-звонам. Асноўны аб’ём меў 2-ярусную кампазіцыю за кошт перападу вышынь бакавых і цэнтральнага нефа, 2-схільны дах на франтальным фасадзе выступаў фігурным барочным франтонам паміж вежамі, над вальмай апсіды завяршаўся сігнатуркай. Прамавугольныя крылы трансепта таксама мелі 2-ярусную будову пад вальмавымі дахамі. Неашаляваныя сцены з бруса чляніліся прамавугольнымі аконнымі праёмамі з брусам-сцяжкамі ў прасценках. Замест карніза будынак апяразваў рытмічны рад бэлек-кранштэйнаў, што неслі вынас гонтавага даху. Пасля скасавання храма быў надбудаваны 2 паверх.

У 1997 годзе на яго месцы ўзвялі мураваны касцёл пад тытулам Перамянення Пана. Гэта велічны дзвюхвежавы зальны храм у стылі неабарока з сакрыстыяй у прамавугольнай апсідзе, які сваімі дзвюма вежамі ў нечым апелюе да архітэктуры ранейшага касцёлу. За касцёлам захаваліся драўляныя будынкі былога плябаннага комплексу.

Літаратура правіць

  • Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915—1940 гг. — Вільня: ЕГУ, 2008. — С. 57—61. — ISBN 978-9955-77-13-9.

Спасылкі правіць