Касцёл Перамянення Гасподняга (Ваверка)

Касцёл Перамянення Гасподняга — каталіцкі храм у вёсцы Ваверцы Лідскага раёна.

Касцёл
Касцёл Перамянення Гасподняга
53°49′55,37″ пн. ш. 24°57′56,73″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская
Архітэктар Ян Бароўскі[d]
Стан працуе
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Першы драўляны касцёл у Ваверцы быў пабудаваны ў 1413 годзе па фундацыі пана Міхала Галгіновіча і першапачаткова асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы (гэта першае гістарычнае ўзгадванне вёскі ў пісьмовых крыніцах). У 1500 годзе тут вядомыя ўжо дзве парафіі — у Вялікай (Старой) і Малой Вавёрках. Пасля Галгіновічаў вёскай уладарыў Мікалай Юндзіловіч, з 1522 г. — Косцевічы, потым Галеўскія. У 1570 Вавёрка атрымала статус мястэчка Лідскага павета. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле ў Вялікай Вавёрцы дзейнічалі тры альтарыі. Пры гэтым парафія ў Вялікай Вавёрцы лічылася адной з самых багатых у Віленскай дыяцэзіі, а парафія ў Малой — «убогай». У 1568 г. парафія была пераведзена ў кальвінізм, але з 1648 года, дзякуючы езуітам, якія заснавалі тут сваю місію, зноў стала каталіцкай. Адроджаная святыня была пераасвечана пад тытулам Св. Фрашцішкі. З гэтага часу ў гістарычных дакументах знікаюць звесткі аб парафіі ў Малой Вавёрцы. І мястэчка, і касцёл былі знішчаны падчас вайны 1654—1667 гадоў з Масковіяй.

 
Кропельніца з надпісам «Самуэль Кастравіцкі. 1659»

Магчыма, святыня была адроджана ў 1659 годзе, паколькі ў нартэксе сучаснага касцёла захавалася старая капельніца з надпісам «Самуэль Кастравіцкі. 1659». Першы каменны касцёл на месцы струхнелага драўлянага быў пабудаваны ў 1840-44 гады на сродкі мясцовага землеўладальніка Самуэля Кастравіцкага (1788—1859) і таксама быў асвечаны ў гонар Св. Францішкі Рымлянкі. Гэта быў аскетычны ў дэкоры, без асаблівых стылевых рысаў храм пад высокім гонтавым дахам без вежы (магчыма, вежа планавалася, але не была збудавана). Вядомыя фігуры, якія былі зроблены са спецыяльнага, вельмі трывалага віду гіпсу. Да сённяшняга дня захаваліся толькі дзве.

Вавёрская парафія прымала актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. Пробашч касцёла кс. Раймунд Зямацкі па загадзе М. Мураўёва «за прачытанне маніфесту паўстанцаў» быў расстраляны ў Вільні 5 чэрвеня (24 мая па старым стылі) 1863 года.

Да парафіі з XVIII ст. прыпісвалася капліца ў Дылеве, да 1864 г. — капліцы ў Лебедзе, Місевічах, Паперні і Радзівонішках. Да ўтварэння самастойнай парафіі ў Пелясе ў 1917 годзе, да вавёрскай парафіі далучалася яшчэ капліца ў гэтай мясцовасці, а таксама капліца ў Станкевічах.

Пад час Першай сусветнай вайны касцёл быў панішчаны і не ў значнай меры абрабаваны.

У 1920 годзе касцёл адрамантавалі і размалявалі[1]. Пазней касцёл быў пашыраны, для чаго былі разабраны дзве сцяны і перабудаваны пад кіраўніцтвам майстра Бэпкі з Вільні[1]. Велічны касцёл у стылі неабарока, які дзейнічае і сёння, у 1928 годзе ўвабраў у сябе аб’ём папярэдняй святыні, якая цяпер стала правай бакавой навай. Пры гэтым касцёл атрымаў новы тытул — Перамянення Гасподняга. Урачыстае асвячэнне святыні правёў 13 лістапада 1928 лідскі дэкан кс. Іпаліт Баярунец. Але будаўніцтва святыні працягвалася. У 1929 пабудаваны арганныя хоры, у 1932 скончаны вежы і драўляная столь (паводле праекта інжынера Бароўскага). Арган на 15 галасоў на хорах усталявалі ў 1936 годзе. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала амаль 9000 асоб.

У савецкі час вернікі збіраліся ў святыні нават калі парафія была без сталага пробашча. У 1998—2000 гады пабудаваны новы мураваны будынак плябаніі і парафіяльнага цэнтра.

Да пачатку XIX ст. вавёрская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, пасля — у Радунскі дэканат, а ў часы польскай улады — у Васілішскі. Сёння зноў знаходзіцца ў Лідскім дэканаце.

Архітэктура правіць

 
Бакавы фасад
 
Уваходная група

Касцёл мураваны з цэглы на высокім фундаменце з каменя. Пабудаваны ў форме крыжа. Даўжыня 41,15 метра, шырыня 19,7 метра. Даўжыня касцёла 35 метраў. Максімальная вышыня скляпення — 11 метраў, у бакавых нефах — 7 метраў. Касцёл мае дзве вежы, вышыня якіх складае 44 метры. У левай вежы знаходзяцца два званы[1].

Будынак уяўляе сабой дзвюхвежавую трохнефную базіліку з прамавугольнай у плане апсідай, якую фланкуюць дзве невялікія сакрысціі, і трансептам, крылы якога ўтвараюць пяцігранныя ў плане капліцы. Галоўны фасад, завершаны маленькім неабарочным франтонам, фланкаваны дзвюма пяціяруснымі (апошні ярус пяцігранны, ніжэйшыя — чацверыковыя) вежамі-званіцамі, увенчанымі фігурнымі неабарочнымі купаламі з глаўкамі. Фігурны неабарочны франтон завяршае і сцяну цэнтральнай навы.

У касцёле знаходзяцца дзве сакрыстыі, старая (яшчэ ад папярэдняга касцёла) і новая[1].

Касцёл абгароджаны мурам з каменя, а ад паўднёвага боку з цэглы[1].

Інтэр’ер правіць

 
Бакавы неф

Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной бэлечнай столлю, упрыгожваюць тры драўляныя разьбяныя алтары і адзін каменны — алтар былога касцёла ў правай наве. Ён створаны ў стылі неабарока на аснове эклектычнага ордара, двух’ярусны. У першым ярусе змешчана разное Укрыжаванне ў атачэнні шматлікіх вотаў, у другім — абраз Св. Яна Непамука. Галоўны алтар, скончаны ў жніўні 2004 года, вырашаны як трыфорыум з вітымі калонамі. У яго цэнтры змешчаны абраз Перамянення Гасподняга (копія знакамітай працы Рафаэля), па баках усталяваны бетонныя фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла. У крылах трансепта змешчаны бакавыя алтары: злева — Маці Божай Вавёрскай (алтар яшчэ не аформлены; магчыма, на яго месцы 9 сакавіка 2007 асвечаны новы алтар у гонар Святой Францішкі Рымлянкі), справа — двух’ярусны алтар Святога Антонія. Крыпты пад касцёлам няма. Над нартэксам зроблены арганныя хоры.

Столь драўляная, была выканана паводле праекта інжынера Бароўскага ў 1930 годзе[1].

Зноскі

Літаратура правіць

  • Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915—1940 гг. — Вільня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9, с. 41.

Спасылкі правіць