Касцёл Святога Аляксея (Сялец)
Касцё́л Свято́га Аляксе́я — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сяльцы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, помнік архітэктуры неагатычнага стылю. Размешчаны ў цэнтры паселішча, на былой гандлёвай плошчы. Аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Аляксея | |
---|---|
52°34′59″ пн. ш. 24°51′39″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Сялец |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія |
Пінская дыяцэзія Пружанскі дэканат |
Тып будынка | базіліка |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Архітэктар | Вільгельм Аўгуставіч Срока[1] |
Першае згадванне | 1471 г. |
Будаўніцтва | 1908—1912 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000155 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКаталіцкі прыход у Сяльцы вядомы з 1471 года, на той час тут існаваў драўляны касцёл Святога Лаўрэнція. У 1519 годзе Бона Сфорца пабудавала і абсталявала ў мястэчку новы храм.
Станам на 1744 год, парафія адносілася да Шарашоўскага дэканата, у 1797 годзе знаходзілася ў складзе Пружанскага дэканата Луцка-Берасцейскай дыяцэзіі, налічвала 1634 вернікаў[2].
У 1860 годзе прыход храма складаў 1998 католікаў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады зачынілі касцёл і перавялі прыхаджан у праваслаўе, тагачасны ксёндз Байкоўскі ў сувязі з «палітычнай нядобранадзейнасцю» быў высланы ў Пермскую губерню. Неўзабаве стары будынак храма знеслі і ўзвялі на яго месцы праваслаўную Успенскую царкву. На той час нешматлікая каталіцкая грамада праводзіла набажэнствы ў могілкавай капліцы Святога Лаўрэнція.
Доўгі час вернікі не маглі атрымаць дазвол на будаўніцтва новага храма і ў выніку звярнуліся да Мікалая II, які ўхваліў прапанову. Праект, распрацаваны архітэктарам Вільгельмам Срокам, быў зацверджаны 16 лютага 1906 года Іванам Плотнікавым[3].
Узвядзенне пачалося ў 1908 годзе і вялося на сродкі вернікаў і ахвяраванні мясцовых шляхціцаў. Газета «Наша ніва» ў 1912 годзе паведамляла пра касцёл наступнае: «У самым мястэчку Сяльцы есць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касцёл у стылю готыка - раманскім; ...Будуе гэты касцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус». Будаўніцтва скончылася ў тым жа годзе, новы храм быў асвячоны ў гонар царэвіча Аляксея — сына Мікалая II[4].
У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. На могілках захавалася колішняя прыпісаная да касцёла капліца, перад касцёлам — брама, вырашаная трохпралётнай спічастай аркадай уваходу. Сталага пробашча ў прыходзе няма[5].
Архітэктура
правіцьЗнаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на былой кірмашовай плошчы. Помнік архітэктуры неаготыкі. Уяўляе з сабе трохнефавую базіліку сіметрычна-восевай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуе трох’ярусная шатровая вежа-званіца (васьмярык на двух чацверыках) цяжкіх прысадзістых прапорцый. Нізкія бакавыя прыдзелы, накрытыя аднасхільнымі дахамі, кампазіцыйна аб’ядноўваюць званіцу з асноўным аб’ёмам пад вільчыкавым дахам, завершаным над алтарнай часткай плоскай сігнатуркай.
Ярусы званіцы па восі сіметрыі прарэзаны стральчатымі ўваходным парталам і акном-ружай над ім, акном-трыфорыумам на другім ярусе і арачным прасветам наверсе. Раўнамерны рытм бакавых фасадаў ствараецца ствараецца стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і двухступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Пяцігранная апсіда фланкіравана нізкімі сакрысціямі з асобнымі ўваходамі[3].
Нягледзячы на багацце запазычаных з сярэднявечнай готыкі архітэктурных форм — контрфорсаў, спічастых ніш і праёмаў, вокнаў-руж — манументальны будынак не здабыў вертыкальную накіраванасць[6].
Прастора інтэр’ера расчлянёна на тры нефы дзвюма парамі магутных слупоў. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Над нартэксам хоры, злучаныя лесвіцкай з бакавым прыдзелам.
Пробашчы
правіць- 1835—1836 — кс. Эразмус Корсак.
- 1859—1860 — кс. Рамуальд Цёлкевіч.
- да 1863 — кс. Байкоўскі.
- 1910—1913 — кс. Баляслаў Серафін.
- 1913—1915 — кс. Францішак Рамейка.
- 1915—1933 — кс. Пётр Нямыцкі.
- 1933—13 сакавіка 1942 — кс. Станіслаў Мажэйка. Пахаваны на цвінтары касцёла.
- 2000-я — кс. Уладзімір Мазалеўскі
Зноскі
- ↑ Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі // Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі — 2008.
- ↑ Касцёл Сьвятога Ваўжынца Архівавана 25 кастрычніка 2019. — Гісторыя Пружанскага павету, 16 лістапада 2017 (бел.)
- ↑ а б к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 351
- ↑ Касцёл Святога Аляксея ў вёсцы Сялец — Бярозаўская раённая бібліятэка (бел.)
- ↑ Мястэчка ля Башты. Вандроўка ў бярозаўскі Сялец — Будзьма беларусамі!, 2 красавіка 2015 (бел.)
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. С. 124
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.