Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар францысканцаў (Мінск)

Францысканскі кляштар у Мінску — колішні кляштар францысканцаў у Мінску, існаваў у 1680—1832 гадах.

Касцёл
Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар францысканцаў
Кляштар францысканцаў пасля перабудовы пад гарадскую ўправу
Кляштар францысканцаў пасля перабудовы пад гарадскую ўправу
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Віцебская дыяцэзія
Заснавальнік Тэадор Караль Друцкі-Горскі[d]

Гісторыя правіць

Заснаваны ў кастрычніку 1680 года, пасля ахвяравання пляца на рагу вуліц Лошыцкай і Юр'еўскай менскім падкаморым Тэадорам Каралем Горскім францысканцам для будаўніцтва касцёла і кляштара. Вуліцу Лошыцкую, куды выходзіў фасад кляштарнага касцёла, па касцёле пазней пачалі зваць Францысканскай (цяпер вуліца Леніна). Паводле плана 1796 года францысканскі кляштар размяшчаўся на рагу Францысканскай і Юр'еўскай вуліц, плошча пляца складала 1 морг, 7 прутоў і 73 прэнцікі, пляц быў абнесены драўляным плотам з дзвюма брамамі. Кляштарны касцёл Св. Антонія фасадам выходзіў на Францысканскую. Касцёл быў драўляны, крыжападобны планам, дзвюхвежавы, крыты гонтам. Паміж касцёлам і Юр'еўскай вуліцай размяшчаліся старыя драўляныя кляштарныя будынкі. Паблізу галоўнай брамы быў вялікі драўляны дом, крыты гонтам, за ім — стайня і вінакурня. Кляштар меў вялікі гарод і пладова-дэкаратыўны сад.

У 1798 годзе францысканцаў перавялі ў будынкі колішняга кармеліцкага кляштара ў Мінску (у 1832 годзе і гэты францысканскі кляштар закрылі), а будынкі на Францысканскай вуліцы перадалі Мінскай каталіцкай семінарыі. Ёсць звесткі, што ў 1801 годзе на месцы драўлянага касцёла Св. Антонія быў закладзены каменны, але яго не дабудавалі. У складзе комплексу семінарыі былі як старыя будынкі францысканскага кляштара, так і новыя гаспадарчыя і жылыя будынкі. Тэрыторыя семінарыі была агароджаная мурам з некалькімі брамамі. У 1843 годзе семінарыя пераведзена ў будынкі колішняга дамініканскага кляштара ў Мінску, а ў семінарскіх будынках размясцілі каталіцкую кансісторыю.

У 2-й палове XIX ст. каменныя будынкі комплексу (францысканскі кляштар — семінарыя — кансісторыя) перабудавалі пад Мінскую гарадскую ўправу (рог вуліц Губернатарскай і Юр'еўскай, 7/1).

Комплекс пашкоджаны падчас 2-й сусветнай вайны і ў канцы 1940-х гадоў разбураны падчас рэканструкцыі вуліцы Леніна.

Архітэктура правіць

Касцёл правіць

Стары драўляны касцёл, арыентаваны галоўным фасадам на Францысканскую вуліцу, уяўляў сабой крыжападобны ў плане дзвюхвежавы храм. На паўночна-заходняй вежы было 3 званы.

Інтэр'ер касцёла ўпрыгожвалі 4 драўляныя алтары. У галоўным алтары, які аздаблялі 12 металічных ліхтароў, знаходзіўся абраз Св. Антонія. Астатнія алтары мелі абразы Свв. Францішка, Яна і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Падлога ў касцёле была цагляная.

Кляштар правіць

Паводле візіты 1796 года паміж драўляным касцёлам і вуліцай Юр'еўскай стаяў стары драўляны кляштарны корпус.

Новы мураваны Г-падобны ў плане двухпавярховы кляштарны будынак меў калідорнае планаванне і быў накрыты двухсхільным дахам, які аддзяляўся ад сцяны магутным прафіляваным карнізам. У паўднёва-заходняй частцы тарэц даху закрываў трохвугольны франтон, які аздаблялі скульптуры двух анёлаў і рэльефная выява сонца з праменямі ў тымпане. Рытм фасадаў стваралі прамавугольныя аконныя праёмы без ліштваў. Будынак кляштара быў накрыты дахоўкай.[1]

На тэрыторыі кляштарнага комплексу знаходзіўся гарод, а таксама фруктова-дэкаратыўны сад.[2]

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць