Касцёл Святога Казіміра (Вільнюс)

Касцёл Святога Казіміра (літ.: Švento Kazimiero bažnyčia, польск.: kościół Śwętego Kazimierza; з 1840 года да 1915 быў праваслаўным кафедральным саборам Святога Мікалая) — рымска-каталіцкі езуіцкі непарафіяльны касцёл у Вільнюскім дэканаце; першы ўзор стылю ранняга барока ў Вільні. Размяшчаецца ў Старым горадзе на вуліцы Дзіджойі, 34 (Вялікая, літ.: Didžioji g. 34). Набажэнствы на літоўскай мове і, па нядзелях, на рускай мове.

Касцёл
Касцёл Святога Казіміра
Švento Kazimiero bažnyčia
Касцёл Святога Казіміра
Касцёл Святога Казіміра
54°40′39,53″ пн. ш. 25°17′18,75″ у. д.HGЯO
Краіна  Літва
Горад
Канфесія каталіцтва
Епархія Архідыяцэзія Вільнюса
Благачынне Вільнюскі дэканат I
Ордэнская прыналежнасць Езуіты
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Архітэктар Ян Франкевіч
Дата заснавання 1604
Будаўніцтва 16041616 гады
Матэрыял цэгла
Сайт kazimiero.lt/index.php?o…
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Касцёл Святога Казіміра. Фрагмент карціны Марціна Залескага, каля 1846

Закладзены ўходзе ўрачыстасцяў па кананізацыі Св. Казіміра 4 сакавіка 1604 года. Асноўнымі фундатарамі былі Жыгімонт III Ваза і Леў Сапега. План касцёла прывезены з Рыма, нагляд за будаўніцтвам ажыццяўляў Ян Франкевіч, таленавіты вучань Бернардоні[1].

У падмурак касцёла быў пакладзены вялікіх памераў камень, знойдзены на Антакольскіх гарах, адкуль яго прыцягнулі семсот віленскіх мяшчан — дбайных каталікоў; наперадзе працэсіі ішлі вышэйшыя саноўнікі на чале з вялікім канцлерам літоўскім Львом Сапегам. Камень з надпісам быў закладзены ў падмурак пры ўрачыстым набажэнстве. Адначасова побач з касцёлам быў закладзены кляштар для прафесараў езуітаў. Касцёл быў асвячоны ў гонар святога Казіміра 12 мая 1604 года.[2]

 
Вялікая вуліца з боку Ратушнай плошчы. Ю. Азямблоўскі, 19834

Ян Франкевіч, разам з правінцыялам П. Бокшаю, кіраваў аздабленнем інтэр’ера і пабудовай закончанага ў 1624 дома прафесаў (кляштара), фундаванага Сапегамі і Гасеўскімі. Касцёл узведзены да 1609, але неўзабаве пацярпеў ад пажару 1610 і закончаны ў 1616[1], аздабленне інтэр’ера завершана ў 1618 годзе.

Касцёл гарэў у 1655, калі горад быў узяты войскамі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, 1706 і 1749 гадах. У час пажару 1749 года быў знішчаны інтэр'ер касцёла, абвалілся перакрыцці купала. У 17501755 гадах фасады, купал і алтары ў інтэр’еры рэканструяваны архітэктарам Тамаша Жаброўскім у дэкаратыўных формах ракако[1]: адноўлены шматступеньчаты купал, узведзены шлемы дзвюх высокіх веж, пастаўлены 13 алтароў пад мармур са мноствам скульптур святых і раскошная касцёльная кафедра. У час рэканструкцыі храма ў бакавых сценах былі замураваны галерэі, а на іх месцы змешчаны шэсць сюжэтных карцін Фрыдрыха Обста з жыцця Святога Казіміра. Аздабленчымі работамі кіраваў скульптар Ё. Кізнер з Прусіі, фрэскі пісаў Ё. Обст з Чэхіі. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, стыль элементаў рэканструкцыі сведчыць аб тым, што касцёл аднаўляў архітэктар Глаўбіц.

Са скасаваннем ордэна езуітаў у 1773 годзе касцёл перайшоў у распараджэнне ксяндзоў-эмерытаў. У час паўстання Касцюшкі палкоўнік Якуб Ясінскі ў 1794 годзе трымаў у касцёле 1013 рускіх палонных. У 1799 годзе храм стаў прыхадскім.

У 1812 годзе французы ператварылі яго ў склад збожжа, чым нанеслі значную шкоду храму. У 1814 годзе[3] ці, паводле іншых звестак, у 1815 годзе касцёл узялі пад сваю апеку і абнавалі яго манахі місіянеры.

Праваслаўная царква правіць

 
Храм у праваслаўным абліччы. Фатаграфія С. М. Пракудзіна-Горскага (1912)

У 1832 годзе касцёл быў зачынены і перароблены пад праваслаўную царкву. Паводле праекта акадэміка А. І. Разанава ў час рэканструкцыі 18341837 гадах былі разбураны 10 алтароў і выдатная касцёльная кафедра працы Глаўбіца. Перабудова ў праваслаўны сабор у імя Святога Мікалая Цудатворца завяршыліся да 1840 года; у верасні 1840 года сабор быў асвячоны мітрапалітам Іосіфам (Сямашка). Атрыванне саборам статусу кафедральнага адбылося ў 1844 годзе.

 
Надмагілле Аляксандра Корвін-Гасеўскага. Малюнак У. Стэйнбаха, 1851—1865

Пасля паўстання, у 18641868 гадоў віленскі архітэктар М. М. Чагін[1] дадаткова перарабляў будынак, надаючы больш «праваслаўны» выгляд: былі зніжаны вуглавыя вежы фасада, на іх змешчаны цыбулепадобныя купалы, вялікакняжацкая мітра на цэнтральным купале заменена макаўкай. Усе купалы былі пакрыты пазалочанай бляхай. Да храма прыбудаваны прытвор з такім жа цыбулепадобным купалам, фасад храма па-майстэрску аздоблены. У касцёле былі знесены хоры, знішчаны надмагільны помнік польнага гетмана літоўскага Вінцэнта Гасеўскага, які загінуў у час бунту літоўскага войска ў 1662 годзе (фігура з белага мармуру ў выглядзе рыцара, які ляжыць). У сакавіку 1864 года быў урачыста закладзены новы іканастас па праекце акадэміка А. І. Разанава, які атрымаў за яго на Сусветнай выстаўцы 1867 года ў Парыжы залаты медаль. Да скульптурных і жывапісных работ над гэтым алтаром былі запрошаны вядомыя мастакі: абразы ніжняга яруса і абраз з Саваофам выканаў прафесар К. Б. Веніг, абразы Збавіцеля ў архірэйскім уборы, Маці Божай, Іаана Хрысціцеля і абразы верхняга трэцяга яруса належалі пэндзлю прафесара К. Д. Флавіцкага, іншыя абразы іканастаса напісаў акадэмік М. І. Ціхабразаў. Запрастольны абраз Уваскрасення Гасподняга быў напісаны акадэмікам В. В. Васільевым. Кляштар прыстасаваны пад казармы[1].

Знадворку на франтоне сярэдняй вежы ў нішах трэцяга яруса мастаком Мар’яноўскім па кардонах М. І. Ціхабразава былі напісаны фрэскі з выявамі Святога Мікалая, Святога Аляксандра Неўскага і Святога Іосіфа Абручніка. Па завяршэнні работ па ўнутраным і вонкавым аздабленні сабор быў урачыста асвячоны 22 кастрычніка 1867 года архіепіскапам Мінскім і Бабруйскім Антоніем (Зубко).[4]

Найноўшы час правіць

У час Першай сусветнай вайны пры нямецкай акупацыі Вільні ў 1915 годзе храм стаў гарнізоннай пратэстанцкай царквой.

У 1917 вернуты католікам[1]. Пры першым бальшавіцкім нашэсці ў 1919 годзе шматтысячны натоўп, які сабраўся ў касцёле, абараняў ад арышту ксяндза Мукермана, які ўрэшце, каб пазбегнуць кровапраліцця, здаўся сам.

У міжваенны перыяд належаў польскім езуітам. У 19221925 гадах былі адбудаваны хоры, але ўжо ў іншым выглядзе, пад кіраўніцтвам архітэктара Бароўскага абноўлены інтэр’ер, змены, унесеных рускімі архітэктарамі і мастакамі, па магчымасці былі прыбраныя.

З 1940 года касцёл і кляштар належалі езуітам Літвы. Пры касцёле ў памяшканнях кляштара дзейнічала гімназія. Пачынаючы з 1942 года тут працавала першая мужчынская гімназія хлопчыкаў (былая літоўская гімназія імя Вітаўтаса Вялікага), пазней пераназваная ў сярэднюю школу імя А. Венуоліса, цяпер езуіцкая гімназія.

У час Другой сусветнай вайны снарадам знесла цэнтральную і сярэднюю вежы фасада. У 19421944 гадах цэнтральная вежа (вялікакняжацкая мітра з крыжам) была адноўлена па праекце архітэктара Ёнаса Мулокаса. Фасад з крыжам так і не быў адбудаваны. У 1948 годзе касцёл Святога Казіміра быў зачынены. У 19551957 тут размяшчаўся музей атэізму[1]. У 1965 годзе будынак быў ізноў адрэстаўраваны (архітэктары Алдона Швабаўскене, Вітаўтас Габрунас).

3 сакавіка 1991 года асвячоны як касцёл[1] і разам кляштарам адрэстаўраваны. У частцы памяшканняў кляштара размяшчаецца выдавецтва «Айдай» („Aidai“), якое спецыялізуецца на выданні рэлігійнай і філасофскай літаратуры.

Архітэктура правіць

 
Галоўны алтар
 
Купал

Храм пабудаваны на ўзор рымскіх ранніх бязвежавых барочных касцёлаў. У плане 3-нефавы крыжова-купальны храм; галоўны неф перакрыты паўцыркульным скляпеннем на падпружных арках, з распалубкамі; бакавыя, моцна павужаныя, падзелены на капліцы на ўзор касцёла Іль-Джэзу ў Рыме[1]. Гэта стварае ўражанне ледзь не прамавугольнага аб’ёму. Унутраная прастора базілікальная.

Сцены галоўнага нефа ўмацаваны знадворку эскарпамі, яго вышыня з купалам 58 м. Купал дыяметрам 17 м на скрыжаванні нефа і трансепта ўвенчаны ліхтаром[5] з княжацкай каронай. Алтарныя карціны Ш. Чаховіча і Ф. Смуглевіча, размалёўкі І. Обста[1]. Гэта першы і найвялікшы купал у архітэктуры Вільнюса[6]. Дзве высокія вежы галоўнага фасада адрозніваюць касцёл ад рымскага прататыпа; двухвежавы фасад стаў характэрнай рысай віленскага барока.

 
Бакавы алтар

Прыбудаваны ў 1755 годзе прытвор у стылі барока ўнёс разнастайнасць у суровыя і лаканічныя формы храма. Пілястры і складана прафіляваны карніз сцен ствараюць уражанне мастацкай цэласнасці.

Традыцыі готыкі і позняга рэнесансу (маньерызму) прагледжваюцца ў магутных контрфорсах бакавых фасадаў, круглых лесвічных вежах абапал прэзбітэрыя, дэкоры скляпенняў сакрысціі.

У храме маюцца мемарыяльныя табліцы ў гонар Святога Андрэя Баболі, які служыў у касцёле ў 16241630 і 16461652 гадах, архітэктара Ёнаса Мулокаса, біскупа Юліёнаса Сцяпанавічуса.

Крыпта правіць

У касцёле пад алтарнай часткай знаходзіцца крыпта, у якой захоўваюцца мошчы Святога Андрэя Баболі. Сцены крыпты ўпрыгожаны рэлігійнымі роспісамі і надпісамі на лацінскай мове.

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і ЭнцВКЛ 2005.
  2. А. А. Виноградов. . Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. Со многими рисунками и новейшим планом, составленным по Высочайше конфирмованному. В 2-х частях. — Второе. — Вильна: Типография Штаба Виленского военного округа, 1908. — 74—75 с.
  3. А. А. Виноградов. . Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. Со многими рисунками и новейшим планом, составленным по Высочайше конфирмованному. В 2-х частях. — Второе. — Вильна: Типография Штаба Виленского военного округа, 1908. — 75 с.
  4. А. А. Виноградов. . Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. Со многими рисунками и новейшим планом, составленным по Высочайше конфирмованному. В 2-х частях. — Второе. — Вильна: Типография Штаба Виленского военного округа, 1908. — 78 с.
  5. А. Медонис. Туристу о Вильнюсе. Перевод с литовского языка. Вильнюс: Минтис, 1965. С. 73.
  6. А. Папшис. Вильнюс. Вильнюс: Минтис, 1977. С. 57.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць