Касцёл Святога Лінуса (Пеляса)

Касцёл Святога Лінуса — каталіцкі храм, помнік архітэктуры эклектыкі з выкарыстаннем стылізаваных форм готыкі, знаходзіцца ў цэнты вёскі Пеляса (Воранаўскі раён, Гродзенскай вобласці).

Славутасць
Касцёл Святога Лінуса
53°57′01″ пн. ш. 24°58′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дата пабудовы 1935 год
Стан дзейнічае
Map

Гісторыя правіць

Парафіяльны касцёл узгадваецца тут як ужо дзеючы ў складзе Лідскага дэканата ў сярэдзіне XVI ст. (заснаваны ў 1553). Магчыма, гэтая святыня знікла падчас «шведскага патопу» 1654-67 гадоў ці была скасавана, паколькі адзначалася як «найбяднейшая». Па некаторых звестках, да адраджэння самастойнай парафіі тут дзейнічала капліца ад вавёрскай парафіі.

Адраджэнне парафіі адбылося толькі ў 1917 годзе, калі тут быў пабудаваны драўляны касцёл, асвечаны пад тытулам Св. папы Лінуса. У 1935 годзе на месцы драўлянага ўзнёсся ўжо каменны касцёл, і 23 верасня таго ж года яго пад гістарычным тытулам асвяціў кс. прэлат Беляўскас. Фундатарам святыні стаў кс. Будрэцкіс, а будаўніцтвам кіраваў кс. Туцінас.

Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў пеляскай парафіі перавышала 2000 чалавек.

У 1956 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл і прыстасавалі яго пад збожжасховішча, сцягнуўшы купал вежы трактарамі.

Толькі ў 1989 годзе будынак святыні вярнулі парафіянам. Пакуль ішла рэстаўрацыя, вернікі збіраліся ў капліцы, пабудаванай у «прыбалтыйскім стылі» каля парафіяльных могілак (гэта двухсхільная драўляная «палатка» са складанымі вокнамі-вітражамі). 23 верасня таго ж года архібіскуп Юліус Сцепанавічус асвяціў адбудаваны касцёл.

Архітэктура правіць

Касцёл пабудаваны з бутавага каменю і атынкаванай цэглы ў даволі эклектычным стылі з выкарыстаннем стылізаваных форм готыкі. Ён уяўляе сабой аднавежавы зальны храм з паўкруглай апсідай з дзвюма сакрысціямі.

трохнефная аднавежавая базіліка. Галоўны фасад, фланкаваны двума атынкаванымі пінаклямі, завершаны магутнай чацверыковай званіцай, накрытай шатровым дахам з такой самай вежачкай. Карнізам галоўны фасад падзелены на 3 ярусы. Першы з іх вылучаны па цэнтры магутным перспектыўным стральчатым парталам галоўнага ўвахода. Другі ярус вырашаны высокім двухсхільным шчыпцом, расчлянёным лапаткамі на 3 часткі і фланкіраваны шатровымі вежачкамі з крыжамі. Трэці ярус — масіўны чацвярык званіцы з шатровым пакрыццём і сігнатуркай у завяршэнні. Франтальная грань званіцы прарэзана стральчатым акном-біфорыумам. Архітэктурна-эстэтычны эфект храма ствараецца спалучэннем паліхромнай высакаякаснай бутавай муроўкі сцен з атынкаванымі і пабеленымі элементамі архітэктурнага дэкору — крутлымі люкарнамі, лапаткамі, ліштвамі стральчатых аконных праёмаў, прафіляванымі карнізамі.

Інтэр’ер, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на папружных арках з распалубкамі над вокнамі, упрыгожваюць тры алтары: галоўны — з разьбяным Укрыжаваннем, левы бакавы — Маці Божай Вастрабрамскай, правы — Св. Казіміра, аднак пакуль што яны аформлены як часовыя. Над уваходам зроблены арганыя хоры.

Перад святыняй усталявана цікавая драўляная разьбяная кампазіцыя з Укрыжаваннем у «літоўскім» стылі.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі правіць