Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Багданава, стары)
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — колішні каталіцкі храм у вёсцы Багданава Валожынскага раёна.
Славутасць | |
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла | |
---|---|
![]() Касцёл і званіца ў 1916 годзе | |
54°10′37″ пн. ш. 26°06′30″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Архітэктурны стыль | беларускае народнае дойлідства |
Дата пабудовы | 1690 |
![]() |
Гісторыя
правіцьКасцёл быў пабудаваны на сродкі старасты жмудскага Пятра Паца, аднаго з першых гаспадароў маёнтка Багданава, і асвечаны ў гонар Арханёла Міхаіла біскупам Мікалаем Слупскім яшчэ ў 1690 годзе[1]. Месца было выбрана пры тракце, паміж вёскай і сядзібай гаспадара. Пры касцёле заўсёды служыў гальшанскі ксёндз-францысканец[2].
Парафіяльным касцёл стаў у 1792 годзе, калі Багданава належала Чаховічам. У 1742 годзе Багданава купіў у нейкіх Данілевічаў ротмістр Тамаш Чаховіч, пісар Ашмянскага павета[3]. Апошні з прадстаўнік роду, былы харунжы маршалак ашмянскі Казімір Чаховіч, быў пахаваны ў касцёле ў 1834 годзе. Чаховіч залажыў вялікі сад і гадоўлю баброў пры копанцы, жыў на шырокую нагу і хутка збяднеў[2].
Яго маёнтак падзялілі на часткі, каб прадаць крэдыторам, само Багданава жонка маршалка Чаховіча залажыла ў Віленскі банк у 1817 годзе, а ў 1836 годзе, праз два гады пасля смерці Чаховіча, на таргах маёнтак выкупілі маладыя Рушчыцы, бо жонка адваката Фердынанда Рушчыца Ганна была з дому Чаховічаў і не магла дапусціць, каб маёнтак, якім род валодаў амаль 100 гадоў, трапіў у чужыя рукі[2].
У часы Рушчыцаў касцёл стаў філіяльным і ў ім, як і было спачатку, вёў набажэнства гальшанскі ксёндз. У вайну 1812 года касцёл быў моцна пашкоджаны. Французы праходзілі праз Багданава ўзімку і грэліся ў касцёле, запаліўшы вогнішча ў рызніцы, спалілі ўсе лаўкі і нават арнаты XVIII стагоддзя. Праз некалькі гадоў, абжыўшыся, Рушчыцы вырашылі аднавіць касцёл. Яны фундавалі пакрыццё яго новым гонтавым дахам, умацавалі сцены, пафарбавалі ўнутры сцены і адрэстаўрыравалі інтэр’ер[2].
Паводле некаторых даных у 1844 годзе на месцы знішчанага пажарам драўлянага касцёла канца XVII ст. быў пабудаваны новы[4]. Касцёл быў асвечаны ў 1846 годзе францысканцам з віленскага кляштара Паўлам Сакалоўскім[2].
Храм адлюстраваны на карціне «Каля касцёла» (1899) мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся ў маёнтку Багданава[4]. Касцёл быў знішчаны пажарам у 1944 годзе. На яго месцы быў пабудаваны новы драўляны храм, які нагадваў папярэдні. У 2000 г. замест драўлянага пастаўлены новы цагляны храм. Захавалася акаймаваная бутавая агароджа 1902 года[4].
Пры будаўніцтве новага касцёла будаўнікі выпадкова знайшлі ў падмурку запячатаную бутэльку, усярэдзіне якой быў стары дакумент з польскім рукапісным тэкстам з двух бакоў. Знаходку перадалі на захоўванне ў мясцовую школу, у куток Рушчыца, які арганізавала настаўніца, гісторык Таццяна Сабалеўская[2].
Ніхто не мог прачытаць. У 1998 годзе сямейную рэліквію перадалі сыну Фердынанда Рушчыца, Эдварду, які традыцыйна прыехаў на Дзяды з Варшавы. Аказалася, што на паперы 1846 года Ганнай Рушчыц з Чаховічаў (1800—1874) была напісана кароткая гісторыя касцёла, каб адзначыць ролю сваёй сям’і ў адраджэнні касцёла[2].
Архітэктура
правіцьКасцёл — твор народнага драўлянага дойлідства. Быў вырашаны прамавугольным зрубам з 5-граннай больш нізкай апсідай. У высокі двухсхільны гонтавы дах з боку галоўнага фасада была ўрэзана чатырохгранная шатровая вежа-званіца. Яна ўвенчвала трохвугольны франтон фасада, дэкарыраваны фігурнай шалёўкай вакол паўкруглай люкарны. Апсіда была накрыта пластычным шматгранным гонтавым дахам, які значна ўзбагачаў маляўнічасць сілуэта храма, яго яруснасць. Вертыкальная шалёўка сцен, рытм высока ўзнятых прамавугольных аконных праёмаў — сродкі архітэктурнай выразнасці ў народным дойлідстве. Малітоўная зала перакрывалася плоскай столлю[4].
Касцёл акаймоўвала мураваная агароджа з брамай: двухяруснае цэнтрычнае збудаванне, накрытае пакатым чатырохсхільным шатром. Першы ярус вертыкальна абшыты дошкамі і мае арачны ўваходны праём. Другі ярус адкрыты, каркасны, з арачнымі прасветамі. Ярусы размежаваны шырокім гонтавым сцёкам[4].
Крыніцы
правіць- ↑ Jankowski Czeslaw. Powiat Oszmianski. Materialy do dziejow ziemei ludzi. Cz. 1. Peterburg: nakl. wydawcy: K. Grendyszynski. — Krakòw: G. Gebethner, 1896.
- ↑ а б в г д е ё Надзея Усава. НАШ СЦІПЛЫ КАСЦЁЛАК. «НЯДЗЕЛЯ. ЛЯ КАСЦЁЛА» ФЕРДЫНАНДА РУШЧЫЦА: МАСТАЦКІ ЭПІГРАФ ДА НЕРЭАЛІЗАВАНАГА ПРАЕКТА
- ↑ Акаловіч, Л. Радавод Рушчыцаў (Рожчычаў) герба «Ліс» // Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Архітэктурны комплекс XVII—XVIII стст. у в. Гальшаны, Фонд «Ратуша», г. Гродна. Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. — Мінск-БагданаўГальшаны. 8-9 снежня 2001 года. — С. 5.
- ↑ а б в г д Касцёл святога архангела Міхаіла // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
Літаратура
правіць- Касцёл святога архангела Міхаіла // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.