Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Цімкавічы)

Цімкавічы

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — колішні каталіцкі храм у в. Цімкавічы Капыльскага раёна.

Славутасць
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
53°04′03″ пн. ш. 26°59′13″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Заснавальнік Ян Сямён Алелькавіч і Казімір Леў Сапега
Дата пабудовы 1647 год
Дата скасавання 1986
Матэрыял драўніна
Map

Гісторыя правіць

 
Касцёл на малюнку 1908 г.

Пабудаваны ў 1560 г. слуцкім князем Янам Сямёнам Юр’евічам Алелькавічам, асвячоны кардыналам віленскім біскупам Юрыем Радзівілам у 1580 г. У 1647 г. Лявонам Сапегам пастаўлены новы, таксама драўляны касцёл. У другой палавіне XIX стагоддзя перароблены пад царкву[1].

У 1906—1908 гадах інтэр’ер храма аздабляў арнаментальна-расліннай дэкаратыўнай размалёўкай з выкарыстаннем лепшых народных традыцый мастак Францішак Бруздовіч[2].

У 1976 і 1979 гг. спецыялістамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР было зроблена дэталёвае навуковае абследаванне гэтага помніка, зроблены абмеры і фотафіксацыя. У 1986 г. касцёл быў знішчаны пажарам у выніку «нядбайнасці» (у некаторых крыніцах называецца 1985 год[1])[2].

Архітэктура правіць

Твор народнага драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока. Трохнефавы храм з 5-граннай апсідай, якая, прарэзаўшы дах, выходзіла наверх, што забяспечвала ёй 2-яруснае асвятленне. Да апсіды сіметрычна далучаліся 2 сакрысціі. Асаблівасцю храма з’яўлялася 3-вежавая кампазіцыя яго галоўнага фасада, аздобленага паўкруглымі слупамі і падзеленага на 2 ярусы прычолкам з прафіляваным карнізам. Верхні ярус вырашаны атыкам з паўвальмавым дахам. Уваходныя дзверы мелі мастацкую акоўку ў выглядзе дубовых галінак[1].

Інтэр’ер правіць

Унутраная прастора была падзелена архаічнымі калонамі на 3 нефы з плоскай столлю. На левай сцяне была навешана квадратная кафедра амбона. Над уваходам хоры з філёнгавым парапетам і вітымі драўлянымі лесвіцамі. Мастак Францішак Бруздовіч распісаў інтэр’ер храма: міжнефавы фрыз запоўніў карцінамі, пакрыў сцены, столь і канструкцыйныя элементы раслінна-кветкавым арнаментам у стылі мадэрн — стылізаваныя букеты ружаў і кусты шыпшыны, галінкі яблынь, дубовае лісце, кветкі сланечнікаў, белыя рамонкі, блакітна-сінія валошкі, белыя лілеі, незабудкі і інш[1].

Вось як вобразна прадстаўлялі спецыялісты гэты самабытны і арыгінальны помнік манументальна-дэкаратыўнага жывапісу: «Па бронзавым колеры старога дрэва свабодным пэндзлевым роспісам і пры дапамозе трафарэтаў белым, бэзавым, блакітным, зялёным колерамі былі намаляваны квітнеючыя яблыневыя сады, ружы, арнаментальныя кампазіцыі з рамонкаў, лёну, лілей, званочкаў і іншых палявых і садовых кветак»[3]. В. В. Церашчатава, даследчык роспісаў Цімкавіцкага касцёла, падкрэслівае, што «ўсе кветкі мясцовай флоры пададзены мастаком у рэалістычнай манеры як па форме, так і па колеры. Колер роспісаў мажорны і яркі, ужываецца ў розных варыяцыях (белы, блакітна-сіні, зялёны, бэзава-ружовы, чырвоны, жоўты і інш.). Ствараецца ўражанне казачнага, дзівосна зачараванага свету, народнага хараства і прыгажосці»[4]. Юзафат Жыскар, гісторык касцёлаў, публіцыст, які падрыхтаваў і выдаў у 1912—1913 гг. знакаміты даведнік «Nasze Kościoły» з апісаннем нашых мінскіх, магілёўскіх і віцебскіх касцёлаў, адзначаў, што «цімкавіцкі касцёл багаццем фарбаў, эстэтычнай гармоніяй, жывой гульнёй паліхроміі стаў для Літвы і Белай Русі тым жа, чым стаў касцёл францысканцаў, аформлены Станіславам Выспянскім, для Кракава»[5][2].

Зноскі

  1. а б в г Касцёл святога архангела Міхаіла // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. 465-466. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  2. а б в Францішак Бруздовіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
  3. Раманюк, М. Кветкі зямлі капыльскай / Міхась Раманюк // Мастацтва Беларусі. — 1986. — 12. — С. 67.
  4. Церашчатава, В. Цімкавіцкі роспіс / В. Церашчатава // Помнікі мастацкай культуры Беларусі : новыя даследаванні. — Мінск, 1989. — С. 24.
  5. Nasze Kościoły / Oprac.: Lidia Paluszkiewicz-Horubala. T.1. Cz. 2 : Diecezja Мinska. — Warszawa, 2001. — S. 329.

Літаратура правіць

  • Касцёл святога архангела Міхаіла // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. 465-466. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.

Спасылкі правіць