Адкрыць галоўнае меню

Касцёл Святога Станіслава (Пінск)

Касцёл Святога Станiслава — колішні касцёл у Пінску, помнік беларускай архітэктуры сярэдзіны XVII стагоддзя.

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Станіслава
Касцёл Св. Станіслава. Польская паштоўка 1939 года
Касцёл Св. Станіслава. Польская паштоўка 1939 года
54°28′50,80″ пн. ш. 26°24′13,25″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Пінск
Канфесія Каталіцызм
Ордэнская прыналежнасць Езуіты
Архітэктурны стыль Барока
Заснавальнік Альбрэхт Станіслаў Радзівіл
Першае згадванне 1635
Дата заснавання 1635
Будаўніцтва 16351648 гады
Дата скасавання 1953
Статус Не захаваны помнік архітэктуры

Касцёл Святога Станіслава (Пінск)
Касцёл Святога Станіслава
Касцёл Святога Станіслава

Гісторыя касцёлаПравіць

Будаўніцтва кафедральнага касцёла Св. Станіслава было распачата ў 1635 годзе, будаваўся ён пры Пінскім калегіуме езуітаў на сродкі пінскага старасты канцлера Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхта Станіслава Радзівіла. Скончаны ў 1648 годзе. На той час з'яўляўся самым вялікім касцёлам Вялікага Княства Літоўскага.

У 1655 годзе быў зруйнаваны казакамі. У маі 1657 годзе ў склепе касцёла пахаваны каталіцкі святы Андрэй Баболя; пасля яго мошчы перавезены ў Варшаву[1].

У 1787—1799 гг. касцёл належаў уніятам. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі, манастыр з касцёлам у езуітаў адабралі і аддалі базыльянам. У 1800 годзе манастыр асвячоны як праваслаўны Богаяўленскі (сюды перавялі пінскі мужчынскі Богаяўленскі манастыр). Калі Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польшчы (1918—1938), у касцёле Св. Станіслава зноў сталі служыць каталікі.

 
Перспектыва цяперашняй вул. Леніна ў 1930-я гг.

Рускі пісьменнік М. С. Ляскоў, які праязджаў Пінск, пісаў:

Касцёл езуітаў, ператвораны цяпер у праваслаўны храм, надзвычай прыгожы. Ён пабудаваны яшчэ пры князях Вішнявецкіх. Калі глядзець на Пінск з-за ракі Піны, то гэты храм і дом Скірмута як бы пануюць над драўляным горадам. Усярэдзіне сабора мы не маглі знайсці нічога выдатнага, акрамя дзвюх незабеленых фрэсак, усё астатняе забелена[2].

Пра касцёл у 1939 годзе ёсць цікавы ўспамін пінчука-эмігранта Джуліуса Маргаліна (1900—1971)

… група з 20 памагатых з чырвонымі павязкамі на рукавах (галоўным чынам яўрэі-камуністы) падбеглі да стаячых гармат і танкаў на вуліцы Пілсудскага (Першамайская) і спецыяльна сказалі, што нібы хтосьці забраўся на касцёл і страляе па Чырвонай Арміі і камуністах. Пад'ехаў танк і адна гармата, пачалі паліць па вежы і амбону. Дах, адна вежа і фрэскі былі разбураны. Слядоў, што хтосьці мог быць у будынку, не было выяўлена[3].

У тую пару касцёл усярэдзіне амаль увесь выгарэў, абваліўся дах.

У 1953 годзе пры рэканструкцыі горада і ўстаноўцы на плошчы помніка У. І. Леніну, касцёл падарвалі.

Архітэктура касцёлаПравіць

 
Бакавы фасад
 
Галоўны фасад
 
Касцёл у 1930-х гадах
 
Папярочны разрэз

Касцёл пабудаваны з цэглы, тыповага для тагачаснага манументальнага дойлідства — памеру 27х12х5 см. Аб'ём касцёл меў 40 тыс. куб. м, вышыня — 28 м, найбольшая шырыня фасада — 25 м. У галоўнай частцы фасада касцёла меліся бакавыя крылы, завершаныя паўкружжамі сцен з аркавымі праёмамі. На фасадзе таксама меліся дзве 11-мятровыя трох'ярусныя вежы. Крыжы знаходзіліся на вышыні 28 метраў.

Як у большасці езуіцкіх касцёлаў, унутраныя драўляныя сцены касцёла св. Станіслава былі ўпрыгожаны мастацкай разьбой, скляпенне — фрэскай «Ісус, які ўваскрашае Лазара». Усярэдзіне касцёла стаялі папарныя калоны. Над бакавымі нефамі на другім і трэцім паверхах размяшчаліся прасторы для хораў[4].

Гісторык беларускай архітэктуры Т. Габрусь мяркуе, што «інтэр'еры касцёла і калегіума, пэўна, упрыгожвалі мастакі-езуіты Якуб Брэтзер (1690—1733) і Ігнат Дарэці (1703—1763). Сцены касцёла былі распісаны фрэскамі на тэмы жыцця Св. Станіслава»[5].

У 17491753 гг. архітэктар Ян Тупальт (17071769) задумаў буйную перабудову касцёла. Мастацтвазнавец С. Адамовіч піша: «Менавіта тады былі збудаваны каменныя вежы замест драўляных, фасады ўпрыгожаны гіпсавымі скульптурамі, а абапал фасада збудаваны арыгінальныя крылы, якія служылі таксама званіцамі. Па сведчанні сучаснікаў, касцёл уражваў не толькі сваімі памерамі, але і асобай працай лепшых еўрапейскіх майстроў, якія стварылі галерэю пышных фрэсак, упрыгожылі інтэр'ер храма разьбой па дрэве, скульптурнымі кампазіцыямі, вырабамі з бронзы»[6].

Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе, касцёл абнаўляўся пасля пажару і абвалу перакрыццяў — гэта значыць, ён, мабыць, быў цалкам перабудаваны ў трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя ў стылі позняга барока.

У Беларусі існаваў яшчэ адзін касцёл Св. Станіслава (1454—1842) — у Мядзеле.

Зноскі

  1. Андрэй Баболя
  2. Н. Лесков. Из одного дорожного дневника
  3. Margolin Julius. When the Red Army Liberated Pinsk (Commentary [American Jewish Committee] — vol. 14, no. 6, Dec. 1952), pp. 517—528
  4. Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси.— М., Прогресс-традиция. 2002. С. 340
  5. Габрусь Т. Мураваныя харалы. ― Мн., 2001
  6. Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша Вера, 1999, № 3. С. 32-36

ЛітаратураПравіць

  • Блинова Т. Иезуиты в Беларуси: роль иезуитов в организации образования и просвещения. ― Гродно, 2002.
  • Галенчанка Г. З гісторыі царкоўна-рэлігійных адносін на Піншчыне ў XVI—XVII стст. // Навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 900-годдзю Пінска.― Пінск, 1997. С. 12-16.
  • Ярашэвіч А. Пінскія кляштары // Наша Вера. 1999. № 3. С. 26-31.
  • Энцыклапедыя лмтаратуры i мастацтва Беларусі. ― Мн., Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1987. т. 4. С. 288

СпасылкіПравіць