Касцёл Святога Тадэвуша (Лучай)

Лучай

Касцёл Святога Тадэвуша — помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудаваны ў 17661776 гадах у в. Лучай (Пастаўскі раён) па фундацыі Тадэвуша Агінскага. Часткова перабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя, была зменена ордарная пластыка і размаляваны інтэр’ер.

Славутасць
Касцёл Святога Тадэвуша
55°05′23″ пн. ш. 27°07′05″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль барока і класіцызм
Заснавальнік Альжбета з Агінскіх і Тадэвуш Францішак Агінскі
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Касцёл быў зафундаваны ў 1766 г. Эльжбетай Пузынай у дзявоцтве Агінскай, для іезуіцкай місіі, але дабудаваны ў 1776 г. на сродкі Тадэвуша Агінскага, уладальніка Лучая. Падчас будовы ордэн іезуітаў забаранілі, таму лічыцца, што гэта быў апошні помнік іезуіцкай архітэктуры ў Беларусі. У 1777 годзе будынак быў асвечаны ў гонар патрона заснавальніка - апостала Юды Тадэвуша, і стаў парафіяльным. Асвяціў касцёл беларускі суфраган біскуп Фелікс Тавянскі. Першапачаткова касцёл быў пабудаваны ў стылі барока, у першай палове ХІХ стагоддзя быў крыху перабудаваны ў модным тады класіцыстычным (станіслаўскім) стылі.

Застаецца адкрытым пытанне асобы архітэктара. Паводле Мар’яна Марэлёўскага найбольш стылістычнага падабенства ў лучайскага касцёла назіраецца з «белай заляй» Віленскай абсерваторыі, якую пабудаваў Томаш Жаброўскі (выкладчык матэматыкі ў Віленскай акадэміі), а даводзіў да ладу італьянец Карла Спампані (выкладчык архітэктуры у той жа акадэміі). Менавіта італьянскі архітэктар і выглядае на найбольш верагодную кандыдатуру стваральніка касцёла святога Тадэвуша[1].

Аўтарства роспісаў паверхні сцен і скляпенняў храма ў тэхніцы грызэйль (якая імітуе скульптурную лепку) на фундацыю мінскага падчашага Тадэвуша Ваньковіча звязваюць з імем мастака Казіміра Анташэўскага[2].

Да 1972 года ў касцёле захоўваліся партрэты фундатараў Антонія Пузыны і Эльжбеты Пузыны, іх перадалі ў Полацкі краязнаўчы музей. Зараз партрэт Эльжбеты Пузыны экспануецца ў Мастацкай галерэі Полацкага музея-запаведніка[3]. Яшчэ два партрэты, Эльжбеты і Антонія Пузыны, з Полацка перадалі ў Віцебск, зараз яны знаходзяцца ў Віцебскім мастацкім музеі.

19 снежня 1821 года на дзень Святога Валерыя ў касцёле браў шлюб з Валерыяй Ваньковіч знакаміты вучоны і мецэнат Канстанцін Тызенгаўз.

У 1911 г. група жывапісцаў, выпускнікоў Варшаўскай школы прыгожых мастацтваў, на чале з яе дырэктарам Казімірам Стаброўскім, адрамантавала і рэканструявала ілюзіяністычныя насценныя роспісы.

Храм моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны. У 1946 г. касцёл быў зачынены і ператвораны ў склад, а ў 1971 г. — у майстроўню (паводле іншай звесткі, служыў гаражом для трактароў). У 1985 годзе па ініцыятыве дырэктара калгаса імя Суворава Алега Валодзькі распачата яго аднаўленне. 16 мая 1990 г. яго вярнулі католікам.

15 чэрвеня 2008 г. біскуп Уладзіслаў Блін адкрыў і благаславіў помнік Папы Бенедыкта XVI. Ён створаны па ініцыятыве пробашча парафіі (2006-17) кс. Мікалая Ліпскага. Помнік стварыў скульптар Леў Аганаў.

У 2016 годзе адзначалася 250-годдзе з дня заснавання касцёла.

Архітэктура правіць

Мураваная трохнефная двухвежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Галоўны фасад фланкіруюць трох’ярусныя вежы, раскрапаваныя кутнімі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваныя). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Галоўны фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваныя пілястрамі. Па ўсім перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордара. Інтэр’ер вырашаны ў насычанай архітэктарскай пластыцы. У цэнтральным нефе скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі, у бакавых — крыжовыя, над сяродкрыжжам — сферычны купал. Над уваходам — хоры. Ордэрную пластыку дапаўняюць размалёўкі ў тэхніцы грызайль. Аснова купала запоўненая ілюзорна-перспектыўнай кампазіцыяй. У распалубках цэнтральнага нефа — чатыры размаляваныя васьмігранныя плафончыкі. На ветразях купала, тарцовых сценах трансептаў, консе апсіды — выявы скульптур евангелістаў, святых і анёлаў. Сцены бакавых нефаў дэкарыраваныя размалёўкай, якая імітуе скульптурны рэльеф. Гэтак жа выкананае размешчанае над уваходам пано-картуш з выявамі двух воінаў са шчытамі воінскіх атрыбутаў. Разнастайным арнаментальным дэкорам запоўненыя ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.

Зноскі

  1. Morelowski Marian. Zarysy sztuki wileńskiej. ― Wilno, 1939. S. 293.
  2. Michalczyk, Zbigniew. Kazimierz Antoszewski i grupa barokowo-klasycystycznych malowideł ściennych na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego, „Biuletyn Historii Sztuki”, 73: 2011, nr 3-4, s. 479-530.
  3. http://polotsk.museum.by/be/node/42811

Літаратура правіць

Спасылкі правіць