Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Масты Правыя)

Касцёл Святога Яна Хрысціцелярымска-каталіцкі храм, знаходзіцца ў цэнтры вёскі Правыя Масты (Мастоўскі раён Гродзенскай вобл.).

Славутасць
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
53°25′49″ пн. ш. 24°38′06″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Стан дзейнічае
Map

Гісторыя правіць

Касцёл тут быў заснаваны каралевай Бонай Сфорцай у 1539 годзе. У сярэдзіне XVI ст. пры ім была адчынена парафіяльная школа. Драўляны касцёл, адноўлены на ахвяраванні караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III, у 1710 (або ў 1740) быў рэканструяваны. Апошняя рэстаўрацыя старажытнага драўлянага касцёла адбылася ў 1923 годзе.

 
Касцёл у пач. XX ст.

У ХIХ ст. у якасці філіяльнага касцёла да Мастоўскай парафіі належаў касцёл у Мікелеўшчыне. Тады агульная колькасць парафіян складала больш за 2600 чалавек. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала прыкладна 2400 чалавек.

Новы касцёл з чырвонай вонкавай цэглы з рысамі неабарочнага стылю пачалі будаваць паводле праекта архітэктара Бабкова на месцы старога драўлянага касцёла, які згарэў у 1980-я гады. Вуглавы камень быў урачыста асвечаны 26 мая 1990 года арцыбіскупам Франчэска Коласуона. Будаўніцтва скончылася ў 1992, а ў 1993 годзе храм быў асвечаны пад тытулам св. Яна Хрысціцеля.

Архітэктура правіць

Гэта аднавежавая трохнававая велічная базіліка. Галоўны фасад завершаны двух’яруснай (васьмярык на чацверыку) вежай пад высокім шатровым купалам (новы шацёр быў усталяваны ў лістападзе 2004), але функцыю званіцы выконвае не яна, а металічная канструкцыя, усталяваная побач з касцёлам.

Малітоўную залу, падзеленую трыма парамі круглых калон на тры навы (цэнтральная вышэйшая за бакавыя) і перакрытую плоскім бетонным перакрыццем, упрыгожваюць галоўны алтар (тытульны алтар св. Яна Хрысціцеля) і бакавыя алтарныя кампазіцыі. У 2008 пабудаваны новы галоўны алтар на ўзор алтара са старога касцёла. Далей працягваюцца працы па аднаўленні бакавых алтароў: стыгматаў св. Францішка і Маці Божай Міласэрнасці.

 
Капліца

На старых парафіяльных могілках захавалася капліца, пабудаваная ў стылі класіцызму ў сярэдзіне ХIХ ст. Апошні раз ёй карысталіся ў 1980-я гады, калі згарэў старажытны касцёл. Капліца ўяўляе з сябе адносна невялікі цагляны і атынкаваны прамавугольны ў плане аб’ём з паўкруглай алтарнай часткай. Галоўны фасад дэкараваны пілястрамі і завершаны чацверыковай драўлянай вежачкай. Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю, алтар капліцы вырашаны дзвюхкалоннай структурай вакол нішы для абраза. Побач з капліцай знаходзяцца надмагіллі роду Лавіцкіх.

Літаратура правіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі правіць