Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны)
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў — каталіцкая святыня ў в. Гальшаны (Ашмянскі раён). Уключае мураваныя касцёл і жылы корпус. Помнік дойлідства XVI—XVIII стст.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў | |
---|---|
54°15′24″ пн. ш. 26°00′36″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | францысканцы |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Павел Стэфан Сапега |
Будаўніцтва | 1618—1770 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000063 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ 1618 годзе Павел Стэфан Сапега запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак Гальшаны і заснаваў там францысканскі манастыр. Першы будынак касцёла пабудаваны ў пачатку XVI ст., перабудаваны пад кальвінскі збор у сярэдзіне XVI ст. У 1618 г. на сродкі Паўла Сапегі касцёл зноў перабудаваны, узведзены жылы корпус кляштара.
У пачатку 1770-х гадоў (верагодна, у 1774 г.) будынак касцёла быў разабраны амаль да муроў і на яго месцы з выкарыстаннем падмуркаў і часткі сцен пабудаваны новы, які захаваўся да нашага часу.
Пасля паўстання 1830 года многія каталіцкія кляштары былі зачынены, францысканскі кляштар у Гальшанах быў зачынены ўказам ад 19 ліпеня 1832 года[1], жылы будынак перададзены ваеннаму ведамству. Касцёл Яна Хрысціцеля стала звычайнай прыхадской.
Пасля 1944 года храм прыйшоў у заняпад, але быў рэканструяваны і працягвае заставацца дзеючым каталіцкім храмам.
Архітэктура
правіцьКасцёл
правіцьКасцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохкупальны храм з паўкруглай апсідай і капліцамі па баках. Галоўны фасад і апсідная частка маюць рысы стылю барока — фігурны франтон, раскрапоўка пілястрамі, валюты.
Вертыкальнае чляненне галоўнага фасада пілястрамі на тры часткі адпавядае падзелу ўнутранай прасторы на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і папружнымі аркамі, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Эмацыянальны акцэнт інтэр'ера касцёла — жывапіс на сцяне трох’яруснага галоўнага алтара, выкананага ў 1790-х гадах. У першым ярусе паміж архітэктурнымі кулісамі размешчаная дзвюхфігурная кампазіцыя «Хрышчэнне». Другі ярус уяўляе сабой надкартушную прастору з выявамі анёлаў. На атыку намаляваная фігура пішучага Яна Евангеліста з яго сімвалам — арлом. У трэцім ярусе адлюстраваная падкупальная прастора, запоўненая святлом блакітнага неба, у якім два анёлы нясуць у руках герб. Акрамя галоўнага, у касцёле было сем бакавых алтароў.
У адной з бакавых капліц іх знаходзілася надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак — трох’ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу, які цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.
Кляштар
правіцьЖылы корпус кляштара двухпавярховы, прамавугольны ў плане, прымыкае да будынку касцёлу з паўночнага захаду. Першапачаткова па перыметры ўнутранага дворыку (клуатра) ішла мураваная галерэя, частка якой (разбурана ў 1832 г.) злучала касцёл з жылым корпусам (рэшткі галерэі ў месцы прымыкання да касцёлу выяўленыя аўтарам праекту рэстаўрацыі касцёлу В. С. Маскалёвым). Да паўночнага вугла жылога корпуса прымыкае шасцігранная вежа (у час археалагічных даследванняў на чале з А. Кушнярэвічам выяўлены фундамент другой такой жа вежы з процілеглага боку). У першым паверсе будынку размяшчаліся кухня, кладоўкі, васкоўня, трапезная, у другім — келлі і бібліятэка. Планіроўка захавалася часткова.
Званіца
правіцьМураваная квадратная ў плане званіца пабудаваная ў 1810-я гады, мела тры званы, завяршалася жалезным крыжам. Тэрыторыя кляштара абнесеная мураванай агароджай.
Легенда пра Белую панну
правіцьЗ касцёлам Яна Хрысціцеля звязана легенда пра прывід Белай панны, аналагічная многіх легендам пра Белую панну, якія існуюць у розных краінах Еўропы. Нібыта будаўнікі не паспявалі скончыць храм да прызначанага тэрміна, і ўгневаны Сапега прыстрашыў пакараць смерцю іх у выпадку затрымкі. Будаўнікі вырашылі, што ім перашкаджаюць чорныя сілы і прынеслі ў ахвяру маладую дзяўчыну, замураваўшы яе ў сцяну жыўцом. З тых часоў нібы ў сценах кляштара і царквы перыядычна з'яўляецца яе прывід[2][3].
Зноскі
- ↑ Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- ↑ www.belarusin.net(недаступная спасылка)
- ↑ Гальшаны і Крэва: ажывелыя тайны старадаўніх руін Архівавана 20 лістапада 2013.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 246-247.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны)
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў (Гальшаны) на сайце Глобус Беларусі (руск.)