Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Беняконі)

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля — каталіцкі храм у в. Беняконі (Воранаўскі раён). Помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі неабарока і неакласіцызму. Пабудаваны ў 19001906 гг. з цэглы.

Славутасць
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
54°15′12″ пн. ш. 25°21′35″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Беняконі
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская
Архітэктурны стыль эклектыка з рысамі неабарока і неакласіцызму
Будаўніцтва 19001906 гады
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля быў заснаваны тут па фундацыі тагачаснага ўладальніка вёскі графа Яна Сымонавіча Чаплінскага ад 16 жніўня 1634 года і пабудаваны з дрэва. Адначасова з касцёлам граф перадаў касцёлу фальварак Хадкішкі і в. Перагані для ўтрымання там шпіталя на 16 чалавек, а ў 1638 годзе зафундаваў яшчэ і парафіяльны шпіталь.

 
Стары Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, Беняконі, 1910

У 1737 быў скончаны касцёл (гл. Стары Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, Беняконі)

Да 1808 да беняконскай парафіі належала капліца ў Канвелішках, пакуль там не ўтварылася самастойная парафія. У ХІХ ст. як прыпісная ўзгадваецца і філія ў Бутрыманцах (сёння парафія ў Літве), а колькасць парафіян складала амаль 5000 вернікаў.

На пачатку ХХ ст. у Беняконях вырашылі пабудаваць новы, ужо каменны, велічны касцёл. Святыню пачалі ўзводзіць у 1900 годзе на гістарычным месцы. Будаўніцтва скончылася ў 1902 годзе. Аб гэтым сведчыць пліта з датай МСМІІ, усталяваная на апсідзе храма.

У 1925 годзе Беняконі сталі цэнтрам аднайменнага дэканата Віленскай архідыяцэзіі. Да Другой сусветнай вайны Беняконскі дэканат складаўся з 11 парафій: Беняконі, Воранава, Осава, Германішкі і Канвелішкі, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама Бутрыманцы, Вялікія Салечнікі, Малыя Салечнікі, Падбор’е і Дзевянішкі (цяпер тэрыторыя Літвы), а таксама парафія Геранёны (сёння Іўеўскі дэканат). Колькасць вернікаў у беняконскай парафіі перавышала ў той час 6500 чалавек.

8 чэрвеня 1951 года ксёндз дзекан Дамінік Гайліюш быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў катаргі, памёр у Іркуцку ў 1953 годзе і там пахаваны, у Беняконях зроблена сімвалічнае надмагілле. На працягу наступнага дзесяцігоддзя да мясцовых вернікаў прыязджаў кс. Апалінарый Зубелевіч з Канвелішкаў, былы вікарый бняконскай парафіі. Але ў 1961 улады ўсё ж зачынілі касцёл у Беняконях, зрабіўшы ў будынку сховішча паліва. Нягледзячы на гэта, касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры. У будынку плябаніі была змешчана школа-інтэрнат, а пасля псіхіятрычная бальніца.

Пасля доўгага змаганне за вяртанне святыні, 10 снежня 1988 года вернікі атрымалі ключы ад касцёла. Адразу распачалася рэстаўрацыя храма. 21 снежня 1988 адбылося першае набажэнства. У 1989-94 беняконскай парафіяй апекаваліся ксяндзы палаціны.

Архітэктура правіць

 
Касцёл з боку апсіды

Двухвежавая трохнефавая базіліка з трансептам, роўным па вышыні цэнтральнаму нефу, які мае паўцыркульнае алтарнае завяршэнне. Бакавыя нефы больш нізкія, з боку галоўнага фасада завершаны магутнымі трох’яруснымі вежамі-званіцамі, а па баках алтара — прамавугольнымі сакрысціямі. Паўцыркульная алтарная частка касцёла абкружана больш нізкай прыбудовай, што надае ёй арыгінальнае ступеньчатае вырашэнне. Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі, з трохвугольнымі франтонамі на тарцах, бакавыя нефы — аднасхільнымі дахамі. Над алтарнай часткай дах конусападобны, над вежамі шпілі. Аконныя праёмы прамавугольныя, з паўцыркульнымі імпастамі. Верхні ярус алтара асветлены вялікімі люнетамі. Сцены аздоблены плоскімі і руставанымі пілястрамі, філёнгавымі нішамі, сандрыкамі і інш., завершаны развітымі багата прафіляванымі антаблементамі.

Інтэр’ер правіць

 
Галоўны алтар

Інтэр’ер асветлены двума ярусамі вокнаў. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі скляпеннямі. Інтэр’ер упрыгожаны мастаком К. Квяткоўскім у стылі «другога ракако» (неаракако) арнаментальнай ляпнінай, картушамі, размалёўкай.

Выкарыстаны цікавы прыём асвятлення верхняга яруса галоўнага алтара шэрагам круглых вокнаў-люнетаў у конхавым скляпенні. У інтэр’еры тры двух’ярусныя алтары: галоўны прысвечаны патрону касцёла св. Яну Хрысціцелю, левы — Божай міласэрнасці (у другім ярусе знаходзіцца абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса), правы — Маці Божай Шкаплернай.

Пахаванні правіць

 
Магіла Марыі Верашчакі

Каля сцен касцёла пахаванні членаў сям’і Путкамераў — уладальнікаў навакольных земляў. Тут пахавана Марыля Верашчака, каханая Адама Міцкевіча.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць