Касцёл Святога Яўхіма (Клюшчаны)

Касцёл Святога Яўхіма — колішні драўляны каталіцкі храм у вёсцы Клюшчанах Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіўся ў паўночна-заходняй частцы вёскі.

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Яўхіма
54°57′53″ пн. ш. 26°09′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Клюшчаны
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Астравецкі
Архітэктурны стыль неаготыка
Дата пабудовы 1726 год
Стан страчаны
Map

Гісторыя правіць

Касцёл пабудаваны ў 1726 годзе з дрэва па фундацыі Я. Корсака, капітальна перабудаваны ў 1905 годзе. У 1915–1916 гадах у храме служыў Казімір Сваяк.

Зачынены ў 1948 годзе, вернуты католікам i адбудаваны ў 1990 годзе, рэкансэкраваны 16 кастрычніка 1993 года. Па звестках 2017 года, парафія налічвала 148 чалавек[1].

У ноч на 6 чэрвеня 2017 года касцёл цалкам згарэў[2]. Верагоднай прычынай пажара з’яўляецца няспраўнасць электычных сетак і абсталявання. На месцы касцёла плануецца будаўніцтва цаглянай капліцы[1].

Архітэктура правіць

Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане храм з пяціграннай апсідай, па баках якой — нізкія сакрысціі. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам і фланкіраваны двух’яруснымі чацверыковымі вежамі, накрытымі высокімі шатрамі (надбудаваны ў 1905 годзе замест цэнтральнай васьміграннай званіцы) з франтончыкамі-вімпергамі ў аснаванні. Такая ж меншага памеру сігнатурка вянчае гранёны дах над алтарнай часткай. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высока ўзнятымі лучковымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Уваход арганізаваны праз невысокі прытвор пад пакатым двухсхільным пакрыццём. У афармленні фасадаў выкарыстана фігурная шалёўка.

Унутры малітоўная зала была падзелена чатырма слупамі на тры нефы, перакрытыя агульнай кесаніраванай бэлькамі столлю[3].

Вакол храма знаходзілася бутавая агароджа з мураванымі слуповымі брамамі.

Аляксандр Лакотка адносіў будынак да панёманскага тыпу драўлянага сакральна-манументальнага дойлідства, прадстаўнікамі якога таксама з’яўляюцца касцёлы ў Дудах, Кемелішках, Хоўхлаве[4].

Зноскі

  1. а б На адбудову касцёла ў Клюшчанах пачалі збіраць грошы. — Вечерний Гродно, 7 верасня 2017. (бел.)
  2. У Астравецкім раёне згарэў касцёл XVIII стагоддзя, у якім служыў паэт Казімір Сваяк. — Наша ніва, 6 чэрвеня 2017. (бел.)
  3. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 181
  4. Лакотка, А. І. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі / А. І. Лакотка. — Мн.: Беларусь, 2003. 224 с.: іл. ISBN 985-010423-6 — С. 7

Літаратура правіць

Спасылкі правіць