Касцёл Святой Ганны (Лысэ)

Касцёл Святой Ганны — драўляны каталіцкі храм у в. Лысэ, Мазавецкае ваяводства, Польшча. З’яўляецца адным з 11 аб’ектаў на «Шляху драўлянага дойлідства» на тэрыторыі Астралэнцкага павета.

Славутасць
Касцёл Святой Ганны
53°21′39″ пн. ш. 21°34′00″ у. д.HGЯO
Краіна  Польшча
Месцазнаходжанне
Дата заснавання 1882
Матэрыял драўніна
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

У 1789 годзе парафіяй у Мышынцы ў вёсцы была пабудаваная драўляная капліца Святой Ганны. Аднак набажэнствы служылі ў ёй толькі пры нагодзе найважнейшых святаў. З 1870 года ў Лысэ стаў жыць і служыць вікарый з мышынскай парафіі.

Дзякуючы намаганням аднаго з чарговых мясцовых святароў і будучага першага пробашча ксяндза Юзэфа Гадомскага, у 1882 годзе ў вёсцы быў пабудаваны драўляны касцёл. Двума гадамі пазней была заснаваная мясцовая парафія. На працягу наступных 116 гадоў драўляны касцёл выконваў функцыю парафіяльнага храма.

У 1998—2000 гадах дзякуючы намаганням ксяндза Чэслава Алексы быў пабудаваны новы цагляны касцёл Хрыста Уладара Сусвету, у якім з 2000 года адпраўляюцца парафіяльныя набажэнствы. З гэтага часу ў старым драўляным касцёле рэлігійныя ўрачыстасці адбываюцца толькі ў адмысловых выпадках. Новы парафіяльны касцёл размешчаны ў 100 метрах на поўнач ад драўлянага.

Архітэктура

правіць

Галоўны алтар у стылі неабарока канца XIX стагоддзя з абразом Маці Божай Чэнстахоўскай і выявай Хрыста Валадара. Вышэй размешчаны абраз Святой Ганны (1789).

Два неабарочныя бакавыя алтары і неабарочная катэдра — таксама канца XIX стагоддзя.

Пляцоўка для хору абапіраецца на дзве калоны, на ёй размешчаны арган 1902 года, пабудаваны майстрам Янам Шрайбэртам з Улацлавака.

На паўночны ўсход ад касцёла стаіць высокая драўляная званіца канца XIX стагоддзя, квадратная ў плане. Гэта самы высокі з усіх такога роду аб’ектаў на тэрыторыі гістарычнай Мазовіі. На могілках, якія з поўдня даходзяць да касцёла, захавалася драўляная капліца, якая цяпер выконвае ролю гаспадарчага памяшкання[1].

Зноскі