Касцёл Святой Ганны (Мосар)
Касцёл Святой Ганны — каталіцкі храм у в. Мосар, Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў 1792 годзе з цэглы, размешчаны ў цэнтры вёскі. Помнік архітэктуры класіцызму.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святой Ганны | |
---|---|
55°13′28,10″ пн. ш. 27°27′43,97″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Мосар |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Віцебская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Дата пабудовы | 1792 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000397 |
Стан | дзейнічае |
Сайт | mosar.vickyblog.com |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКасцёл быў фундаваны Робертам і Ганнай з Плятэраў Бжастоўскімі і названы ў гонар апошняй. Храм узведзены ў класіцыстычным стылі, прамавугольнай у плане формы. Асвячоны ў 1851 годзе віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім.
Колькасць вернікаў у 1929 годзе складала звыш 5700 чалавек.
У 1945-46 гадах набажэнства ў касцёле вёў ксёндз Баляслаў Гаймар, у 1948-54 гадах — Рычард Стагандаль з Параф’янава, у 1954-61 гадах — Міхаіл Сухарэвіч, які вярнуўся з сібірскай ссылкі. Да 1988 года пастаяннага пробашча не было, потым парафію прыняў Уладзіслаў Завальнюк. З 1990 года ў Мосар прызначаны ксёндз-пробашч Юозас Булька.
Будынак касцёла быў рэстаўраваны ў 1922 і 1990-х гадах. Перад апошняй былі знішчаны астанкі фундатараў касцёла, якія знаходзіліся ў касцельным склепе. Ва ўшанаванне іх памяці ксёндз-пробашч Юозас Булька побач з храмам усталяваў драўляную скульптуру Ісуса. Таксама ксяндзом закладзены дэндрапарк з рэдкімі раслінамі, мноствам кветак, фантанамі і садам камянёў.
У 2004[1] годзе на вяршыні ўзгорку, які знаходзіцца на ўсходзе вёскі быў усталяваны 23-метровы крыж, які з’яўляецца самым высокім у Беларусі і бачны за 15 км навокал у яснае надвор’е. Крыж быў усталяваны ў гонар 490-годдзя вёскі дзякуючы намаганням ксяндза Ю. Булькі[1].
15 жніўня 2005 года ля сцяны касцёла, пры вялікай колькасці вернікаў урачыста асвячоны помнік Яну Паўлу ІІ[2].
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры класіцызму. Вырашаны прамавугольным аб’ёмам пад 2-схільным дахам. Галоўны і бакавыя фасады завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, раскрапаваны на 3 часткі канелюраванымі пілястрамі, прарэзаны ў цэнтры прамавугольным дзвярным і арачным аконным праёмамі, па баках дэкараваны квадратнымі панэлямі надарачнымі экседрамі са скульптурамі святых. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах.
Зала перакрыта люстраным скляпеннем. Сцены па перыметры раскрапаваны канелюраванымі пілястрамі і апяразаны магутным антаблементам з карнізам з сухарыкамі і фрызам, дэкараваным трыгліфамі і вытанчаным стукавым раслінным арнаментам. Плоская алтарная сцяна расчлянёна канелюраванымі пілястрамі, паміж якімі ў цэнтры вялікі абраз «Укрыжаванне». Бакавы алтар вырашаны 4-калонным порцікам з антаблементам з анёламі; у цэнтры абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (18 ст.). Па перыметры інтэр’ера над вокнамі ў прамавугольных плакетках 14 сюжэтных гарэльефных пано-стацый на тэму «Крыжовы шлях Хрыста» (мяжа 18—19 ст.). На кансольным балконе-хорах з трэльяжным парапетам пастаўлены арган.
Касцёл абкружаны мураванай аркатурнай агароджай-сцяной з брамай і 3-яруснай шатровай званіцай, узведзенай у 1931 годзе з цэглы і бутавага каменю на месцы драўлянай канца XIX стагоддзя. У 1997 годзе сярод мураванай агароджы з левага боку пабудавана двухпавярховая прамавугольная ў плане капліца Маці Божай Вастрабрамскай пад двухсхільным дахам. 3 правага боку агароджу фланкіруе трох’ярусная чатырохгранная шатровая званіца; 1-ы ярус з бутавай муроўкі, верхні — цагляны, атынкаваны, з арачнымі прасветамі. Мураваная арачная брама агароджы завершана ступеньчатым атыкам, крапавана пілястрамі і прафіляваным карнізам. Намаганнямі ксяндза-прэлата Юозаса Булькі на тэрыторыі касцёла разбіты парк, перад храмам пастаўлена копія скульптуры Мікеланджэла «П’ета», створаны грот Маці Божай, збудавана 14 стацый пакут Хрыста і іншае.
Мошчы Святога Юстына
правіцьУ касцёле з 1838 года знаходзяцца мошчы Святога Юстына. У архіве захаваліся дакументы аб асвячэнні касцёла, сапраўднасці рэліквій Святога Юстына, а таксама аб устанаўленні свята Святога Яна. У 1851 годзе віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім рэліквіі апячатаны і, згодна з адпаведнымі дакументамі, змешчаны ў драўляную з пасярэбранай бляхай пахавальную труну, у якой асвятляюцца верхняя і пярэдняя часткі і якая абабіта знутры шаўковай тканінай. На труне перш стаялі дзве фігуры анёлаў пасярэбраных і дзве з бляхі, а таксама карона. Да 1928 года цудатворныя мошчы знаходзіліся на галоўным алтары. У нашы дні перанесены ў бакавую капліцу і змешчаны ля алтара Маці Божай.
Музеі
правіцьАнтыалькагольны музей
правіцьЗ ініцыятывы ксяндза Юзафа Булькі ў Мосары быў створаны адзіны ў Беларусі антыалькагольны музей, які размешчаны ў званіцы. У музеі знаходзіцца самагонны апарат, які быў прынесены гараджанамі, столік з самаварам і шалямі, з якіх можа выпіць гарбаты. Сцены музея аздобленыя антыалькагольнымі плакатамі, а ў самім касцёле ёсць «Кніга цвярозасці», дзе людзі на пэўны тэрмін даюць перад Богам абяцанне не піць[3] Апроч самога музея, у вёсцы створаная Алея цвярозасці,[4]. якую заклалі прадстаўнікі клубаў ананімных алькаголікаў з Беларусі, Латвіі і Літвы. Дзякуючы святару многія жыхары Мосара і навакольных вёсак спынілі злоўжыванне алькаголем[5].
Музей парафіі
правіцьУ Мосары дзейнічае адзіны ў вобласці музей Мосарскай парафіі, дзе сабрана калекцыя прылад працы, якімі карысталіся продкі беларусаў: мёдагонка, жорны, сталярны варштат, кросны, разнастайныя стругальныя інструменты. Сам музей знаходзіцца ў былой пуні, дзе калісьці захоўвалі збожжа[3].
Зноскі
- ↑ а б Лілія Брэкун. Юбілей Мосара // «Ave Maria» № 11(114), 2004.
- ↑ Касцёл Святой Ганны (Мосар) на сайце Radzima.org
- ↑ а б Сяргей Дзмітрыеў. Беларускі Версаль(недаступная спасылка) // «Народная Воля» № 165—166, 17 кастрычніка 2007 г.
- ↑ Алкаголікі пасадзілі алею цвярозасці ў Мосары на Глыбоччыне Архівавана 20 кастрычніка 2007. // «Еўрапейскае радыё для Беларусі», 08 кастрычніка 2007 г.
- ↑ Памёр настаяцель касцёла святой Ганны ў Мосары ксёндз Юозас Булька Архівавана 6 сакавіка 2016. // «БелаПАН», 9 студзеня 2010 г.
Літаратура
правіць- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. — С. 266—267.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 239.
- Касцёл Ганны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн., 1995. — С. 63-64.
- Касцёл святой Ганны // Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя / уклад.: А. М. Кулагін, У. А. Герасімовіч. — Мн., 2000. — С. 116.
- Колосовская, А. Н. Мосарский костел Анны / А. Н. Колосовская // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2007. — Т. 5. — С. 228.
- Костел Святой Анны // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н. И. Степаненко, В. Г. Синковец. — Витебск, 2007. — С. 24.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0. — С. 102—103.
- Мосарский костёл Святой Анны // Туристская энциклопедия Беларуси / под ред. И. И. Пирожкова. — Мн., 2007. — С. 365—366.
- Юркайць, А. Скарбніца прыгожага і ўзнёслага / А. Юркайць // Краязнаўчая газета. — 2007. — № 8 (люты). — С. 6.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святой Ганны (Мосар)
- Касцёл Святой Ганны (Мосар) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святой Ганны (Мосар) на сайце Глобус Беларусі (руск.)