Касцёл Святой Людмілы (Вінаграды)

Касцёл Святой Людмілы (чэшск.: Kostel svaté Ludmily) — каталіцкі прыхадскі храм у неагатычным стылі на плошчы Міру ў пражскім раёне Вінаграды (Прага 2). Пабудаваны ў 18881892 гадах па праекце Ёсефа Моцкера.

Каталіцкі храм
Касцёл Святой Людмілы
Kostel svaté Ludmily
Сучасны выгляд
Сучасны выгляд
50°04′31″ пн. ш. 14°26′14″ у. д.HGЯO
Краіна Чэхія
Горад, раён Прага, Вінаграды
Канфесія Каталіцтва
Епархія Архідыяцэзія Прагі
Тып будынка Псеўдабазіліка
Архітэктурны стыль неаготыка
Аўтар праекта Ёсеф Моцкер
Архітэктар Josef Mocker[d]
Дата заснавання 25 лістапада 1888 года
Будаўніцтва 18881892 гады
Статус Прыхадскі храм
Стан Дзеючы
Сайт Афіцыйны сайт

ГісторыяПравіць

 
Ёсеф Моцкер (18351899) — архітэктар храма Святой Людмілы ў Вінаградах

Прыход Святой Людмілы, першай чэшскай святой, быў заснаваны ў лістападзе 1884 года. Будаўніцтва прыхадскога храма, прысвечанага Святой Людміле, пачалося 25 лістапада 1888 года, калі быў закладзены яго краевугольны камень. На месцы будучага касцёла да апошняга моманту размяшчаліся звярынец і цырк пасярод жытняга поля[1][2].

Праект быў распрацаваны вядомым у той час архітэктарам Ёсефам Моцкерам. У будаўніцтве і аздабленні храма бралі ўдзел такія вядомыя майстры, як скульптар Ёзеф Вацлаў Мысльбек, мастакі Іозеф Чапек, Антанін Прохазка і Францішак Жэнішак. Мысльбек, апроч іншага, стварыў статуі Святога Вацлава і Святой Людмілы на фасадзе касцёла. Галоўны алтар быў створаны па эскізе архітэктара Антаніна Турака. У 1892 годзе месца будаўніцтва касцёла наведаў імператар Франц-Іосіф I. У тым жа годзе будаўніцтва касцёла было скончана, а яго асвячэнне адбылося 8 кастрычніка 1893 года. Цырымонію асвячэння праводзіў архібіскуп пражскі Францыск фон Паўла-Шонбарн з двума біскупамі[1][2].

Агульныя выдаткі на будаўніцтва склалі 369 922 аўстрыйскіх гульдэнаў, з якіх 276 482 было выдаткавана на ўласна будаўнічыя працы і 93 440 — на ўнутранае аздабленне храма. Міністр-прэзідэнт Паўль Гаўч дазволіў Маціцы духоўнай вылучыць на будаўніцтва толькі 30 000 гульдэнаў, астатняе было аплачана горадам Вінаграды і ўнёскамі гараджан[2].

На дзвюх вежах касцёла ўстанавілі чатыры званы, вырабленых пражскай майстэрні Г. Дыепальта. Гэтыя званы атрымалі імёны «Вацлаў», «Пракоп», «Войцех» і «Людміла». Падчас Першай сусветнай вайны званы былі рэквізаваны і пайшлі на ваенныя патрэбы. У храма застаўся толькі невялікі пахавальны звон вагай 78,5 кг, які аднак у выніку частага выкарыстання неўзабаве трэснуў, а пасля пераліцця набыў непрыемны гук. У 1925 годзе архідэкан Антанін Хофман арганізаваў збор сродкаў на выраб і ўстаноўку пяці новых званоў, якія былі замоўлены ў старой звонавай фірмы Рыхарда Геральда ў Хомутаве. 25 верасня 1925 года новыя званы асвяцілі і ўсталявалі на храмавыя вежы. Званы былі прысвечаны тым жа чэшскім святым, што і першапачатковыя, а новы пахавальны звон вагай 109 кг асвяцілі ў гонар Святога Іосіфа. Агульны кошт новых званоў склаў 168 666,90 крон, з якіх 79 978,20 крон каштаваў адзін толькі звон Святой Людмілы вагай 2 960 кг[2].

1 студзеня 1929 года з нагоды святкавання тысячагоддзя смерці Святога Вацлава архібіскуп пражскі Францішак Кордач павялічыў статус прыходу Святой Людмілы да архідэканата, адпаведна касцёл атрымаў статус архідэканскага[1][2].

Увесну 1974 года ў сувязі з будаўніцтвам станцыі метро Намесці Міру храм Святой Людмілы быў зачынены, пасля чаго ў 1980 годзе пачаўся яго капітальны рамонт, разлічаны на 20 гадоў. Да снежня 1984 года была скончана рэстаўрацыя паўднёвага нефа, дзе часова праводзілася імша. 16 верасня 1992 годзе, у дзень шанавання Святой Людмілы, храм быў ізноў адкрыты — урачыстую цырымонію асвячэння новага алтара versus populum правёў кардынал Міласлаў Влк. 3 верасня 1993 года на вежах касцёла зноў загучалі званы[1].

У наш час у арэале храма часта праводзяцца канцэрты пад голым небам, калядныя і велікодныя кірмашы, дабрачынныя распродажы. Храм адкрыты для наведвання толькі падчас службаў.

 
Статуя Святога Пракопа ў нішы
каля галоўнага ўваходу ў храм
Касцёл Святой Людмілы на плошчы Міру Тымпан над галоўным уваходам у храм.
«Хрыстос, які бласлаўляе Святога Вацлава
і Святую Людмілу», Іозеф Вацлаў Мысльбек
Неагатычны фасад касцёла

АпісаннеПравіць

Касцёл Святой Людмілы ўяўляе сабой трохнефную неагатычную псеўдабазіліку з крыжападобным трансептам і дзвюма 60-мятровымі вежамі, якія дамінуюць над плошча Міру. Даўжыня галоўнага нефа складае 50 метраў. Кожная з вежаў мае па два званы. Храм спраектаваны і ўзведзены ў стылі ранняй паўночнагерманскай готыкі[2][3].

Над галоўным уваходам знаходзіцца цэнтральны партал, тымпан якога ўпрыгожаны рэльефам «Хрыстос, які бласлаўляе Святога Вацлава і Святую Людмілу» працы Ёзефа Вацлава Мысльбека. Тымпан вянчаюць рэльефныя выявы Бога Бацькі і Святога Духа ў выглядзе голуба таксама працы Мысльбека. Шчыт галоўнага фасада ўпрыгожаны скульптурай Святой Людмілы працы Л. Шымека. Шчыты трансепта ўпрыгожаны статуямі Святых Кірыла і Мяфодзія працы Бернарда Ота Сеелінга (1892 год). Вакол ружы галоўнага фасада знаходзяцца сімвалы чатырох евангелістаў працы Ёсефа Чапека. У ніжніх нішах фасада абапал галоўнага ўваходу знаходзяцца статуі Святога Пракопа і Святога Войцеха працы Фр. Гергесела і Антаніна Прохазкі. Да галоўнага ўваходу вядзе масіўная лесвіца[2][3][4].

Інтэр'ер храма дзівіць сваёй пышнасцю. Аўтарам паліхроміі з'яўляецца Карл Ёбст. Вітражы вокнаў распісаны мастакамі Францішкам Секуенсам, Францішкам Жэнішкам, Адольфам Лібшэрам і Францішкам Урбанам, якія намалявалі на іх фігуры святых. На вялікіх вокнах трансепта намаляваны сцэны мучаніцкай смерці Святога Вацлава і Святой Людмілы. Некаторыя іх вокнаў храма пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, аднак затым былі адноўлены. Кафедра храма створана разьбяром Ё. Зікам і ўпрыгожана скульптурамі Антанінам Прохазкам. Сцены галоўнага нефа распісаны фрэскамі з выявай святых і персанажаў Старога запаветуАўраама, Ісака, Ноя і іншых[2][3].

Галоўны алтар, вышынёй 16 метраў, быў створаны Антанінам Туракам. Алтар упрыгожаны каштоўнымі і напаўкаштоўнымі камянямі, на ім узвышаецца распяцце, сімвал Бога Бацькі і статуя Святой Людмілы працы Ч. Восміка. Побач з алтаром на сцяне знаходзіцца фрэска з дзевяццю сцэнамі з жыцця Святой Людмілы. Мармуровы алтар versus populum («тварам да вернікаў»), асвечаны 16 верасня 1992 года, у адпаведнасці з патрабаваннямі II Ватыканскага сабору размешчаны ў аптычным цэнтры храма[3].

Бакавыя алтары касцёла таксам вартыя ўвагі. Левы алтар прысвечаны Дзеве Марыі і шасці святым чэшскім заступнікам. Дзева Марыя з немаўлём сядзіць на прастоле, вакол якога схіляюцца чэшскія святыя Людміла, Вацлаў, Войцех, Пракоп, Анежка і Ян Непамуцкі (аўтарамі статуй з'яўляюцца Ё. Кастнер, Ш. Залешак, Ф. Лукаўскі). На правым алтары знаходзіцца падвойная скульптура Святых Кірыла і Мяфодзія, абапал яе размешчаны рэльефныя выявы сцэн хрышчэння Святой Людмілы і яе мужа князя Баржывоя. Алтары былі створаны па праекце і пад наглядам прафесара Школы прыкладнога мастацтва ў Празе Штэпана Залешака. Першы алтар асвяцілі 8 снежня 1922 года (выдаткі на яго стварэнне склалі 120 500 крон), другі — 5 ліпеня 1927 года (яго стварэнне каштавала 121 803 кроны)[2]

На хорах храма знаходзіцца арган, які складаецца з 3000 труб, падзеленых на 46 рэгістраў, якія кіруюцца трыма мануаламі і педаллю[2].

 
Бакавы алтар Дзевы Марыі
і шасці святых
чэшскіх заступнікаў
Галоўны алтар храма Ружа галоўнага фасада
з сімваламі чатырох евангелістаў
Бакавы алтар
Святых Кірыла і Мяфодзія

ЗноскіПравіць

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць