Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша (Лаздуны)

Касцёл Святых апосталаў Сымона і Іуды Тадэвуша — каталіцкі храм, знаходзіцца ў цэнтры вёскі Лаздуны 1 Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Дзейнічае.

Каталіцкі храм
Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша
Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша, 2013
Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша, 2013
53°57′57″ пн. ш. 25°58′44″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Іўеўскі дэканат
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Касцёл пад тытулам святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша і святой Ганны быў заснаваны тут у 1576 годзе па фундацыі князя Альбрэхта Станіслава Радзівіла як філіяльны ад суботніцкай парафіі. Святыня была кансэкравана толькі ў 1704 віленскім біскупам К. Бжастоўскім. Да 1757 касцёл абслугоўвалі дамініканцы. Калі знікла старажытная святыня, новы драўляны касцёл быў пабудаваны на сродкі віленскага біскупа суфрагана Тамаша Зяньковіча ў 1770-75 гадах. Адзначаецца таксама капліца, заснаваная ў 1765 годзе ў Лаздунах на сродкі старосціны пінскай Ельскай. Пры касцёле дзейнічала школа.

Некаторыя звесткі падаюць, што апошні драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1852 на сродкі пана Самуэля Воўка, аднак ён памёр каля 1850, а па дакументах, якія захоўваюцца ў парафіі, касцёл быў пабудаваны ў 1853 на сродкі ўладальніка Лаздунаў пана Аскара Мілеўскага. Гэта была адносна невялікая святыня на бутавым падмурку з дзвюма сакрыстыямі пры прэзбітэрыі, крытая гонтай і завершаная вежай-сігнатуркай над уваходам і крыжам над алтарнай часткай даху. У святыні было тры алтары: галоўны з абразамі Найсвяцейшай Тройцы і св. Ганны, правы бакавы — св. Антонія, левы бакавы — св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Падлога была цаглянай, хоры над уваходам абапіраліся на чатыры слупы. Каркасная званіца на чатырох слупах стаяла асобна, у ёй змяшчаліся два званы. Касцёльная тэрыторыя была абнесена бутавай агароджай, уваход з вуліцы быў пазначаны цікавай трохпралётнай цаглянай і атынкаванай брамай.

 
Касцельная брама і будынак пач. ХХ ст.

Гэты касцёл, верагодна, знік недзе на мяжы ХIХ-ХХ стст., таму што на вядомым фотаздымку пачатку ХХ ст. за касцёльнай брамай зафіксаваны, хутчэй, нейкі часовы будынак, чым сапраўдная святыня.

 
Касцёл на здымку 1912 года

У 1904 годзе ў Лаздунах на сродкі парафіян пачалі ўзводзіць велічны касцёл з бутавага каменю і вонкавай чырвонай цэглы ў стылі неараманікі. У 1910 годзе касцёл быў кансэкраваны пад гістарычным тытулам св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша (тытул св. Ганны больш не ўжываўся), з таго часу Лаздуны становяцца цэнтрам самастойнай парафіі.

Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў лаздунскай парафіі перавышала 6000 чалавек.

У пасляваенны час пробашч парафіі кс. Дыянізій Захажэўскі быў арыштаваны і сасланы ў лагер, а святыню калгасныя ўлады зачынілі і ператварылі ў збожжасховішча. Тым не менш, касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры. У 1988 годзе святыня была вернута вернікам. Па-за касцёлам, у драўляным будынку, утвораны катэхетычны цэнтр парафіі. Да лаздунскай парафіі належаць капліцы ў Вікшнянах, Гудзянятах, Лаздунах-2, Яськавічах і прыдарожная ў Бачэшніках.

Архітэктура правіць

 
Касцёл Святых Сымона і Іуды Тадэвуша з боку апсіды

3-нефавая 2-вежавая базіліка з 5-граннай апсідай. 3-ярусныя чацверыковыя вежы завершаны высокімі шатрамі і кампазіцыйна аб’яднаны 2-схільным шчыпцом. Над высокім 2-схільным дахам над апсідай пастаўлена мініяцюрная шатровая сігнатурка. Дзвярныя праёмы і скразныя прасветы вежаў маюць арачную форму. Унутры — цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, над уваходам — хоры. Сцены па перыметры ўмацаваны плоскімі контрфорсамі.

 
Элементы муроўкі

Дэкаратыўныя дэталі (пілястры, аркатурныя фрызы) выкананы высакаякаснай цаглянай муроўкай. Каларыстычны эфект архітэктуры дасягаецца маляўнічым спалучэннем паліхромнай бутавай муроўкі сцен і элементаў дэкору, выкананых з чырвонай цэглы.

Каркасная званіца на чатырох слупах стаяла асобна, у ёй змяшчаліся два званы. Касцёльная тэрыторыя абнесена бутавай агароджай, уваход з вуліцы пазначаны цікавай трохпралётнай цаглянай і атынкаванай брамай, зробленай з элементамі стылю барока.

Інтэр’ер правіць

 
Фрагмент інтэр’ера

Інтэр’ер падзелены на тры нефы трыма парамі калон і перакрыты крыжастым скляпеннем на падпружных арках, размаляваных раслінным арнаментам. Сёння ў касцёле тры разьбяныя алтары ў стылі неаготыкі: галоўны — св. апостала Юды Тадэвуша (алтар уяўляе сабою трыфорыум, у цэнтры якога змешчана фігура святога ў акружэнні трошкі меншых фігур св. апосталаў Пятра і Паўла), левы бакавы — св. Ганны і правы — Маці Божай Чанстахоўскай. У маленькай крыпце пад падлогай пахаваны кс. Фелікс Пяткевіч (1920).

Вядомы абраз 1-й палавіны XIX ст. «Тройца новазапаветная».

Літаратура правіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Спасылкі правіць