Касцёл Святых Янаў

Храм, помнік архітэктуры позняга барока, які ўваходзіць у ансамбль Віленскага ўніверсітэта

Касцё́л Святы́х Я́наў — касцёл Святога Яна Хрысціцеля і Святога Яна Евангеліста ў Вільнюсе, помнік архітэктуры позняга барока, які ўваходзіць у ансамбль Віленскага ўніверсітэта; размяшчаецца на перакрыжаванні вуліц Пілес (Замкавая, у савецкі час вуліца Горкага) і Шв. Ёна (Святога Яна, у савецкі час Сруогі), галоўным фасадам выходзіць на ўніверсітэцкі Вялікі двор (ранейшая назва двор Скаргі). Афіцыйны адрас вул. Шв. Ёна 12 (Šv. Jono g. 12)

Касцёл
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і Святога Яна Евангеліста ў Вільнюсе
польск.: Kościół Świętego Jana Chrzciciela i Świętego Jana Ewangelisty
літ.: Švento Jono Krikštytojo ir Švento Jono evangelisto bažnyčia
Касцёл і званіца на літаграфіі XIX стагоддзя
Касцёл і званіца на літаграфіі XIX стагоддзя
54°40′57″ пн. ш. 25°17′18″ у. д.HGЯO
Краіна  Літва
Горад Вільнюс
Канфесія каталіцызм
Епархія Вільнюская
Благачынне Вільнюскі дэканат I
Ордэнская прыналежнасць езуіцкі
Тып будынка непарафіяльны касцёл
Архітэктурны стыль готыка, барока, класіцызм
Архітэктар Іаган Крыштоф Глаўбіц
Матэрыял цэгла
Сайт vilnius.lcn.lt/parapijos…
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Касцёл і званіца на юбілейнай манеце 1 літ (2004)

Будаўніцтва касцёла было распачата ў 1387 годзе па распараджэнні Ягайлы адразу ж пасля хрышчэння Літвы (па іншай версіі, яшчэ да хрышчэння ў 1386 годзе [1]). Меркавана драўляны касцёл быў збудаваны на старой рыначнай плошчы ў цэнтры тагачаснага горада, відаць, на месцы ранейшага паганскага свяцілішча [2]. Мяркуецца, што неўзабаве быў выбудаваны каменны сабор, асвечаны ў 1427 годзе. Гатычны храм у тры нефа неаднаразова рамантаваўся і перабудоўваўся. У цяперашнім храме захаваліся асобныя элементы готыкі.

 
Капэла Святой Ганны
 
Фрагмент алтара і статуя Рыгора Вялікага

У 15301534 гадах касцёл рамантаваўся пасля пажару. У XVI стагоддзі ён прыйшоў у заняпад. Езуіты атрымалі яго ў падарунак ад караля Жыгімонта Аўгуста ў 1571 годзе і правялі яго капітальную рэканструкцыю і пашырэнне. Падчас перабудовы будынак быў падоўжаны амаль на трэць сваёй ранейшай даўжыні на ўсход, да Замкавай вуліцы (у савецкі час вуліца Горкага, цяпер Пілес) і набыў рэнесансныя рысы. Даўжыня касцёла складала 68 м, шырыня — 27 м, ён мог змясціць 2320 вернікаў [3].

У канцы XVIXVII стагоддзях побач з касцёлам была збудавана званіца. Яна неаднаразова рамантавалася пасля пажараў і іншых пашкоджанняў.

У XVIXVII стагоддзях у храме былі зроблены капэлы, крыпты і дапаможныя памяшканні. У касцёле адбываліся ўрачыстыя прыёмы каралёў Стафана Баторыя, Жыгімонта III, Уладзіслава IV, Яна Казіміра, праводзіліся святы езуіцкай акадэміі, а таксама дыспуты і абароны навуковых прац. З асаблівай урачыстасцю ў 1636 годзе прайшла цырымонія дактарызацыі паэта і прыдворнага прапаведніка Сарбевія ў прысутнасці караля Уладзіслава Вазы і яго двара. Падчас вайны 1655 года згарэў дах касцёла, скляпенні абрынуліся; казакі разрабавалі храм і зрабілі ў ім стайню. У 1728 годзе адбылася ўрачыстая цырымонія «ўвядзення ў храм» святых — кананізаваных у 1726 годзе езуітаў Станіслава Косткі і Алаіза Ганзагі.

Найбольшым зменам будынак падвергся пры аднаўленні пасля пажару 1737 года. Па праекце Іагана Крыштофа Глаўбіца былі ўзведзены новыя скляпенні, устаноўлены арганныя хоры, збудаваны вялікі алтар, дэкараваны галоўны фасад, франтон прэсвітэрыя. Дзякуючы гэтай рэканструкцыі касцёл стаў выбітным творам архітэктуры і мастацтва барока.

Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) храм быў перададзены Галоўнай віленскай школе (пасля Віленскі ўніверсітэт). У 18261829 па распараджэнні ўладаў імператарскага Віленскага ўніверсітэта была праведзена грунтоўная пераробка інтэр'ера. У той жа перыяд каля ўваходу на паўднёвым фасадзе па праекце архітэктара Караля Падчашынскага ў 1827 годзе быў збудаваны порцік у стылі класіцызм з чатырма калонамі карынфскага ордара. Пасля таго, як універсітэт у 1832 годзе быў зачынены, касцёл перайшоў у распараджэнне Медыка-хірургічнай акадэміі і зваўся Акадэмічным касцёлам Святога Яна. Са скасаваннем віленскай Медыка-хірургічнай акадэміі (1842) касцёл пазбавіўся афіцыйнага казённага ўладальніка і стаў самастойным прыхадскім храмам.

 
Касцёл і званіца (2006)

Пасля Другой сусветнай вайны ў нацыяналізаваным касцёле некаторы час быў склад паперы камуністычнай газеты «Цеса» („Tiesa“). Затым з сярэдзіны 1960-х гадоў ён рэстаўраваўся і пасля рэстаўрацыі быў перададзены Вільнюскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. У храме быў зроблены Музей навукі (Музей навуковай думкі) і абсталявана адпаведная экспазіцыя.

Пасля змены дзяржаўнага ладу касцёл у парадку рэстытуцыі быў вернуты каталіцкай царкве і 11 ліпеня 1991 года нанова асвечаны. У наш час дзейнічае як непарафіяльны касцёл Вільнюскага дэканата, які кіруецца айцамі езуітамі. Набажэнствы праходзяць на літоўскай мове, па нядзелях — на латыні[4].

Зрэдку арганізоўваюцца канцэрты і рэгулярна адбываюцца ўрачыстыя цырымоніі іматрыкуляцыі студэнтаў, уручэнні дыпломаў бакалаўраў і магістраў, заканчэння навучальнага года, іншыя ўніверсітэцкія ўрачыстасці. 5 верасня 1993 года ў касцёле адбылася сустрэча інтэлігенцыі з Папам Рымскім Янам Паўлам II [5].

У касцёле праходзяць развітанні з нябожчыкамі, якія мелі выбітныя заслугі ў галіне навукі і мастацтва, напрыклад, з журналістам, пісьменнікам, гісторыкам літаратуры Ёнасам Булотай у чэрвені 2004 года [6], пісьменніцай Бірутэ Пукялявічутэ (23 — 24 верасня 2007 года [7], спеваком, акцёрам і тэлевядучым Вітаўтасам Кярнагісам 16 сакавіка 2008 года [8].

 
Галоўны фасад

Галоўны заходні фасад звернуты да ўніверсітэцкага Вялікага двара (ранейшая назва — двор Скаргі). Яго адносяць да найбольш арыгінальных твораў архітэктуры позняга барока. Архітэктар Глаўбіц, не парушаючы агульнага гатычнага характару, надзяліў фасад барочную абалонкай. Барочныя рысы нададзены ранейшым дзвярным і аконным праёмам. Аснову кампазіцыі галоўнага фасада складае гарманічны рытм гарызантальных і вертыкальных элементаў пры ўскладненні формаў знізу дагары.

Галоўны фасад дзеліцца на чатыры часткі шырокімі хвалістымі лініямі складанага профілю. Партал цэнтральнага ўваходу ўпрыгожваюць дзве невялікія калоны, якія падтрымліваюць дэкаратыўны балкон. Ніжні параўнальна сціплы ярус скупа ўпрыгожаны рустам; на ім вылучаецца пышны партал і ўстаноўленая пазней табліца ў памяць другога рэктара езуіцкай калегіі Якуба Вуека і першага рэктара віленскай езуіцкай акадэміі і ўніверсітэта Пятра Скаргі.

 
Цэнтральны партал
 
Паўночны фасад

Аздабленне другога яруса фасада пышней. У глыбокія нішы змешчаны тры высокіх вузкіх акна. Чатыры групы пілястр і дэкаратыўных калон у міжаконнях працягваюць рызаліты ніжняга яруса. Дзве з іх працягваюцца ў трэцім, вузкім і нізкім ярусе, злучаным буйнымі валютамі, што надае фасаду складнасць і накіраванасць увысь. Паміж калонамі трэцяга яруса ўстаноўлены скульптурныя фігуры Яна Хрысціцеля, евангеліста Яна, святога Ігнацыя і святога Ксаверыя скульптара Яна Гедэля. У цэнтры трэцяга яруса размешчана ніша, паабапал — характэрныя смоўжападобныя валюты. У верхняй частцы фасада таксама змешчана ніша. Упрыгожваюць верхні ярус барэльефы, скульптурныя дэталі, ажурны крыж і ажурныя вазы з каванага металу. Два верхніх яруса ўтвараюць дынамічны контур пластычных формаў.

Аналагічным чынам вырашаны барочны франтон усходняга фасада касцёла, які адносіцца да таго ж перыяду і найлепш азіраецца з перакрыжавання вуліц Пілес і Шв. Ёна (у савецкі час Горкага і Сруогас). Як і галоўны фасад, ён упрыгожаны багатымі калонамі, пілястрамі, пераламанымі карнізамі, скульптурамі, картушамі і творамі металічнай пластыкі. Хвалістыя плоскасці сцен і пастаўленыя пад вуглом калоны і пілястры надаюць франтону яшчэ большую дынаміку. Бакавыя фасады збольшага захавалі гатычныя формы і канструкцыі.

На вонкавай сцяне прэсвітэрыя з вуліцы Замкавай (цяпер Пілес) умуравана вялікая мармуровая памятная табліца сямейства Храптовічаў, упрыгожаная ў стылі ракако (1759). Над ёй перш знаходзілася распяцце з пазалочанай фігурай Збавіцеля. На ўсходнім фасадзе касцёла была вялікая фрэска з выявай сцэн эпідэміі чумы 1710 года, зафарбаваная ў XIX стагоддзі.

Інтэр'ер

правіць
 
Цэнтральны неф і алтар

У інтэр'еры захавалася ўрачыстасць гатычнага храма, узмоцненая барочнай пышнасцю. Алтар касцёла ўтварае ансамбль з дзесяці алтароў на розных узроўнях, у розных плоскасцях. Галоўны алтар убудаваны паміж дзвюма масіўнымі калонамі, у якіх размяшчаюцца іншыя алтары. Галоўны алтар збудаваны на сродкі маршалка Альберта Войцеха Радзівіла. Каля калон устаноўлены скульптуры Яна Залатавуста, Папы Рымскага Рыгора Вялікага, святога Ансельма і святога Аўгусціна. Галоўны алтар злучаны з алтарамі святога Ігнацыя і святога Ксаверыя. За гэтай групай ля паўднёвай сцяны на высокім размяшчаецца алтар Марыі Ларэцкай, акружаны дэкаратыўнай загараддзю каванага жалеза з варотамі. У бакавых паўночным і паўднёвым нефах размяшчаюцца паўкругам, паўтараюць форму апсіды, яшчэ шэсць алтароў, — святога Іасафата, святога Казіміра, Хрыста Раскрыжаванага і святых Пятра і Паўла, святога Мікалая і смуткуючай Маці Божай. Ансамбль лічыцца шэдэўрам мастацтва, які не мае аналагаў у свеце [9].

 
Капэла Агінскіх

Яшчэ трынаццаць барочных алтароў XVIII стагоддзя знаходзіліся ля пілонаў, якія падтрымліваюць скляпенні. Яны былі разбураны падчас рэканструкцыі інтэр'ера ў дваццатых гадах XIX стагоддзя. Замест алтароў на кансолях у 1826 годзе былі ўстаноўлены скульптуры святых з алтароў, разбураных пры рэканструкцыі (па іншых сумніўных звестках, статуі перанесены з ранейшых касцёлаў Святога Казіміра, Святога Ігнацыя і францысканскага касцёла, канфіскаваных расійскімі ўладамі[10]. 18 гіпсавых фігур устаноўлены па дзве каля кожнай калоны ў цэнтральным нефе, звернутыя адна да ўваходу, другая ўнутр храма. З іх 12 адлюстроўваюць розных святых Янаў — Яна Непамука, Яна Дамаскіна, Яна Хрысціцеля, Яна Залатавуста, Яна Клімака, Яна Капістрана і іншых, а таксама святога Банавентуру, Ігнацыя Лаёлу, Станіслава Костку і іншых. Статуі адносяцца да другой паловы XVIII стагоддзя[11].

Скляпенні цэнтральнага нефа былі распісаны фрэскамі, зафарбаванымі пры рэканструкцыі 1820-х гадоў. У касцёле захавалася сем бакавых капэл рознага аб'ёму, формаў і стыляў, упрыгожваннем якім служаць скульптуры, фрэскі, алтары, калоны і пілястры. З іх найбольшую цікавасць складае капэла Божага Цела, інакш капэла-маўзалей магнатаў Агінскіх, збудаваная ў 1768 годзе. Яе партал выкананы ў стылі класіцызму. У капэлу Святой Ганны вядзе вытанчаны партал у стылі ракако.

Вялікія вітражы ў вокнах прэсвітэрыя выраблены, верагодна, у 1898 годзе ў майстэрні Эрнта Тадэ ў Рызе. У 1948 годзе, калі касцёл быў зачынены, вітражы былі практычна знішчаны. Пры рэканструкцыі яны былі адноўлены.

 
Эпітафія Іераніма Страйноўскага
 
Помнік Адаму Міцкевічу
 
Пліта ў памяць стагоддзя смерці Касцюшкі

У касцёле ўстаноўлена некалькі мемарыяльных пліт, бюстаў і помнікаў. Сярод іх — помнік першаму рэктару імператарскага Віленскага ўніверсітэта пасля рэформы 1803 года і біскупу віленскаму Гераніму Страйноўскаму (17521815). Помнік быў збудаваны ў 1828 годзе на сродкі, сабраныя выкладчыкамі ўніверсітэта і гараджанамі (621 рубель 86 капеек) [12]. Помнік, збудаваны па праекце Караля Падчашынскага, утвараюць эпітафія на латыні на белай мармуровай пліце і бюст працы Казіміра Ельскага. Эпітафію апраўляюць дзве пары пілястраў, злучаных авальным паўкупалам. Дзе высокія свяцільні паміж пілястрамі сімвалізуюць высокі ранг біскупа і рэктара. На пілястрах стаяць дзве фігуры смуткуючых анёлаў з апушчанымі, г. з. згаслымі факеламі жыцця ў руках. Побач з імі стаяць слязніцы (lacrimatoria). Да падножжа помніка прымацавана металічная пліта з гербам Страйноўскіх, сродкі на якую ахвяраваў граф Адам Храптовіч.

D. O. M.

HIERONYMO COMITI STRZIEMEN STROYNOWSKI
EPISCOPO VILNENSI ORD. S. ANNAE ET
S. STANISLAI I CL EQUITI SCHOLARUM PER
LITHVANIAM MODERATORI ANTECESSORI
ET ACADEMIAE VILNENSIS RECTORI E VIVIS
EREPTOTO. A. MDCCCXV D. V. AUGUSTI. AETATIS LXII
VIRO GENERIS NOBILITATE MORUM
INTEGRITATE COMITATE ELOQUIO AC
DOCTRINA PERSPECTO LIITTERARUM
INCREMENTIS NATO EARUMQUE AMORE
NULLI SECUNDO DE ACADEMIA VERO DUM
ALEXANDRI PRIMI
MUNIFICENTIA EADAM INSTAURARETOR ET AUGERETUT
IMMORTALITER MERITO COLLEGAE CIVISQUE
TANTAE VIRTUTIS MEMORES AERE COLLATION

CENOTAPHIUM HOCCE POSUERE A. MDCCCXXVIII

У канцы XIX і напачатку XX стагоддзя ва ўмовах, калі збудаванне помнікаў дзеячам польскай культуры на вуліцах і плошчах Вільны не ўяўлялася магчымым, у касцёле з'явілася некалькі помнікаў польскім пісьменнікам. Спачатку ў сувязі са стагоддзем з дня нараджэння вялікага польскага паэта, па праекце архітэктара Тадэвуша Стрыенскага быў збудаваны помнік Адаму Міцкевічу з бронзавым бюстам працы Марцэлія Гуйскага. Помнік Міцкевічу ўстаноўлены ў паўднёвым нефе ў тым месцы, дзе, па паданні, любіў стаяць паэт. Ён выкананы ў форме саркафага на ножках у відзе львіных лап, які ўзвышаецца на высокім пастаменце; над саркафагам у авальнай нішы паміж дзвюма калонамі ўстаноўлены бронзавы бюст, апраўлены бронзавым пазалочаным лаўровым лісцем. Калоны падпіраюць фрыз з імітацыі мармуру, над ім у апраўленні з лаўровага лісця копія абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Помнік, збудаваны на сабраныя грамадскасцю сродкі (4648,39 рублёў[13]), быў адкрыты 6 (18) чэрвеня 1899 года.

Затым 26 лістапада 1901 года быў пастаўлены помнік сябру Міцкевіча паэту Антонію Эдварду Адынцу (стараннямі і на сродкі яго пляменніка Тадэвуша Адынца) з бюстам на пастаменце з двух пакладзеных адна на адну кніг, разгорнутым лістом паперы і гусіным пяром у нішы паміж дзвюма пілястрамі. На процілеглым паўночным боку ў 1908 годзе быў адкрыты помнік паэту Уладзіславу Сыракомлю з бронзавым бюстам па праекце скульптара Піюса Веленскага, выкананым Пятрасам Рымшам [14]. Гэтыя элементы інтэр'еру надавалі храму характар нацыянальнага пантэона і служылі падтрыманню патрыятычных настрояў.

Файл:SimonasDaukantasMemorialStJohnsChurch.jpg
Пліта ў памяць Сімонаса Даўкантаса

У 1917 годзе, у сувязі са стагоддзем смерці нацыянальнага героя, у паўночную сцяну была ўмуравана гіпсавая табліца ў памяць Тадэвуша Касцюшкі працы скульптара Антонія Вівульскага. Выкананая ў форме шырокага крыжа, яна адлюстроўвае правадыра паўстання 1794 года і зброю паўстанцаў — дзіды з выпрастанымі лёзамі кос. На пліце напісаны лозунг паўстання Za wolność i swobodę ludów («За вольнасць і свабоду народаў») і дата стагоддзя смерці Касцюшкі, намаляваны шчыт з гербамі Беларусі, Літвы і Польшчы. Абарваны ніжні край пліты сімвалізуе паразу паўстанцаў і крушэнне надзей.

Пазней да юбілею 400-годдзя ўніверсітэта (1979) былі ўстаноўлены гарэльефы ў памяць літоўскага гісторыка Сіманаса Даўкантаса (аўтар Гядзімінас Якубоніс) і літоўскага лексікографа Канстанцінаса Сірвідаса (аўтар Юозас Кедайніс) і партрэты Сарбевія, паэта і фалькларыста Людвікаса Рэзы, біскупа-асветніка Мацеюса Валанчуса, паэта і грамадскага дзеяча Кіпрыёнаса Незабітаўскаса-Забіціса (мастак Вітаўтас Цыпліяўскас), гісторыка Тэадора Нарбута (мастак Валдас Юрявічус), мовазнаўца Казімераса Бугі, іншых дзеячаў літаратуры, навукі, асветніцтва.

Першы арган у касцёле быў устаноўлены на сродкі Альберта Радзівіла каля 1590 года. У 1700 былі пабудаваны новыя арганныя хоры і ўстаноўлены новы арган, у 17291735 збудаваны новыя хоры і пастаўлены іншы арган, які згарэў падчас пажару ў 1737 годзе. Арганныя хоры, збудаваныя па праекце Глаўбіца пасля гэтага пажару, захаваліся да нашых дзён.

 
Станіслаў Манюшка за арганам. Часлаў Манюшка, 1840-я

Стараннямі рэктара Марціна Пачобута ў 1782 годзе ў касцёле з'явіўся новы арган. Пазней у 1839 годзе ў касцёле быў устаноўлены арган у 22 рэгістры працы майстра з Кёнігсберга Адама Готлаба Каспарыні, дастаўлены ў 1836 годзе з зачыненай Полацкай езуіцкай акадэміі. Перамовы пра набыццё аргана спачатку ўніверсітэта, затым, па яго скасаванні, Медыка-хірургічнай акадэміі з віленскім біскупам, кіраўніцтвам ордэна піяраў, да якіх перайшла маёмасць Полацкай акадэміі, Міністэрствам унутраных спраў Расіі працягваліся з перапынкамі, выкліканымі паўстаннем 1830—1831 гадоў і рэарганізацыямі навучальных устаноў, з 1830 да 1835 года.

 
Арган і бюст С. Манюшкі

Механіку Брунеру было даручана дэмантаваць арган і арганізаваць яго дастаўку ў Вільну; адпраўлены ў Полацк у чэрвені 1835 года, ён там памёр. Пасля гэтага дастаўкай аргана, якая запатрабавала дадатковых выдаткаў (да 1000 рублёў срэбрам) і звязаных з імі перамоў, займаўся арганны майстар Антоні Гурыновіч. Арган быў дастаўлены ў лютым 1836 года ў 84 скрынях і важыў 1264 пуда (20,25 т). Са жніўня 1837 года да кастрычніка 1839 года мантажом і аднаўленнем пашкоджаных дэталяў займаліся арганныя майстры Тэадор Тыдэман і яго сыны Тэадор і Франц Тыдэман, за што ім было заплачана 3000 рублёў срэбрам. У адрэстаўраванага аргана было 40 галасоў, ці рэгістраў, і 2438 труб. Ранейшы арган Медыка-хірургічная акадэмія ў снежні 1839 года бязвыплатна перадала ў капліцу Віленскага дабрачыннага таварыства[15].

Адноўлены пасля шматгадовых прац да ліпеня 2000 года цяперашні арган на 65 галасоў і з 3600 трубамі — самы вялікі ў Літве. На арганных хорах устаноўлены бюст кампазітара Станіслава Манюшкі, які ў 18401858 гадах жыў у Вільні і некалькі гадоў быў арганістам касцёла (гадавое жалаванне складала 100 рублёў срэбрам).

Званіца

правіць
 
Званіца (вул. Шв. Ёна)

У канцы XVIXVII стагоддзях побач з касцёлам была збудавана на сродкі магістрата званіца з характэрным для рэнесансных пабудоў рытмічным дзяленнем ярусаў і размяшчэннем праёмаў. У ніжнім паверсе званіцы жыў кантар касцёла. У званіцы ў чатыры ярусы было тры званы; у пажарах і войнах званы неаднаразова пашкоджваліся і знішчаліся, наўзамен адліваліся новыя. Адзін быў падораны Львом Сапегам пасля пажару 1628 года. Падчас Першай сусветнай вайны перад уваходжаннем у Вільну германскай арміі былі вывезены ўсе званы. Пры рэстаўрацыі званіцы ў 19551957 гадах быў падняты барочны медны звон вядомага віленскага майстра Яна Дэламарса, адліты ў 1675 годзе для касцёла Святога Міхаіла. Вышыня звона 58 см, дыяметр 92 гл.

 
Званіца (вул. Пілес)

Верхні ярус быў дабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя Глаўбіцам і адрозніваецца барочнымі формамі. Вуглы трох ніжніх ярусаў падкрэсліваюць пілястры, чацвёртага — пары калон, значна вузейшага пятага — пастаўленыя пад вуглом пілястры. Вуглы чацвёртага і пятага ярусаў упрыгожваюць дэкаратыўныя вазы (адноўленыя разам з купалам пры рэстаўрацыі ў 19551957 гадах). Вузкія вокны аднолькавай шырыні ў скупым апраўленні падкрэсліваюць вертыкальнасць званіцы. Жалезны крыж, выкаваны ў XVIII стагоддзі, у вышыню складае 6,2 м[16].

Брама паміж храмам і званіцай, якая служыла галоўным уваходам у комплекс універсітэта, звычайна зачынена. Краявід, які адкрываецца са званіцы, на вуліцы і завулкі Старога горада, а таксама на былыя прадмесці паўднёвыя (Роса, Новы горад) і заходнія (Панары), з вежы Гедзіміна з-за забудовы не бачныя, радавым грамадзянам даступны з 2011 года, на аглядную пляцоўку на вышыні 45 м можна падняцца на лесвіцы ці з дапамогай ліфта[17].

Па двухстах пяцідзесяці прыступках узышоў я на самы верх званіцы Св. Яна, адкуль увесь горад, з усімі яго цэрквамі, манастырамі і замкамі, як на далоні… Учора ранкам глядзеў адтуль на Вільну, падпяразаную квітнеючымі ўзгоркамі[18][19]

Касцёл і званіца, якая доўгі час заставалася самым высокім збудаваннем у Вільні (даныя вагаюцца ад 63 [20] да 68 м з крыжам [21]), вызначылі панаванне барока ў ансамблі ўніверсітэта і сталі архітэктурнай дамінантай барочнай панарамы Вільні.

Зноскі

  1. Antanas Rimvydas Čaplikas. Vilniaus gatvių istorija. Pilies gatvė. Vilnius: Charibdė, 2005. ISBN 9986-745-89-6. P. 194. (літ.)
  2. Adomas Honoris Kirkoras. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. Vertė Kazys Uscila. Vilnius: Mintis, 1991. P. 45. (літ.)
  3. Antanas Rimvydas Čaplikas. Vilniaus gatvių istorija. Pilies gatvė. Vilnius: Charibdė, 2005. ISBN 9986-745-89-6. P. 196. (літ.)
  4. Vilniaus Šv. Jono Krikštytojo ir šv. Jono Apaštalo ir Evangelisto bažnyčia Архівавана 6 лістапада 2014. (літ.)
  5. Šventojo Tėvo kalba inteligentijai Vilniaus universiteto Šv. Jonų bažnyčioje (літ.)
  6. Netekome žurnalistikos pedagogo, rašytojo Jono Bulotos (літ.)
  7. Mirė poetė, rašytoja, teatralė B. Pūkelevičiūtė Архівавана 12 лістапада 2007. (літ.)
  8. Mirė maestro Vytautas Kernagis (літ.)
  9. Lietuvos architektūros istorija. T. II: Nuo XVII a. pradžios iki XIX a. vidurio. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1994. ISBN 5-420-00583-3. P. 68. (літ.)
  10. Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juliusza Kłosa, Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie popraione po zgonie autora. Wilno, 1937. S. 150. (польск.)
  11. Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 539 (літ.)
  12. Adomas Honoris Kirkoras. Pasivaikščiojimas po Vilnių ir jo apylinkes. Vertė Kazys Uscila. Vilnius: Mintis, 1991. P. 48. (літ.)
  13. Vladas Drėma. Vilniaus Šv. Jono bažnyčia. Vilnius: R. Paknio leidykla, 1997. ISBN 9986-830-00-1. P. 232. (літ.)
  14. Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 540. (літ.)
  15. Vladas Drėma. Vilniaus Šv. Jono bažnyčia. Vilnius: R. Paknio leidykla, 1997. ISBN 9986-830-00-1. P. 195—197. (літ.)
  16. Antanas Rimvydas Čaplikas. Šv. Jono, Dominikonų, Trakų gatvės. Vilnius: Charibdė, 1998. ISBN 9986-745-13-6. P. 60. (літ.)
  17. У самым сэрцы Старога горада — новая аглядная пляцоўка
  18. Фёдор Глинка. Письма русского офицера о Польше, австрийских владениях, Пруссии и Франции, с подробным описанием Отечественной и заграничной войны с 1812 по 1815 год. Печатаны с издания 1815 года без перемен. Москва: Типография «Русского», 1870. С. 256.
  19. Фёдор Глинка. Письма русского офицера о Польше, Австрийских владениях, Пруссии и Франции, с подробным описанием отечественной и заграничной войны с 1812 по 1814 год
  20. Antanas Rimvydas Čaplikas. Vilniaus gatvių istorija. Pilies gatvė. Vilnius: Charibdė, 2005. ISBN 9986-745-89-6. P. 201. (літ.)
  21. Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. P. 542 (літ.)

Літаратура

правіць
  • А. Папшис. Вильнюс. Вильнюс: Минтис, 1977. С. 51—53.
  • Lietuvos TSR istorijos ir kultūros paminklų sąvadas. 1: Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija, 1988. (літ.)
  • Lietuvos architektūros istorija. T. II: Nuo XVII a. pradžios iki XIX a. vidurio. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1994. ISBN 5-420-00583-3. P. 65—69. (літ.)
  • Vladas Drėma. Vilniaus Šv. Jono bažnyčia. Vilnius: R. Paknio leidykla, 1997. ISBN 9986-830-00-1. (літ.)
  • Venclova T. Vilnius. Vadovas po miestą. — Vilnius: R. Paknio leidykla, 2007. ISBN 9986-830-46-X. P. 105—110 (літ.)
  • Памятники искусства Советского Союза. Белоруссия, Литва, Латвия, Эстония. Справочник-путеводитель. — М.: Искусство, 1986. С. 399—400.

Спасылкі

правіць