Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Пружаны)

Касцё́л Унебаўзя́цця Найсвяце́йшай Дзевы Мары́і, сустракаецца таксама варыянт Міхайлаўскі касцёл[1][2] — каталіцкі храм у Пружанах Пінскай дыяцэзіі, збудаваны ў 1883 годзе. Помнік архітэктуры неакласіцызму.

Касцёл
Унебаўзяцця Найсв. Дзевы Марыі
52°33′42,47″ пн. ш. 24°27′23″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Пружаны
Канфесія каталіцтва
Епархія Пінская дыяцэзія
Тып будынка храм
Архітэктурны стыль неакласіцызм
Заснавальнік Валенцій Швыкоўскі
Будаўніцтва 18781883 гады
Асноўныя даты

29 верасня 1883Скончанае будаўніцтва
8 верасня 1884Асвячэнне
2 сакавіка 1948Апячатаны бальшавікамі
19 красавіка 1951Аддадзены пад
Дом культуры

8 снежня 1991Першае дазволенае
ўладамі набажэнства

1 лютага 1993Вернуты каталікам
19931998Рэстаўрацыя

14 жніўня 1998Адкрыццё адрэстаўраванага храма
Прыдзелы Плябанія
Вядомыя насельнікі Казімір Свёнтак
Статус ахоўваецца дзяржавай
Стан дзейны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пабудова правіць

У сярэдзіне XIX стагоддзя было вырашана пабудаваць для каталікоў новы храм побач са старым драўляным, збудаваным яшчэ ў 1522 годзе. За яго пабудову ўзяўся мясцовы шляхціц Валенцій Швыкоўскі, які дзеля гэтай мэты запрасіў з Варшавы славутага архітэктара Генрыка Марконі. Аднак пасля падзей паўстання 1863 года яшчэ недабудаваны касцёл быў адабраны і перабудаваны пад праваслаўную царкву.

Паколькі стары храм згарэў, вернікі-каталікі дамагаліся таго, каб у Пружанах быў хоць адзін касцёл. Урэшце ў 1877 дазвол быў атрыманы з умоваю, што касцёл не будзе ўзвышацца над іншымі пабудовамі горада, а 21 снежня 1878 года зацверджаны праект[3]. Узвядзенне храма ізноў фундаваў Валенцій Швыкоўскі; частку сродкаў (22 000 рублёў) выдзелілі царскія ўлады[4].

Храм узводзіўся на зямлі, выкупленай парафіянамі ў 1881 у памешчыка Быліны. Будаўніцтва касцёла скончылася ў 1883 годзе, 29 верасня ён быў перададзены духоўным уладам. Ля касцёла была збудаваная двухпавярховая званіца вышынёй амаль 8 метраў, у алтары якой былі змешчаныя абразы Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай з кляштару ў Бярозе-Картускай, Маці Божай Ружанцовай, Святога Антонія, Святога Міхаіла і інш.

8 верасня 1884 года касцёл быў асвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, св. Ганны і Св. Карла Барамеа[4]. Мерапрыемствы зладзіў святар Караль Грынявіцкі.

У 1886 побач была збудаваная драўляная плябанія.

Гісторыя правіць

Храм зведаў значныя пашкоджанні ў Першую сусветную вайну: пацярпеў будынак, амаль знішчана арганная частка.

У 1926—28 гадах вікарыем парафіі быў Фабіян Пачобут-Адляніцкі[5].

У 1929—1930 пры матэрыяльнай падтрымцы пружанскіх шляхціцаў Дзяконскага і Марачэўскага былі праведзеныя грунтоўныя аднаўленча-будаўнічыя працы. Храм поўнасцю адрамантавалі, замянілі дах і вокны, правялі электраасвятленне. Было адноўленае арганнае памяшканне. Перабудавалі і плябанію, пры якой з'явілася дадатковае памяшканне для парафіян.

У 1939 годзе вікарыем быў пастаўлены Казімір Свёнтак. Пасля прыходу Саветаў быў арыштаваны, знаходзіўся ў турме. З прыходам нацыстаў вызвалены, вярнуўся ў касцёл і служыў да 17 снежня 1944, калі зноў быў арыштаваны бальшавікамі. Праз няпоўныя два гады ў Польшчу з'ехаў пробашч парафіі кс. Антоній Ройка (па-польску: Antoni Rojko), баючыся пераследу ўладаў. Вернікі працягвалі збірацца ў касцёле на малітвы нават без святара яшчэ два гады, пакуль ён не быў апячатаны 2 сакавіка 1948 года.

19 красавіка 1951 года райвыканкам вырашыў перабудаваць будынак пад Дом культуры. Драўляныя дэталі аргана выкарыстоўваліся для яго абагрэву[3], металічныя здадзены на металалом; касцёльнае ўбранства і вопратка пушчаны на пашыўку тэатральных касцюмаў[4]. Частка маёмасці была распрададзена.

У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя вернікі сталі дамагацца вяртання касцёла. 4 жніўня 1991 ў Пружаны быў прысланы на душпастырскую дзейнасць кс. Эдвард Лоек, 2 снежня ўлады дазволілі правядзенне набажэнстваў у будынку Дома культуры ў нядзелі і святочныя дні. Першая мша адбылася ўжо 8 снежня 1991[6].

1 лютага 1993 года вернуты каталікам і асвечаны ў гонар Маці Божай[3]. 6 лютага з гэтай нагоды ўрачыстую імшу цэлебраваў архібіскуп Казімір Свёнтак.

Рэстаўрацыя цягнулася да 1998 года. Поўную інвентарызацыю і дакументацыю па рэканструкцыі бясплатна зрабіў прафесар Інстытута кансервацыі помнікаў Кракаўскай палітэхнікі Віктар Зін. Давялося аднаўляць чатыры слупы, якія трымалі скляпенні і дах. Разбураныя печы і коміны, пастаўленыя падчас перабудовы пад Дом культуры, заменены стары дах, вокны атрымалі свой ранейшы выгляд, і інш.

14 жніўня 1998 адбылася ўрачыстая рэкансекрацыя святыні. Акт пра гэта на беларускай і польскай мовах захоўваецца ў храме. Да 2005 года вакол касцёла была збудавана агароджа і ўпарадкаваная тэрыторыя. На месцы знішчанага за камуністамі помніку Хрысту Збаўцы пастаўлены юбілейны крыж да 2000-годдзя хрысціянства[6].

Архітэктура правіць

 
Касцёл у час Першай сусветнай вайны

Помнік архітэктуры неакласіцызму.

Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае строгую сіметрычна-восевую двух'ярусную кампазіцыю, яго асноўная прамавугольная плоскасць завершаная высокім шчытом з трохвугольным франтонам, пастаўленым на прамавугольны атык з бакавымі ўвагнутымі валютамі.

Галоўны ўваход размешчаны ў глыбіні лоджыі, завершанай цыркульнай аркай. Бакавыя фасады рытмічна расчленены пілястрамі і прамавугольнымі ваконнымі праёмамі ў 2 ярусы.

З прычыны таго, што ўладамі была агавораная ўмова, што будынак касцёла не мог быць вышэйшым за іншыя пабудовы горада, архітэктар адмовіўся ад узвядзення вежаў[7]. Скляпенні былі паднесены амаль пад самы дах, каб максімальна выкарыстаць адведзеную прастору.

Святары правіць

Зноскі

  1. Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 39.
  2. XXII. Пружаны. 1527. Михайловский костёл // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 353. — 25 000 экз. — ISBN 5-85700-017-3.
  3. а б в Пракаповіч Н. С.. Летапіс духоўнасці: культавая архітэктура. Всё о Ружанах. Праверана 25 лістапада 2011.
  4. а б в Ks. Robert Iskrzycki CM. Krótka historia kościoła Prużańskiego(польск.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2, 30. — С. 25.
  5. Дополнения и поправки (руск.). Католические новомученики России. Праверана 25 лістапада 2011.
  6. а б Ks. Robert Iskrzycki CM. Krótka historia kościoła Prużańskiego(польск.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2, 30. — С. 26.
  7. Наталля Пракаповіч. Шматпакутны лёс касцёла // «Раённыя будні». — 21 снежня 2011. — № 100, 9443. — С. 5.
  8. а б в г br. Jan Fibek OFMCap.. Najnowsze wiadomości (польск.). Kościół Wniebowzięcia NMP. Радзіма майго духу (5 жніўня 2008). Праверана 18 студзеня 2012.

Літаратура правіць

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
  • Ks. Robert Iskrzycki CM. Krótka historia kościoła Prużańskiego(польск.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2, 30. — С. 25—26.
  • Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 39.
  • Наталля Пракаповіч. Шматпакутны лёс касцёла // «Раённыя будні». — 21 снежня 2011. — № 100 (9443). — С. 1, 5.
  • XXII. Пружаны. 1527. Михайловский костёл // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — 25 000 экз. — ISBN 5-85700-017-3.

Спасылкі правіць