Касцёл Адшукання Святога Крыжа і кляштар бернардзінцаў (Гродна)

Гродна

Касцёл Адшукання Святога Крыжа — рымска-каталіцкі храм у цэнтральнай частцы Гродна. Пасля разбурэння савецкімі ўладамі Фары Вітаўта, Пабернардзінскі касцёл з’яўляецца самым старым каталіцкім храмам у Гродне.

Славутасць
Касцёл Адшукання Святога Крыжа
53°40′30,10″ пн. ш. 23°49′49,10″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дата заснавання 1595
Матэрыял цэгла
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

У першапачатковым выглядзе касцёл бернардзінцаў узнік у 1595—1600 гадах. Ён, хутчэй за ўсё, быў трохарачны з калонамі. Да 1618 года касцёл пашыраўся. Замест аднанефнага, была ўзведзенна трохнефавая чатырохарачная базіліка, ад старога будынка захаваўся толькі гатычны прэзбітэрый. Касцёл быў кансекраваны віленскім біскупам Яўстахіям Валовічам 13 мая 1618 года, аб гэтым сведчыць умураваная ў другую паўночную калону мармуровая шыльда.

У 1660-х гадах пры касцёле існавала Ларэтанскае брацтва. Гэта пацвярджае «Індульгенцыя Папы Аляксандра VII для членаў брацтва Ларэтанскага дома Божай Маці пры гродзенскім бернардзінскім кляштары», што была выдана ў 1666 годзе. Брацтва павінна было мець сваё месца ў касцёле, дзе стаяў алтар з фігурай Ларэтанскай Божай Маці. Гэта была невялічкая капліца, дабудаваная з боку паўночнага нефа. Да нашых часоў захаваліся дзверы, што вядуць да яе.

У 1679 годзе віленскі ваявода Міхал Пац атрымаў згоду на пабудову драўлянага палаца на манастрыскіх землях, але ўзамен быў абавязаны пабудаваць перад фасадам касцёла Ларэтанскі домік. У 1682 годзе Міхал Пац памер і будаўнічыя работы спыніліся. Цагельню і землі бернардзінцам перадаў брат Міхала Казімір, у той час біскуп жамойцкі. У 1682 годзе пачалася чарговая перабудова касцёла: касцел быў пашыраны да пяці арак за кошт новы фасаду па лініі заходняга муру, але ж Ларэт пакінулі недабудаваным. У 1683 годзе да новай аркі касцёла прысунулі музычныя хоры і дзве вяршынныя капліцы. Будаўніцтва новага фасада скончылася ў 1686 годзе, магчыма ў той жа час пабудавана і вежа. У нішах новага фасада размяшчаліся скульптуры св. Алены, св. Антонія і св. Бернардзіна.

У 1683 годзе была створана капліца святой Барбары, а ў 1686 годзе Папай Інакенціем XI было створана брацтва ў гонар святой пры касцёле бернардзінцаў. Капліца, што размяшчалася насупраць, насіла імя св. Казіміра. Абедзве яны знаходзяцца ў апошняй арцы касцёла.

У 1680 годзе створаны новы вялікі алтар, дзе абраз Божай Маці быў заменены на распяцце, што больш адпавядала назве касцёла.

На сродкі Марыны Длускай быў зроблены бакавы алтар, прысвечаны св. Антонію, у 1680—1683 гадах былі выкананы стэлы, аздобленыя скульптурнымі сцэнамі з жыцця святога. На другі бакавы алтар, прысвечаны Чанстахоўскай Божай Маці, ахвяраваў Вількоўскі. У 1687 годзе на пазалоту вялікага алтара і стэлы выдаткаваў гвардыян Гладавіцкі. А ў 1694 годзе ў касцёл прыбылі абразы з Вільні і алтары святых Францішка і Ганны.

У 1730-я гады была адрэстаўравана вежа, а ў 1760 годзе ўзнік на ахвяраванні Адама Ленкевіча алтар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Найкаштоўнейшыя элементы інтэр’ера з’явіліся якраз у XVIII стагоддзі.

Пасля вялікіх пажараў у 1753 годзе ў Гродне была знішчана частка кляштара і вежы, канструкцыя якой была парушана агнём. Пасля адбудовы, вежа вырасла на два яруса, а знішчаныя агнем званы былі заменены на новыя. Ад чарговага пажару ў 1782 годзе пацярпеў інтэр’ер. Пасля заканчэння рамонту ў 1788 годзе ў касцёле з’явіліся 12 новых алтароў у стылі класіцызм, скродкі на якія ахвяраваў Чэрэнькевіч. Уверсе алтароў знаходзяцца стацыі Крыжовага шляху, а дзве — вісяць асобна на сценах касцёла. Пасля 1788 года капліцу св. Барбары замянілі на Ларэтанскую. Касцёл атрымаў новыя фрэскі.

 
Бернардзінскі касцёл, Зыгмунт Буйноўскі

14 снежня 1795 Гродна быў захоплены рускімі войскамі. 14 красавіка 1853 года быў ліквідаваны канвент бернардзінцаў у Гродна. На той момант у кляштары жыло ўсяго 8 манахаў. У 1858 годзе кляштар быў перададзены гарадскім уладам і там была размешчана сядзіба царскага войска. Касцёл атрымаў статус парафіяльнай святыні. У пачатку XX стагоддзя касцёл быў грунтоўна рэстаўраваны. Падчас Другой сусветнай вайны пабернардзінскі комплекс часткова згарэў. 22 чэрвеня 1941 года бомба з нямецкага самалёта ўпала на яўрэйскія нафтасховішчы ля касцёла. З-за выбуху былі выбіты вокны, згарэў дах касцёла, кляштара і вежы. Пад грузамі зніклі цудоўныя XVIII-стагоддзя арганы і тры старыя алтары з капліцы Св. Казіміра. Аднаўленчыя працы пачаліся хутка і ўжо ў 1946 годзе святыня атрымала свой першапачатковы выгляд. У капліцы Св. Казіміра быў пабудаваны алтар Сэрца Ісуса.

З 1 верасня 1990 года кляштар займае Вышэйшая духоўная семінарыя. У 1995 годзе быў распачаты рамонт касцёла, арганізаваны ксяндзом-пралатам Антоніем Ханько. У 2009 годзе была адноўлена і пафарбавана вежа.

Архітэктура правіць

 
Касцёл і кляштар

Касцёл уяўляе сабой трохнефную шасціслуповую базіліку з вялікай паўцыркульнай апсідай і дзвюма сакрысціямі. У аснову пабудовы храма пакладзена кампазіцыя рымскага езуіцкага касцёла Іль Джэзу. Цэнтральны неф накрыты двухсхільным, бакавыя — аднасхільнымі дахамі. У архітэктуры касцёла спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Галоўны фасад дэкарыраваны развітым антаблементам, пілястрамі карынфскага ордара, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. Сцены бакавых фасадаў члянёны пілястрамі і спаранымі арачнымі вокнамі.

Інтэр’ер правіць

 
Інтэр’ер касцёла
 
Галоўны алтар

Цэнтральны неф аддзелены ад бакавых шасцю апорнымі слупамі. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У 1788 годзе аздоба інтэр’ера дапоўнена жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на папружных арках, распісаных у тэхніцы грызайль. Плафон з фрэскавымі кампазіцыямі. У нішах аркатурнага пояса на паўднёвай сцяне цэнтральнага нефа выявы 12 апосталаў, на паўночнай — 12 дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Кампазіцыя «Ушэсце Хрыста» размешчана на тымпане арачнага перакрыцця цэнтральнага нефа. Каля паўночнага нефа амбон у стылі класіцызму, дэкарыраваны лісцем аканта і чатырма авальнымі медальёнамі з выявамі евангелістаў. Дзверы і сцены прытвора выкананы з ажурнага каванага металу. Над прытворам хоры з арганам, дэкарыраваным разбой па дрэве. У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў выкарыстаны элементы карынфскага ордара, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую мастацкую каштоўнасць маюць скульптурныя і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы, выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны галоўны алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам.

Аздабленне ў большасці выканана мастакамі Антоніем Грушэцкім і П. Міхалкевічам[1].

Кляштарны корпус правіць

Жылы корпус далучаны да паўднёвай сцяны касцёла. Двухпавярховы аб’ём у плане складанай канфігурацыі. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Усходняе і паўднёвае крылы вылучаны буйнымі рызалітамі з трохвугольнымі шчытамі. Завершаны двухсхільным чарапічным дахам. Планіроўка галерэйная.

Званіца правіць

Вежа-званіца прымыкае да галоўнага фасада касцёла з паўднёвага боку. Мае самастойны ўваход і звязана з касцёлам і жылым корпусам. Два верхнія ярусы званіцы перабудаваны ў 1788 годзе ў стылі позняга барока. Маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт. У іх пластычным афармленні выкарыстаны выгнутыя паверхні сцен, рэльефныя чляненні, вуглавыя калонкі і валюты. Вежа завершана фігурнай галоўкай са шпілем.

Зноскі

Спасылкі правіць