Касцёл і шпіталь сясцёр міласэрнасці (Мінск)

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і шпіталь сясцёр міласэрнасці — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Мінску, узведзены ў 1-й палове XIX ст. (недабудаваны, значна перабудаваны ў 1953 годзе). Знаходзіцца на Траецкай Гары. Цяпер у будынках комплексу размяшчана Сувораўскае ваеннае вучылішча (вул. М. Багдановіча, 29).

Сакральнае збудаванне
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і шпіталь сясцёр міласэрнасці
Касцёл і кляштар па рэканструкцыі пад семінарыю МП
Касцёл і кляштар па рэканструкцыі пад семінарыю МП
53°54′41″ пн. ш. 27°33′32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль класіцызм
Map

У шэрагу публікацый[1][2][3] сустракаецца атаясненне касцёла і шпіталя сясцёр міласэрнасці (дачок міласэрнасці, шарытак, вінцэнтынак) на Траецкай Гары з кляштарам марыявітак, які на праўдзе знаходзіўся на Францысканскай вуліцы (цяпер вул. Леніна).

Гісторыя правіць

Па пажары 14 жніўня 1809 года, калі згарэў фарны Траецкі касцёл, біскуп мінскі Якуб Дадэрка паспрабаваў заснаваць на Траецкай Гары новую святыню. На заказ Мінскага дабрачыннага таварыства архітэктар Міхал Чахоўскі распрацаваў праект пабудовы на рыначнай Траецкай плошчы комплексу касцёла і шпіталя сясцёр міласэрнасці (дачок міласэрнасці, шарытак, вінцэнтынак). Ужо 30 жніўня 1810 года біскуп Дадэрка ўрачыста асвяціў пачатак будаўніцтва і падмуркі новага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі[4]. Пры комплексе дзейнічаў шпіталь, у якім манашкі ордэна Святога Вінцэнта даглядалі сірот, старых і жабракоў[1].

Але комплекс узвялі толькі часткова. У 1840-я гады недабудаваныя касцёл і шпіталь Мінскае таварыства дабрачыннасці было вымушана прадаць Маскоўскаму патрыярхату пад духоўную семінарыю[5], якая размясцілася там у 1854 годзе[1].

 
Сувораўскае вучылішча, сучасны стан

За савецкім часам у будынках колішняй Духоўнай семінарыі працавалі Мінскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе пераўтвораны ў Аб'яднаную беларускую ваенную школу — сярэднюю ваенную навучальную ўстанову з беларускай мовай навучання[6].

Па 2-й сусветнай вайне ў колішнім сакральным комплексе размясцілася Сувораўскае ваеннае вучылішча. У 1953 годзе старыя будынкі значна перабудавалі.

Архітэктура правіць

Ад пачатку дамінантай комплексу быў вялікі мураваны касцёл у стылі ампір. Да яго з двух бакоў прымыкалі шпітальныя карпусы[1].

Пры перабудове ў 1953 годзе на касцёле і будынку шпіталя надбудавалі два паверхі, комплекс набыў рысы савецкага неакласіцызму.

Зноскі

  1. а б в г Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 54.
  2. Памяць. Мінск 2001, с. 553.
  3. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 52.
  4. Chodźko I. Diecezja Mińska około 1830 roku. T. 1. — Lublin, 1998. S. 191—192.
  5. Дзянісаў У. М. Касцёлы г. Мінска ў XVI — пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ) // Национальный исторический архив Беларуси [электронны рэсурс] — 2010. — Дата доступа: 20.3.2015.
  6. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 59.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць