Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў (Пінск)

Пінск

Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў — помнік архітэктуры барока XVIII ст. у г. Пінск (Беларусь), размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Касцёл — кафедральны сабор Пінскай дыяцэзіі. Комплекс — помнік рэспубліканскага значэння.

Сабор
Кафедральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў
Званіца і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Званіца і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
52°06′47″ пн. ш. 26°06′30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Пінск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Пінская дыяцэзія
Тып будынка кляштар
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Жыгімонт Кейстутавіч і яго жонка Ганна Мазавецкая
Дата заснавання 1396
Будаўніцтва 17061730 гады
Дата скасавання 1852
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 111Г000538шыфр 111Г000538
Стан Дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Драўляныя касцёл і кляштар былі закладзены князем пінскім, тураўскім і старадубскім Жыгімонтам Кейстутавічам і яго жонкай Ганнай Мазавецкай[1] у 1396 г[2]. Храм асвяціў першы віленскі біскуп Андрэй Васіла.

У 1445 г. вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык перадаў ва ўласнасць францысканскаму ордэну вёску Охава, фальваркі Статычаў і Дружылавічы, карчму з шынком у Пінску пры вул. Спаскай. Кароль Аляксандр прызначыў штогод перад Калядамі даваць з замка кляштару 4 камені воску і 2 бочкі мёду, а Жыгімонт II Аўгуст удакладніў, што бочкі павінны змяшчаць па 12 вёдзер. Праваслаўны пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч даў для лоўлі рыбы луку Рыбалаўку і язы на Піне, каралева Бона - вёску Кудрычы з 20 дымамі, з якіх плацілі чынш, і возера Блуднае. У 1639 г. Уладзіслаў IV на Кашавічы (Ганковічы) замяніў збожавую дзесяціну і частку гарадскіх грунтаў, дазволіў вольны доступ у лясы Пінскага староства, даў валоку зямлі ў Сварыцэвічах, 3-х падданых з грунтамі, 2 моргі пад цагельню[3].

Касцёл неаднаразова гарэў у XVI-XVII стст., адбудоўваўся з дрэва: у сярэдзіне XVI ст., потым - у 1621 г. Адбудаваны храм кансекраваў з дазволу луцкага біскупа, да чыей дыяцэзіі належаў касцёл, віленскі біскуп Яўстафі Валовіч. Храм быў цалкам спалены ў 9 лістапада 1648 г., калі падчас штурму горада ератыком-пратэстантам Мірскім, а да гэта разрабаваны казакамі і мяшчанамі. Паводле пазнейшых інвентарных кніг, натоўп уварваўся ў касцёл, знішчыў алтары, пасек абразы, пабіў арганы, келіхі і забраў усё самае каштоўнае з сакрысціі[3]. Адноўлены касцёл быў у 1651 г[2]. У 1675 г. касцёл быў яшчэ драўляным пад гонтавым дахам, з двума крыжамі на фасадзе і трэцім на бабінцы, пад ім - абраз Маці Божай на пазалочанай медзі. Такі ж абраз (але ў сярэбранай пазалочанай шаце) знаходзіўся ў галоўным алтары - драўляным паліхромным, як і 5 бакавых: Св. Францыска, Св. Антонія, Дзевы Марыі, Дабравешчання і Св. Ганны. Два абразы ў капліцы Маці Божай лічыліся цудадзейнымі. Каменнай была толькі сакрысція з трыма вокнамі і склепам для браціі і дабрадзеяў[3], якая, верагодна, засталася ад старога мураванага касцёла, бо ў шэрагу гістарычных крыніц сцвярджаецца, што першы мураваны касцёл тут быў узведзены па фундацыі караля Жыгімонта I Старога і яго жонкі каралевы Боны. Астатнія пабудовы ў той час былі драўлянымі[1].

 
Кляштар у пач. XX ст.

Падчас Паўночнай вайны, у 1705 г., кляштар зноў спалілі шведы. Пасля іх адыходу ад Пінска, каля 1706 г., пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла, аўтарам яго, як лічыць мастацтвазнаўца А. Ярашэвіч, быў, магчыма, гвардыян кляштара доктар тэалогіі Антоній Аляхновіч, пазначаны ў метрыцы памерлых за 1725 г. францысканцаў правінцыі літоўскай і беларускай як «будаўнік храма». Ужо ў 1712 г. адбылася яго бенедыктацыя – першапачатковае асвячэнне, якое дазваляла адпраўляць у святыні імшу. Кансекрацыя касцёла ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі адбылася 7 мая 1730 г., правёў яе біскуп луцкі і брэсцкі Стэфан Рупнеўскі[1]. Афармленне фасада касцёла завершана ў 17661769 гг[2], адначасова з гэтым завершаны 2-павярховы Е-падобны кляштарны корпус[1].

У 1817 г. перад касцёлам пастаўленая трох'ярусная мураваная званіца (арх. К. Каменскі), чацверты ярус якой дабудаваны ў пачатку XX ст. Кляштар зачынены ў 1852, касцёл пераведзены ў статус парафіяльнага[2].

Кляштар перабудаваны ў 1920-я гады (дойлід Г. Гай), касцёл у 1925—40 гг. быў кафедральны. З 19401992 быў зачынены савецкімі ўладамі. 13 красавіка 1991 г. у сан архібіскуп і апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі ўзведзены Казімір Свёнтак[2].

Архітэктура правіць

Касцёл правіць

 
План касцёла
 
Галоўны фасад касцёла і тарэц кляштарнага корпуса з барочным франтонам
 
Падоўжаны разрэз касцёла

Касцёл уяўляе сабой трохнефную базіліку[1][4] з надзвычай вузкімі бакавымі нефамі, падзеленыя суцэльнымі перагародкамі на асобныя неглыбокія капліцы, што адрознівае арганізацыю ўнутранай прасторы храма ад падобных барочных пабудоў Беларусі, якім уласцівая адкрытая і ўзаемазвязаная прастора бакавых нафеў. Аналагічны прыём можна назіраць у культавым дойлідстве Польскай Сілезіі, напрыклад, у колішнім езуіцкім касцёле Святога Яна Хрысціцеля  (польск.) ў Легніцы, пабудаваным у 1724—1720 гг. Падобныя вузкія бакавыя нефы былі таксама ў пінскім езуіцкім і брэсцкім бернардзінскім касцёлах, таму можна лічыць гэта ўласцівасцю мураванага культавага дойлідства Заходняга Палесся[1].

Неф і крыху вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэзбітэрыем накрытыя стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб'ёмаў гранёнай сігнатуркай. Капліцы пад аднасхільнымі чарапічнымі дахамі. Галоўны фасад расчлянёны на тры ярусы і завершаны складаным франтонам з дзвюма вежамі па баках. Фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапаванымі карнізамі, філёнгавымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваныя лапаткамі. Сцены капліц прарэзаныя паўцыркульнымі вокнамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі вокнамі з лучковымі завяршэннямі. Неф і прасбітэрый перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках[2].

Інтэр'ер правіць

 
Інтэр'ер касцёла
 
Унебаўзяцце Марыі. Б.-Э. Мурыльё, каля 1680. Дзяржаўны Эрмітаж
 
Пінская мадонна. Альфрэд Ромер, 1894
Галоўны алтар правіць

Найбольш багата аформлены галоўны алтар, які ўяўляе сабой трохвосевы порцік, узняты на высокі цокаль, бакавыя крылы павернуты пад вуглом да цэнтральнай часткі. У цэнтры першага яруса, падзеленага па вертыкалі на тры полі чатырма спіральнымі калонамі, вялікая (4×2 м) жывапісная карціна «Унебаўзяцце Марыі» (копія з Б.-Э. Мурыльё  (руск.)) у разьбянай раме з шлемападобным балдахінам, абапал яго ў інтэркалумніях скульптуры басых Апосталаў Пятра і Паўла ў вобразе старцаў з моцнымі жылістымі рукамі. Іх адзенні мадэляваныя буйнымі глыбока рэльефнымі складкамі, пакрытыя пазалотай і серабрэннем[3]. Алтар завершаны антаблементам з разарваным франтонам і картушам, на якім размешчана гарэльефная кампазіцыя «Стыгмацыя Святога Францыска», выкананая, як лічыцца, паміж 1766 і 1817 гг[1][2]. Апапал ад картуша-рамы — пастаменты з сядзячымі скульптурамі таго ж аўтара[3].

Бакавыя алтары правіць

У інтэр'еры шэсць (бакавыя) драўляных разных і адзін (галоўны) стукавы пазалочаныя алтары XVIII ст.. Урачысты лад галоўнага алтара падкрэсліваюць разныя бакавыя алтары, з якіх асабліва вылучаецца алтар Маці Божай Ружанцовай. У іх кампазіцыі ўключаныя шмат драўлянай скульптуры і дэкаратыўнай арнаментальнай разьбы ў стылі барока, аўтарства якой, паводле меркаванню польскага даследчыка К. Кантака, належыць майстру-разьбяру Яну Шміту, вядомага непаўторным шматфігурным галоўным алтаром у гродзенскага езуіцкім касцёле[1][2].

Табернакулум правіць

Вылучаецца незвычайных размахаў табернакулум, цэнтр якога ўвенчаны скульптурнай групай «Маці Божая Апека». Каранаваня Марыя ахінае сваім плашчом чатырох адарантаў: двух укленчаных у папскай тыяры і каралеўскай кароне, на другім плане мужчына і жанчына цывільнага стану са схіленымі галовамі. У дзвюх скульптурах абапал увасобленыя апосталы, дзве жаночыя фігуры маюць алегарычны сэнс: сімвалізуюць мудрасць і беднасць[3].

Амбон правіць

Выдатным узорам разьбы па дрэве з'яўляецца амбон з рэльефнымі выявамі чатырох евангелістаў, Хрыста і Апосталаў Пятра і Паўла, на яго гранях. Балдахін амбона аздоблены ажурнай разьбой раслінных матываў, завершаны статуяй Архангела Міхаіла з мячом і шалямі ў руках. Дэкаратыўная разьба і скульптура паліхромныя з пазалотай і сярэбраннем[1][2].

Іншае правіць

З 1837 г. у касцёле францысканцаў існуе цудоўны арган (майстар Ф. Градзецкі)[1]. У 1909 г. скляпенні і папружныя аркі размаляваныя арнаментальнымі матывамі (мастак С. Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі «Зняцце з крыжа» і «Пакланенне вешчуноў» (мастак Б. Вішнеўскі)[2]. У стварэнні жывапісных карцін бакавых алтароў на пачатку ХХ ст. прымаў удзел мастак А. Ромер, пэндзлю якога належыць т.зв. «Пінская мадонна»[1].

Кляштар правіць

Чатыры 2-павярховыя ўзаемна перпендыкулярныя двух- і трохпавярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Пабудовы маюць плоскасныя фасады, рытм якіх ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Тарцы кляштарных будынкаў завершаныя барочнымі франтонамі складанага профілю. Планіроўка калідорная, перакрыцці скляпеністыя. Калідоры былі ўпрыгожаныя сюжэтнымі поспісамі[2].

Званіца правіць

 
Абраз «Святое сямейства з Францыскам». XVI ст.
 
Касцёл на беларускай марцы (1996)

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
  2. а б в г д е ё ж з і к Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  3. а б в г д е ПІНСКІЯ КЛЯШТАРЫ
  4. У сучасных энцыклапедычных даведніках (Збор поманікаў, Архітэктура Беларусі (1993)) памылкова сцвяржаецца, што храм мае адзін неф з прыбудаванымі да яго капліцамі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць