Квота беларускай музыкі ў радыёэфіры

Квота ў памеры мінімум 75 % беларускай музыкі ў радыёэфіры Беларусі была ўсталявана Палажэннем Міністэрства інфармацыі Беларусі ў 2005 годзе і выклікала бурлівую рэакцыю як сярод радыёстанцый і беларускіх выканаўцаў[en], так і з боку слухачоў. У 2009 годзе патрабаванне было зменена і стала датычыцца толькі эфіра ў прайм-тайм[ru]. На думку беларускіх музычных экспертаў, квота не адбіваецца пазытыўным чынам на якасці беларускага музычнага прадукту, не дазваляе зрабіць радыёстанцыю, якая спецыялізавалася б на джазавай ці блюзавай музыцы.[1]

Гісторыя з’яўлення і дзеяння правіць

Квота ўсталявана 1 студзеня 2005 года дзяржаўнымі органамі ўлады з мэтай падтрымкі беларускіх выканаўцаў на фоне засілля ў радыёэфіры музыкі ўсходніх[ru] і заходніх[ru] суседзяў Беларусі. Пры прыняцці рашэння беларускія чыноўнікі спасылаліся на вопыт некаторых краін, якія даўно практыкуюць падобныя меры стымулявання нацыянальнага мастацтва (напрыклад, Францыя).

Летам 2009 года пачала з’яўляцца інфармацыя (у тым ліку агенцтва «Інтэрфакс»), што квота беларускай музыкі ў эфіры радыёстанцый будзе зніжана да 50%, але ўпраўленне электронных СМІ Міністэрства інфармацыі абвергла гэта.[2] 15 верасня 2009 года Міністэрствам інфармацыі па выніках паседжання прынята абмежаванне, згодна з якім квота дзейнічае толькі 9 гадзін эфіру за суткі.

Як сведчылі музычныя рэдактары радыёстанцый ніхто не правярае кожны дзень, ці адгучалі беларускія выканаўцы на FM-дыяпазоне гарантаваныя законам 410 хвілін за суткі. Кантроль адбываецца на падставе запыту Мінінфармацыі на радыёстанцыю, якая робіць справаздачу наконт вызначанага дня. Аднак кожная радыёстанцыя сама прызначае гадзіны, у якіх будзе панаваць беларуская музыка. На думку Алены Трашчынскай, кіраўніцы «Радыус FM», галоўная праблема з квотай — нізкая прадуктыўнасць айчынных выканаўцаў, з-за чаго адчуваецца недахоп музычнага матэрыялу.[3]

У некаторых жа радыёстанцый з выкананнем патрабавання Міністэрства інфармацыі аб 75 % прысутнасці ў эфіры беларускіх выканаўцаў праблем не было. Напрыклад, Алег Хаменка, які вёў аўтарскую праграму пра беларускую музыку на «Аўтарадыё», лічыць, што гэта была адзіная з радыёстанцый, якая давала больш як 75 % музыкі беларускіх аўтараў, і ў гэтым сэнсе «Аўтарадыё» паказальнае ў параўнанні з астатнімі станцыямі.[4]

17 студзеня 2017 года ў лісце (№ 01-15/М-2) актывісту з Ліды Валерыю Мінецу ў адказ на яго патрабаванне да мясцовай радыёстанцыі «Тваё радыё» ставіць у эфір і беларускую музыку Міністэрства інфармацыі паведаміла, што дзеючае заканадаўства не ўтрымлівае нормаў пра абавязковую квоту беларускай музыкі ў радыэфіры.

Крытыка правіць

У Міністэрстве культуры лічаць, што квота ў 75 % дапамагліа «раскруціць» беларускіх музыкантаў. Чыноўнікі гавораць, што на канцэрт Дня Беларусі на «Славянскім базары» да ўвядзення квоты 75 % беларускай музыкі прадаваліся толькі 20 % квіткоў, пасля — 75 %.[5]

  У вялікай культурніцкай палітыцы важна, каб кумірамі моладзі станавіліся беларусы. На канцэрты расіскіх выканаўцаў заўсёды раскупаюцца квіткі. Гэта заслужана, але адбываецца ў тым ліку і за кошт таго, што выканаўцам прадстаўлены эфір. Беларускія артысты таксама высокапрафэсійныя і вартыя павагі і любві публікі. Мера па прысутнасці 75 % беларускай музыкі ў эфіры дазволіла зрабіць больш папулярнымі сваіх артыстаў.
першы намеснік міністра культуры Уладзімір Ралатка
 

Да меркавання чыноўнікаў скептычна адносяцца беларускія музыканты:

  Ня ведаю, як у асноўных беларускіх артыстаў, а ў нас пакуль што стабільнасць. У сэнсе, за выняткам трох гадоў, калі нельга было граць вялікія канцэрты, народ як збіраўся на нашыя канцэрты шчыльнымі радамі, так і збіраецца. Гэта вельмі прыемна, але наўрад ці залежыць ад 75 %, бо па радыё болей круцяць іншых выканаўцаў. Твар Беларусі, напрыклад. А калі сур’ёзна, давайце лепей карыстацца статыстыкай продажаў дыскаў. І што яна паказвае? Якім накладам разышліся альбомы (калі яны ўвогуле ёсць) раскручваймых выканаўцаў?
 

Некаторыя з назіральнікаў адзначаюць, што прыкладам для беларускіх медыя-рэгулятараў мог бы паслужыць досвед Украіны. Ад лістападу 2016 года на мясцовым рынку радыё дзейнічаюць свае квоты — у залежнасці ад фармату, на нацыянальнай мове павінна выконвацца 25—35 % песень, якія гучаць у эфіры.[6]

Адлюстраванне ў культуры правіць

Паводле з’яўлення квоты беларускім жартоўным поп-гуртом «Дранiкi» у вераснi 2009 года выпушчаны альбом «75% беларускай музыкі», які быў ацэнены музычным гiдам «Experty.by» ў 4 балы з 10. Паводле меркавання музычнага крытыка Змітра Падбярэзскага, гэта прадукт для ўнутранага спажывання i будзе пэўны час папулярны ў вельмі абмежаваных колах. Музычны журналiст Сяргей Будкiн лiчыць, што гэты дыск можна палічыць нашым адказам расійскай нізкаякаснай музыцы.[7][8][9][10]

Зноскі

  1. Экспэрты: норму 75% на радыё трэба перагледзець. Польскае Радыё (24 ліпеня 2017). Праверана 17 ліпеня 2018.
  2. Мінінфармацыі: 75% беларускай музыкі застануцца ў эфіры. euroradio.fm (26 жніўня 2009). Праверана 17 ліпеня 2018.
  3. 75% беларускай музыкі ў эфіры абмежавалі. euroradio.fm (19 лістапада 2009). Праверана 17 ліпеня 2018.
  4. Хаменка: «Аўтарадыё» — адзіная станцыя, якая давала 75% беларускай музыкі. Радыё Свабода (12 студзеня 2011). Праверана 17 ліпеня 2018.
  5. 75% беларускай музыкі: «кумірамі моладзі мусяць быць беларусы». generation.by. Праверана 17 ліпеня 2018.
  6. Ці загучыць беларуская музыка на радыё ў Лідзе?. Новы Час online (13 лютага 2017). Праверана 17 ліпеня 2018.
  7. Драники "75% беларускай музыкі" (руск.). experty.by (9 лістапада 2009). Праверана 17 ліпеня 2018.
  8. Дранікі. 75 % беларускай музыкі. prastora.by. Праверана 17 ліпеня 2018.
  9. «75% Беларускай музыкi» (2009) (руск.). show-biz.by. Праверана 17 ліпеня 2018.
  10. ДРАНИКИ - 75% беларускай музыкi (руск.). ay.by. Праверана 17 ліпеня 2018.(недаступная спасылка)

Спасылкі правіць