Класічны танец

Класічны танец — устойлівая сістэма выразных сродкаў харэаграфічнага мастацтва, якая склалася гістарычна. У ёй распрацаваны пазіцыі ног, рук, корпуса, галавы, асноўныя позы, рухі (прысяданні, скачкі, вярчэнні і інш.) са строга вызначанымі правіламі выканання.

Класічны танец

Асноўны прынцып класічнага танца — вываратнасць (свабодны разварот ног вонкі ад сцягна), якая садзейнічае найбольш поўнаму раскрыццю магчымасцей чалавечага цела.

Тэрмін «класічны танец» узнік у Расіі ў 19 стагоддзі і стаў агульнапрынятым для абазначэння пэўнага віду харэаграфіі ў адрозненне ад іншых відаў (характарны, народны танец).

ГісторыяПравіць

Класічны танец складаўся на працягу многіх стагоддзяў адборам найбольш выразных, рэалістычна ўмоўных рухаў. Тэарэтычная распрацоўка сістэмы класічнага танца вялася з 16 стагоддзя ў Італіі (працы Ф. Кароза, Ч. Негры і інш.), потым у Францыі (П. Башан, P. А. Феё(англ.) бел., Ж. Навер і інш.), адкуль прыйшла асноўная тэрміналогія, і ў Расіі.

Класічны танец цесна звязаны з музыкай — яна вызначае змест, настрой, метрарытм танца. Вялікае значэнне для яго эвалюцыі ў бок найбольш поўнага зліцця з музыкай мелі балеты П. Чайкоўскага. Прагрэсіўная руская школа класічнага танца з уласцівымі ёй нацыянальнай акрэсленасцю, высакароднасцю і драматычнай асэнсаванасцю пластычнай мовы зрабіла ўплыў на развіццё сусветнай харэаграфіі. На аснове яе традыцый развіваецца сучасны балетны тэатр, дзе акадэмічны танец сінтэзуецца з іншымі пластычнымі сістэмамі, у т.л. з танцам-мадэрн.

На Беларусі класічны танец пачаў развівацца з сярэдзіны 18 стагоддзя ў буйных прыгонных тэатрах (Слуцк, Нясвіж, Гродна, Слонім, Шклоў), пры якіх існавалі школы, дзе значныя майстры заходнееўрапейскага балетнага мастацтва Л. М. Дзюпрэ, Ле Ду, Г. Петынеці, А. Пуціні, Ф. Марыні, беларускі балетмайстар А. Лойка навучалі прыгонных асновам танца (Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа, Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). Пра дасягнуты беларускімі артыстамі прафесійны ўзровень сведчыць іх паспяховая праца ў буйных прафесійных балетных трупах Варшавы, Пецярбурга і інш.

Авалоданне сродкамі класічнага танца ляжыць у аснове харэаграфічнай адукацыі, якая пачалася на Беларусі ў 1928 годзе ў харэаграфічным класе Беларускага музычнага тэхнікума, працягвалася ў 1930-я гады ў Беларускай студыі оперы і балета і балетнай школе пры Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі; у 1945 годзе заснавана Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча, выпускнікі якога складаюць аснову балетнай трупы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра балета Беларусі. Як і ва ўсіх балетных вучылішчах краін СНД, тут перш-наперш развіваюцца традацыі рускай, ваганаўскай школы класічнага танца (на Беларусі пераемнасць гэтай традыцыі неслі вучаніцы А. Ваганавай З. Васільева, якая была першым мастацкім кіраўніком харэаграфічнага вучылішча, і Н. Младзінская).

Арганічны сінтэз класічнага танца і народнай харэаграфіі дасягнуты ў першых нацыянальных балетах «Салавей» М. Крошнера (пастаноўка А. Ермалаева), «Князь-возера» В. Залатарова (пастаноўка К. Мулера). Узбагачэнне класічнага танца элементамі сучаснай пластыкі характэрна для работ В. Елізар’ева.

ЛітаратураПравіць