Клаўдзія Хруцкая
Клаўдзія Хруцкая — мастачка.
Клаўдзія Хруцкая | |
---|---|
Род дзейнасці | мастачка |
Біяграфія
правіцьПаходзіла з роду Бянбноўскіх (Ксаверый Бянбноўскі — капітан паўстанцкай арміі Тадэвуша Касцюшкі). Маёнтак роду знаходзіўся побач з радавым гняздом Хруцкіх — Захарнічамі (на Полаччыне). Мастацкую адукацыю Клаўдзія Хруцкая атрымала ў Расіі. Пабралася шлюбам з суседам, Іванам Хруцкім, унукам мастака Івана Хруцкага. У 1923 годзе ў іх нарадзілася дачка Ганна.
Жыццё ў Польшчы
правіцьСям’я Хруцкіх перабралася ў Слонім. У Слоніме Клаўдзія настаўнічала, займалася сям’ёй, малявала. Па нядзелях сям’я выпраўлялася да касцёла бернардзінак на імшу, якую правіў па-польску (па-беларуску было забаронена) ксёндз Адам Станкевіч. «Пры Польшчы яна выкладала беларускую мову ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі… Думаю, што дзякуючы Хруцкай бібліятэка семінарыі займела, як на той час, багаты беларускі збор, з якога я шчодра браў веды, калі стаў свядомым беларусам» (З ліста Барыса Данілюка да журналіста і краязнаўцы Сяргея Чыгрына).У сярэдзіне траўня 1933 года ў Вільні была адчынена гадавая справаздачная выстава Таварыства Незалежных мастакоў і скульптараў. У традыцыйным фэсце мастацтва, апрача дзейных сябраў аб’яднання, бралі ўдзел госці з Кракава, Львова, Варшавы. У той год Клаўдзія Хруцкая, у Каталозе выставы, які зберагаецца ў Фондзе рэдкай кнігі Бібліятэкі АН Літоўскай Рэспублікі, была азначана ў якасці кандыдата. У 1935 годзе яна фігуруе ўжо як сябраТаварыства Незалежных мастакоў і скульптараў.
Нямецкая акупацыя
правіцьСітуацыя змянілася ад лета 1941 года. Працавалі выдавецтвы, сустракалі сваіх гасцей абноўленыя музейныя экспазіцыі, адчыняліся беларускія пачатковыя і сярэднетэхнічныя школы і настаўніцкія семінарыі. Прыкладаліся намаганні да адкрыцця мастацкіх навучальных установаў у Баранавічах (куратар А. Шымановіч), Слоніме (куратар С. Грудкоўскі). Навучанне ратавала ад прымусовых прац у Германіі, але ініцыятывы гэтыя не былі рэалізаваныя ў поўным фармаце. Мастакоўскае кола прафесіяналаў і аматараў у Слоніме разам з некалькімі бежанцамі са Смаленшчыны налічвала 15 чалавек. Творчасць большасці з іх тым ці іншым чынам была прадстаўлена ў экспазіцыі мясцовага музея, у тым ліку і працы Клаўдзіі Хруцкай (партрэты Н. Арсенневай, С. Хмары — пастэль). Агульнагарадская выстава адчынілася 5 сакавіка 1944 года з ініцыятывы Слонімскага аддзела Беларускага культурнага згуртавання. У ёй удзельнічалі: К. Хруцкая, А. Бенікаў, С. Грудкоўскі, Любанскі, В. Калюцік-Сташэўская, Н. Жыткевіч, Паўленка, Ф. Засадскі і 13-гадовы мастак В. Філіповіч. За пару першых дзён яе наведала больш за 1000 чалавек. 25 сакавіка 1944 года. «Слонімская газета» (№ 17) надрукавала вялікі агляд выставы, больш за палову якога было прысвечана Клаўдзіі Хруцкай.
Клаўдзія Хруцкая — майстар партрэтнага жанру. У аглядзе выставы «Слонімская газета» піша: «Добрае ўражанне робіць партрэт дачкі з косамі. Адчуваецца ў ім мацярынскае цяпло, ёсць і той вонкавы эстэтызм, які сустракаецца на партрэтах „добрых старых часоў“ мастацтва і такі рэдкі ў наш час грубай неразборлівасці рэалізму… Хочацца адзначыць асобна партрэт „Чырвоны каптурок“ (таксама партрэт дачкі). Колькі ж у ім добрай артыстычнай эфектоўнасці, маладой жыццесцвярджальнасці, якое маляўнічае багацце тонаў ды эфектных рэфлексаў у гэтай невялічкай сімфоніі чырвані і маладога твару».
«Партрэт Наталлі Арсенневай», што экспанаваўся ў складзе выставы, і месца захавання якога зараз невядома, быў вельмі станоўча адзначаны рэцэнзентам-сучаснікам. Сп. Клаўдзія ведала і адчувала творы Арсенневай, сустракалася з летуценна-трагічнай паэткай, калі спадарыня Наталля прыязджала ў Слонім (разам з трупай мінскага тэатра). Мяркуем, што калярова-каларыстычная гама партрэта была блізкай слоўнаму жывапісу Арсенневай.
Удзельнічала Клаўдзія Хруцкая і ў другой гарадской выставе сямі слонімскіх мастакоў, вернісаж якой адбыўся 14 траўня 1944 года. Але набліжаўся фронт. Сям’ю Хруцкіх немцы адправілі на прымусовую працу ў Судзеты.
Спасылкі
правіць