Кляштар марыявітак (Мінск)

Кляштар марыявітак — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у 1771—1850 гадах. Знаходзіўся на Францысканскай вуліцы.

У шэрагу публікацый[1][2][3] сустракаецца памылковая лакалізацыя кляштара на Траецкай Гары, дзе напраўдзе знаходзіўся касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і шпіталь сясцёр міласэрнасці.

Гісторыя правіць

У Менску жыў і памёр заснавальнік кангрэгацыі марыявітак віленскі ксёндз Юзаф Турчыновіч-Сушыцкі (1697—1773)[1].

Кляштар каталіцкай кангрэгацыі марыявітак — «дом марыявітак», заснаваны 26 чэрвеня 1771 года жонкай старосты паройскага Кунегундай з Матушэвічаў Рушчыц, якая ахвяравала на яго пляц на Францысканскай вуліцы. У канцы XVIII ст. Менск заставаўся ледзь не адзіным горадам, дзе інтэнсіўна пашыралася дзейнасць сясцёр-марыявітак. Кангрэгацыя не патрабавала пажыццёвай адмовы ад свецкага жыцця і аб’ядноўвала набожных жанчын, якія хацелі прысвяціць сябе пропаведзі хрысціянства сярод іўдзеяў.

Паводле візітацый пачатку XIX ст., на тэрыторыі кляштара быў вялікі драўляны жылы дом на мураваным падмурку, які законніцы здавалі ў арэнду, драўляная афіцына (пабудаваная ў 1817 годзе), дзе яны самі жылі, стайня і вазоўня, хлеў, іншыя гаспадарчыя пабудовы і невялікі гарод. Тэрыторыю кляштара аддзяляў ад Францысканскай вуліцы драўляны паркан з брамай, завершанай каванай манаграмай Імя Дзевы Марыі[4].

Пры кляштары працавала школа, у якой выхаванак навучалі мовам, дамаводстве і арыфметыцы. Была невялікая бібліятэка з 26 кніг. У кляштары стала жыло 3—4 законніцы, якія не мелі капліцы і хадзілі на набажэнствы ў касцёл езуітаў.

У 1850 годзе расійскія ўлады закрылі кляштар марыявітак[5], а яго пляц разам з будынкамі прадалі пад гарадскую забудову[6].

Зноскі

  1. а б Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 52.
  2. Памяць. Мінск 2001, с. 553.
  3. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 54.
  4. Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. — Мн.: «Про Хрысто», 2003.
  5. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 188.
  6. Дзянісаў У.. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Праверана 4 ліпеня 2012.

Літаратура правіць

  • Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага, — Мн.: ВУП «Выд-ва „Про Хрысто“». — 2003. — 256 с. ISBN 985-6628-37-7.
  • Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
  • Chodzko J. Diecezja Mińska około 1830 roku : [2 t.] / J. Chodzko; oprac. i wyd. M. Radwan. — Lublin : Inst. Europy Środkowo-Wschod., 1998. — T. 2 : Struktury zakonne. — 213 s.