Клічаўскі бой (1942)
Клічаўскі бой — бой партызанскіх фарміраванняў Магілёўскай вобласці супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку Клічаў 20 сакавіка 1942 года.
Клічаўскі бой | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 20 сакавіка 1942 | ||
Месца | Клічаў | ||
Вынік | перамога партызан | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
У выніку баявых дзеянняў партызан Магілёўскай вобласці ў сакавіку 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты былі выгнаны амаль з усёй тэрыторыі Клічаўскага, часткова Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў, у гарадскім пасёлку Клічаў быў блакіраваны нямецкі гарнізон (каля 250 чалавек).
Падрыхтоўка да бою
правіцьУ ноч на 20 сакавіка 1942 года партызаны завяршылі падрыхтоўку да аперацыі па разгрому Клічаўскага гарнізона. Галоўны ўдар па цэнтры пасёлка наносілі Клічаўскі атрад (камандзір А. С. Юркаўцаў) і атрад В. І. Лівенцава, якія былі ўзброены вінтоўкамі, аўтаматамі, а таксама мелі гармату і 3 кулямёты, з поўначы — атрад В. П. Свістунова. Шляхі магчымага адыходу праціўніка і прыбыцця варожых падмацаванняў кантралявалі 620-ы атрад (камандзір — В. М. Сырцоў) і частка атрада Свістунова.
Бой
правіцьНа досвітку 20 сакавіка 1942 года партызаны з двух бакоў уварваліся ў пасёлак. Узвод партызан на чале з І. К. Віталем і П. М. Вікторчыкам выбіў праціўніка з будынка былога райвыканкама. Частка гарнізона супраціўлялася на паўднёвай ускраіне пасёлка, спрабавала прабіцца да дарогі на Бабруйск, частка замацавалася ў 2-павярховым з цэглы будынку школы, бой за якую цягнуўся 3 гадзіны. У выніку 12-гадзіннага бою Клічаў быў поўнасцю вызвалены, забіта каля 120 акупантаў, 50 захоплены ў палон, захоплена зброя праціўніка. У баі загінула 11, паранена 13 партызан.
Вынікі
правіцьЗ разгромам гарнізона ў Клічаве завяршылася вызваленне ўсяго Клічаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была створана Клічаўская партызанская зона, партызаны атрымалі магчымасць прымаць самалёты з Вялікай зямлі. На працягу 3 месяцаў пасля сакавіцкага бою 1942 года партызаны ўтрымлівалі Клічаў. У ліпені 1942 года пад націскам пераўзыходзячых сіл праціўніка яны былі вымушаны пакінуць пасёлак.
Памяць
правіцьУ гонар баявых дзеянняў партызан у 1942 годзе ў Клічаве ў 1967 годзе быў насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік у 1957 годзе.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- А. І. Валахновіч, Р. А. Чарнаглазава, М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.