Князь

тытул валадара феадальнай дзяржавы або яе асобнай часткі

Князь — назва правадыра ў славян у дадзяржаўны перыяд; уладар феадальнай манархічнай дзяржавы або яе складовай часткі (удзельны князь) у IXXVI стагоддзях у славян і некаторых іншых народаў; прадстаўнік феадальнай арыстакратыі; пазней — вышэйшы дваранскі тытул, у залежнасці ад важнасці прыраўноўваецца да прынца або да герцага ў Заходняй і Паўднёвай Еўропе, у Цэнтральнай Еўропе (былой Свяшчэннай Рымскай імперыі) гэты тытул называецца фюрст, а ў Паўночнай — конунг. Тэрмін «князь» выкарыстоўваецца для перадачы заходнееўрапейскіх тытулаў, узыходных да princeps і fürst, таксама часам dux (звычайна герцаг).

Літоўскі герб Пагоня, выкарыстоўвальны як герб некаторых князёў Гедзімінавічаў

Вялікі князь — вышэйшы тытул, які належаў кіраўніку дзяржавы ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама дваранскі тытул членаў царскай сям’і Расійскай імперыі. Паняцце «вялікі князь» сустракаецца ў наратыўных усходнеславянскіх крыніцах пачынаючы з XI ст., аднак у гэты час носіць усхваляльны персаніфікаваны характар і не мае прыкмет аформленага тытула. З’яўленне тытула «вялікі князь» адносіцца да другой паловы XII ст. і звязана з палітычнымі рэаліямі распаду Русі, ростам амбіцый асобных княжацкіх родаў і неабходнасцю афармлення шматступеньчатай тытулатуры.

Княгіня — жонка князя, а таксама ўласна тытул жаночай асобы дваранскага саслоўя, княжыч — сын князя (толькі ў славян), князёўна — дачка князя.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Князь // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 393. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Горский Антон. Средневековая Русь. О чем говорят источники. — Москва: Ломоносовъ, 2016. (руск.)