Князі тураўскія

спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя
(Пасля перасылкі з Князь тураўскі)

Князі тураўскія — уладары Тураўскага княства з канца X да XIV стагоддзя. За выключэннем першага летапіснага (легендарнага) князя Тура, належалі да розных галін роду Рурыкавічаў.

Тур. Я. Кулік. Сучасны малюнак.

Першыя князі (980—1019) правіць

Першым па летапісах князем тураўскім і легендарным заснавальнікам горада Турава быў Тур. У «Аповесці мінулых гадоў» (XII ст.) ён памянёны пад 980 годам. Ва Усцюжскім летапісным зборы (XVI ст.) Тур названы братам князя полацкага Рагвалода, гэтай думкі прытрымліваюцца і некаторыя даследчыкі (М. Гаусман[1], У. Ігнатоўскі[2], М. Ермаловіч[3]).

Першым дакладна вядомым князем Турава быў Святаполк Уладзіміравіч. Ён атрымаў княства ў 988—989 гг. ад свайго бацькі (або айчыма) — вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча. Але, у адрозненне ад іншага сына Уладзіміра — князя полацкага Ізяслава Уладзіміравіча, які быў адасланы ў Полацкую зямлю крыху раней, — Святаполк не зрабіўся заснавальнікам мясцовай княжацкай галіны.

У 1015 годзе Святаполк заняў кіеўскі прастол, але ў далейшым пацярпеў паражэнне ў барацьбе з князем наўгародскім Яраславам Уладзіміравічам, і сканаў у Польшчы ці Чэхіі ў 1019 годзе. Відавочна, Святаполк не пакінуў нашчадкаў.

Пытанне пра тураўскую княжацкую дынастыю да 1158 года правіць

 
Пячатка Яраслава Уладзіміравіча. Першая палова XI ст., знойдзена ў Ноўгарадзе.

Да 1052 года Тураўскай воласцю валодаў вялікі князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч.

 
Святаслаў Яраславіч (крайні праваруч) з сям’ёй. Мініяцюра з Ізборніка 1073 г.

Наступным князем тут становіцца другі сын Яраслава — Ізяслаў Яраславіч. Затым у Тураве княжаць яго малодшыя браты — Святаслаў Яраславіч і Усевалад Яраславіч. А далей тураўскі прастол паслядоўна займаюць сыны Ізяслава Яраславіча — Яраполк Ізяславіч і Святаполк Ізяславіч.

 
Яраполк Ізяславіч, яго маці Гертруда Мешкаўна[pl] (злева ўнізе) і жонка Кунігунда фон Арламюндэ. Мініяцюра з «Малітоўніка Гертруды», XI ст.

Пераход княжання ў спадчыну (ад Ізяслава Яраславіча да яго сыноў Яраполка і Святаполка) дае падставу меркаваць аб заснаванні тураўскай княжацкай дынастыі. У даследчыцкай літаратуры (перш за ўсё, у працах П. Ф. Лысенкі[4]) Ізяслаў Яраславіч падаецца як пачынальнік мясцовай княжацкай галіны. На гэтую думку наводзіць таксама той факт, што і сын Святаполка — князь уладзіміра-валынскі Яраслаў Святаполчыч — змагаўся за тураўскі прастол, але пацярпеў паражэнне ў барацьбе з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Усеваладавічам (Манамахам).

Шчыльныя сувязі самога Ізяслава Яраславіча, а таксама яго нашчадкаў з Кіевам, Ноўгарадам і Валынню прымушаюць некаторых даследчыкаў сумнявацца ў тым, што да сярэдзіны XII ст. можа ісці гаворка пра існаванне адасобленай тураўскай дынастыі. У гэты час тут правяць і прадстаўнікі іншых ліній Рурыкавічаў, у 1113—1157 гг. тураўскім князем не быў ніводны нашчадак Ізяслава.

Разам з тым, у 1158 г. праўнук Ізяслава — Юрый Яраславіч (сын Яраслава Святаполчыча) заняў тураўскі прастол без згоды вялікага князя кіеўскага, і відавочна, абгрунтоўваў свае права на гэта прыналежнасцю да Ізяславічаў. Ён двойчы вытрымаў аблогу Турава войскамі вялікага князя кіеўскага, і надалей у Тураўскай зямлі княжылі толькі нашчадкі Юрыя.

Пытанне пра тураўскую княжацкую дынастыю звязана з пытаннем пра статус і ролю Тураўскага княства ў палітычнай гісторыі Русі.

Князі тураўскія X—XII ст. правіць

  1. Тур зг. 980
  2. Святаполк Уладзіміравіч 988—1015
  3. Ізяслаў Яраславіч 1052—1054
  4. Яраполк Ізяславіч 1079—1087
  5. Святаполк Ізяславіч ~1087—1093
  6. Вячаслаў Уладзіміравіч 1125—1132, 1134—1136, 1136—1139
  7. Ізяслаў Мсціславіч 1132—1134, 1136
  8. Святаслаў Усеваладавіч 1142, 1154
  9. Яраслаў Ізяславіч 1146—1148
  10. Барыс Юр’евіч 1155—1158
  11. Юрый Яраславіч 1158—1167/1170

Пасля падзелу княства на ўдзелы:

Юрый памёр паміж 1167 і 1170 гадамі. Пытанне якім чынам і ў якім парадку Тураўскае княства спадкавалі сыны Юрыя Яраславіча не яснае праз брак крыніцы, даследчыкі вырашаюць яго па рознаму і іх рэканструкцыі застаюцца гіпатэтычнымі. У 1174 годзе ў летапісе згадваюцца «тураўскія і пінскія князі», такім чынам, фіксуецца падзел зямлі на асобныя воласці, то-бок падзел уладанняў Юрыя паміж сынамі.

Пасля 1196 года пэўных звестак пра ўласна Тураўскае княства амаль няма. Часцей, але ўсё адно рэдка, крыніцы згадваюць Пінскае княства, пад 1246 годам названае «Пінскай зямлёй».

Заўвагі правіць

  1. Гаусман, М. Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества. — Мн., 1877. — С. 3. (руск.)
  2. Ігнатоўскі, У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. — Мінск: Беларусь, 1992. — С. 40.
  3. Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Маст. літ-ра, 1990. — С. 72.
  4. Напр.: Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Минск, 2004. — С. 174—175. (руск.)

Літаратура правіць

  • Войтович, Л. В. Княжа доба на Русі: портрети еліти. — Біла Церква: Вид. О. В. Пшонківський, 2006.
  • Гаусман, М. Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества. — Мн., 1877.
  • Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мн.: Маст. літ-ра, 1990.
  • Ігнатоўскі, У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. — Мн.: Беларусь, 1992.
  • Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Мн.: Белор. наука, 2004.