Кніганошы

Людзі, якія ў час абмежаванняў літоўскага друку ў Расійскай імперыі нелегальна прывозілі і распаўсюджвалі забароненыя законам лацінкавыя

Кнігано́шы (літ.: knygnešiai) у Літве́ — феномен літоўскай гісторыі XIX ст., людзі, якія ў час абмежаванняў літоўскага друку ў Расійскай імперыі (1864—1904), нелегальна прывозілі і распаўсюджвалі забароненыя законам лацінкавыя кнігі на літоўскай мове.

Кніганошы на фотаздымку канца XIX ст.

Рух кніганошаў быў важнай часткай барацьбы за захаванне ўласнай самабытнасці і складовай часткай літоўскага нацыянальна-вызваленчага руху другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стст.

Пачаткі руху правіць

 
Спіс канфіскаваных у 1896 г. літоўскіх выданняў

Ініцыятарам і пачатковым арганізатарам нелегальнага літоўскага лацінкавага друку і кніганоства было літоўскае каталіцкае духавенства. Выкарыстанне лацінкі ўспрымалася як сімвалічная лаяльнасць каталіцкаму касцёлу, які традыцыйна выкарыстоўваў гэты шрыфт, у той час як праваслаўная царква карысталася кірыліцай.

Як толькі ў Малой Літве пачала выходзіць друкаваная прадукцыя, прызначаная для расійскай Літвы, з’явіліся і кніганошы — больш-менш дасведчаныя людзі, якія дастаўлялі друкаваныя выданні з-за мяжы, таксама распаўсюджвалі іх унутры Літвы.

Біскуп Матэюс Валанчус стварыў першую вядомую арганізацыю кніганошаў. Ён праз Юргіса Бялініса пераслаў у Тыльзіт ксяндзу Ёнасу Забярману (літ.: Jonas Zabermanas) грошы на адкрыццё друкарні і тэксты першых 9 брашур.

У гэтых кнігах ён выступаў супраць гвалтоўна ўведзенай перавагі праваслаўя, заклікаў змагацца супраць русіфікацыі — вучыць дзяцей літоўскай малітве, а таксама чытанню і пісанню на роднай мове. Арганізацыя дзейнічала ў 1868—1870 гг. і была выкрыта. У турму трапіла 17 асоб, аднак біскуп пазбег арышту[1].

Арганізацыі кніганошаў правіць

Дарога нелегальных выданняў да чытачоў была вельмі цяжкай. У пэўнай ступені распаўсюджванне кніжак было аблегчанае сістэмай, створанай Валанчусам. У канцы шасцідзесятых гадоў пачалі з’яўляцца тайныя таварыствы і суполкі, мэтай якіх была дапамога ў выданні і распаўсюдзе літоўскіх кніжак. Найбольш такіх арганізацый з’явілася ў 90-я гг. XIX ст. Выдавец Марцінас Янкус размясціў друкарню і вялікі склад друку ў сваёй сядзібе ў Біцянах, каля падножжа гары Рамбінас, сядзібу часта называлі «Меккай кніганошаў». Такім чынам, на працягу доўгіх гадоў сфарміраваліся шэрагі заангажаваных у нацыянальную справу дзеячаў, утварыліся незлічоныя кантакты, сувязі, сапраўдныя асновы нацыянальнага руху.

Спіс арганізацый кніганошаў (1867—1904)[2] правіць

Нумар Літоўская назва Беларускі пераклад Тэрыторыя дзейнасці Гады дзейнасці Колькасць членаў
1 Valančiaus lietuviškų knygų ledimo ir platinimo Арганізацыя біскупа Валанчуса Ковенская губерня 1867-1870 ?
2 M. Sederavičiaus арганізацыя Марцінаса Седаравічуса мястэчка Сударгас  (літ.) Уладзіславаўскага павета  (руск.) Сувалкаўскай губерні 1873 — пачатак XX стагоддзя ?
3 Garsvių Гаршвяйская сялянская арганізацыя Гаршвяй  (літ.), Паневежыскі павет (дзейнічала ў Панявежскім і Вількамірскім паветах Ковенскай губерні) 1885-1895 5-7
4 Atgaja Парасткі Шаўляйскі павет Ковенскай губерні 1889-1895 3-11
5 Šviesos skaitykla-knygynas Кальварыйскі павет  (руск.) Сувалкаўскай губерні 1880 ?
6 Kaimiška artojų draugija Шавельскі павет Ковенскай губерні 1891 ?
7 Bevardė Безыменная Панявежскі павет Ковенскай губерні 1892 9
8 Bevardė jaunimo drugija Безыменная моладзевая арганізацыя Марыямпальскі павет Сувалкаўскай губерні 1892 ?
9 Nemunėlio ir Apaščios susivienijimas Панявежскі павет Ковенскай губерні 1893-? 7-?
10 Teisybė Праўда ? 1893-1896 5-15
11 Aušrinė Ранішняя зорка Ковенская губерня 1893-1894 7
12 Lietuvišku Prievartos draugija Ковенская губерня 1894 ?
13 Darželis Кветнік вёска Крыкліняй  (літ.) Панявежскага павета Ковенскай губерні 1894-1895 16
14 Atžala Парастак Ковенскі павет Ковенскай губерні 1894 6-10
15 Sietynas Сузор’е Марыямпальскі павет Сувалкаўскай губерні 1894-1897 70
16 Žiburėlis Агменьчык Панявежскі павет Ковенскай губерні 1897 5-15
17 Bevardė Безыменная Марыямпальскі павет Сувалскай губерні 1898 15
18 Bevardė Безыменная Ковенская губерня 1899 27
19 Žvaigždė Зорка Новааляксандраўскі павет Сувалкаўскай губерні 1900-1902 20
20 Lietuviškos jaunuomenės draugija Таварыства літоўскай моладзі Расіенскі павет Ковенскай губерні 1900-1901 15
21 Spindulis Прамень Марыямпальскі павет Сувалкаўскай губерні 1900 ?
22 Artojų draugija Таварыства аратых Марыямпале (дзейнічала ў Марыямпальскім і Уладзіславаўскім паветах Сувалкаўскай губерні) 1900 ?
23 Aušrelė Досвітак Новааляксандраўскі павет Сувалкаўскай губерні 1900-1903 5-15
24 Susivienijimas Lietuvos ūkininkų Аб’яднанне літоўскіх сялян Аўкштайтыя 1901 13-20
25 Bevardė Безыменная Ковенская губерня 1902 ?
26 Mužikėlis Шавельскі павет Ковенскай губерні 1903 ?
27 Vienybė Еднасць Шавельскі павет Ковенскай губерні 1903-1905 5-7

Кніганошы і чытачы правіць

 
Славуты літоўскі кніганоша Вінцас Юшка  (літ.) (1860—1939)

Для выдання забароненай літоўскай літаратуры выбіраліся друкарні, якія знаходзіліся ў геаграфічна блізкіх мясцовасцях. Патрабавалася, каб яны былі знаходзіліся побач з расійска-прускай (германскай) граніцай і былі лёгка дасягальнымі для літоўцаў з Вялікай Літвы, якія арганізоўвалі дастаўку і пераправу кніг праз мяжу.

Знаходзіліся людзі, якія нелегальна правозілі гэтыя кнігі на тэрыторыю Расіі для распаўсюджання ў Вялікай Літве. Жыхары пагранічча ў Вялікай і Малой Літве, якія добра ведалі мясцовасць і прагалы ў ахове мяжы, станавіліся лепшымі памочнікамі кніганош: дапамагалі ім перайсці граніцу і пранесці кнігі з прыгранічнай зоны. Трэба адзначыць, што прускія друкары добра ведалі, як трэба падрыхтаваць кнігі і газеты для перапраўкі праз мяжу. Шчыльна ўпакаваныя цюкі — па два пуды (32 кг) кожны праносілі ў якую-небудзь прыгранічную карчму ці іншае месца, адкуль іх маглі забраць кніганошы. Тыя, каб пранесці як мага болей друкаванай прадукцыі, наймалі на мяжы моцных дасведчаных мужчын. Пранесеныя праз мяжу кнігі хавалі ў патрэбным месцы, часцей за ўсё за першай пагранічнай паласой. Адсюль іх вывозіў ужо сам кніганоша, схаваўшы сярод дроў, у сене ці нават у труне неіснуючага нябожчыка, у калёсах з падвойным дном.

Потым кнігі раздаваліся іншым кніганошам-распаўсюджвальнікам. Апошнія абавязкова займаліся якім-небудзь яшчэ відам дзейнасці ці рамяством, бо не маглі пражыць, займаючыся толькі кнігагандлем. Акрамя таго, трэба было мець нейкае прыкрыццё, каб апраўдаць адносіны з разнастайнымі невядомымі і малавядомымі людзьмі. Больш за ўсё для гэтых мэт падыходзіў рознічны гандаль ля касцёлаў па нядзелях і святах. Адначасова пад выглядам «рэкламнага матэрыялу» распаўсюджваліся выданні невялікага аб’ёма і газеты, што высылаліся з ЗША і Германіі для літоўцаў-інтэлігентаў, якія жылі ў расійскай глыбінцы. Паштовыя служачыя і цэнзура там не былі такія ўважлівыя, як у Літве.

Трэба адзначыць, што для кніганошаў гэты занятак, хоць надта рызыкоўны і малапрыбытковы быў пэўным спосабам зарабіць на хлеб. Акрамя таго, у кантрабандзе пераважалі амаль выключна рэлігійныя выданні. З часам, сітуацыя пачала змяняцца. З’явіліся, а потым пачалі дамінаваць, выданні, у якіх былі змешчаны нацыянальныя пастулаты. Таксама ўжо і сама кантрабанда ўцягвала, станавілася не столькі заробкам, колькі ідэйнай працай на нацыянальнай ніве.

Кантрабандная літоўскамоўная літаратура з Прусіі распаўсюджвалася на тэрыторыі ўсёй цяперашняй Літвы, а таксама на Сувальшчыне, у Рызе і Мітаве. Аднак розныя паветы Літвы забяспечваліся кантрабанднай літаратурай нераўнамерна.

Суадносіны паміж рознымі рэгіёнамі, якія прымалі ўдзел у барацьбе за літоўскае слова (на падставе колькасці парушэнняў)[3]
Паветы Кніганошы Распаўсюджвальнікі Захавальнікі Усяго
Памежныя
Уладзіславаўскі 58 44 52 154
Ваўкавышскі 114 20 62 196
Расіенскі 435 129 223 787
Цельшаўскі 152 118 301 571
Усяго 759 311 638 1708
Актыўныя ўнутраныя паветы
Марыямпальскі 7 54 67 128
Панявежскі 4 84 176 264
Шавельскі 15 69 139 223
Вількамірскі 4 104 97 205
Усяго 30 311 479 820
Пасіўныя ўнутраныя паветы
Ковенскі 18 48 44 110
Новааляксандраўскі - 57 46 103
Усяго 18 105 90 213
Усходнія і паўднёвыя паветы
Кальварыйскі 2 16 18 36
Сейненскі 3 7 7 17
Свянцянскі - 3 4 7
Троцкі - 18 27 45
Віленскі 1 9 5 15
Усяго 6 53 61 120
Іншыя літоўскія мясцовасці 4 3 3 10
Нявызначаныя літоўскія мясцовасці - 18 98 116
Па-за межамі Літвы 13 58 32 103
Усяго 830 859 1401 3090

Акрамя гэтага, з’яўляліся нелегальныя літоўскія школкі. Настаўнікаў у такіх школах называлі дарэктарамі  (літ.). Цяжка было знайсці ў Літве мястэчка ці вёску, дзе было б немагчыма набыць літоўскую друкаваную прадукцыю.

Барацьба з кніганошамі правіць

Першыя справы на кніганош былі заведзены ў 1865 г. Улады не меркавалі, што забарона выкліча такі масавы супраціў літоўцаў, таму першапачаткова не ведалі, што рабіць са злоўленымі кантрабандыстамі. С 1870 г., пасля адмены ваеннага становішча, людзей, затрыманых за распаўсюджванне літоўскага друку, згодна з загадам віленскага генерал-губернатара трэба было штрафаваць на 25 рублёў. Частка спраў перадавалася на разгляд павятовых судоў, з 1876 г. — міравых суддзяў, а з 1883 г. — акружных суддзяў. Штраф павялічыўся да 250 рублёў, ці па 7,5 рублёў за кожнае замежнае выданне. Паколькі забарона літоўскага друку не была аформлена заканадаўча, кніганошаў часта апраўдвалі, прыцягваючы да адказнасці за антыўрадавыя выданні.

Дэпартамент паліцыі  (руск.) не давяраў судам, таму ў 1890 г. былі абмежаваныя іхнія функцыі, а справы, якія датычыліся антыўрадавага друку, перадаваліся адміністрацыі. Паліцыя, мытня і іншыя ўстановы аб выяўленых злачынствах павінны былі паведаміць пракурору Віленскай ці Варшаўскай судовай палаты і кіраўніку жандарскага ўпраўлення адпаведнай губерні (у Сувалкаўскай губерні — ва паветныя жандарскія ўпраўленні). У допытах, якія праводзілі жандарскія афіцэры, бралі ўдзел пракурор акружной судовай палаты ці яго памочнік. Пасля сканчэння суда пракурор акружнога суда прадстаўляў справу на разгляд пракурору Віленскай ці Варшаўскай судовай палаты. Той прыкладаў заключэнне, узгодненае з генерал-губернатарам, і адсылаў яго да міністра юстыцыі, які сумесна з міністрам замежных спраў рыхтаваў абвінаваўчы вывад, прапаноўваў пакаранне і прадстаўляў на зацвярджэнне цару. Прагледзеўшы прапанаванае заключэнне, цар зацвярджаў ці змяняў пакаранне. Яго рашэнне было канчатковым.

У выпадках, калі сярод канфіскаванай у кніганошаў і захавальнікаў літоўскага друку не было так званых антыўрадавых выданняў, а ў затрыманых забіралі толькі рэлігійную літаратуру, парады па сельскай гаспадарцы ці мастацкія творы, працэдура вызначэння віны была прасцейшай, а пакаранні — больш умеранымі. Канфіскаваныя рэчавыя доказы і іх спіс, а таксама пратакол мытня і паліцыя дасылалі губернатару. Разгледзеўшы яго прапанову, генерал-губернатар вызначаў канчатковае пакаранне. Экспертам, які вызначаў катэгорыю друкаванага выдання як улікі, г. зн. тым, які вызначаў, з’яўляецца выданне антыўрадавым ці не, часцей за ўсё быў Віленскі асобны цэнзар па замежнай цэнзуры ці перакладчык губернскага жандарскага ўпраўлення.

Царская ўлада выплачвала памежнікам спецыяльныя прэміі: за кожную кнігу − 10 капеек, за пуд газет ці другіх выданняў — 10 рублёў[4]. Выкрытыя кніганошы караліся, напр. Вінцас Юшка (1860—1939), затрыманы 30 снежня 1894 г. з забароненай літаратурай, быў асуджаны на 2 гады турэмнага зняволення і 3-гадовай высылкі ў Валагодскую губерню[5], але гэта не спыняла астатніх. Аднаму з вядомых кніганошаў, Юргісу Бялінісу 5 разоў ўдалося ўцячы ад жандараў.

Супраць кніганошаў змагалася не толькі рускія афіцыйныя асобы, але і нямецкія. Так, пры судзеянні людзей, якія пераследвалі кніганошаў і прускай паліцыі шасцёра пераносчыкаў былі схоплены і перададзены Расіі. У 1897 г. нямецкі кайзер Вільгельм II і расійскі цар Мікалай II правялі перамовы ў Пецярбургу па сумесным дзеянням супраць кніганошаў і літоўскага друку[6].

Розныя сацыяльныя групы па-рознаму былі прадстаўлены ў руху за захаванне літоўскага друку.

Працэнтныя суадносіны прадстаўнікоў розных саслояў і сацыяльных груп, якія прымалі ўдзел у барацьбе за літоўскае слова [7]
Саслоўі/сацыяльныя групы Кніганошы Распаўсюджвальнікі Захавальнікі Усяго
Сяляне 87,9 67,4 82,5 79,6
Мяшчане 4,8 10,8 6,7 7,4
Шляхта 2,2 6,2 6,1 5,1
Духавенства 0,3 3,7 3,6 1,4
Адстаўныя салдаты 1,7 3,6 1,5 2,1
Інтэлігенты - 8 2 3,2
Жыхары Прусіі 3,1 0,3 0,6 1,2

Сучасныя даследванні паказваюць, што пацярпела недзе 1584 кніганошы: 52 былі сасланы ў Сібір і паўночныя губерні Еўрапейскай Расіі, 89 трапілі ў турму і пазней былі высланы ў суседнія губерні, 866 былі затрыманыя і адседзелі тэрмін у мясцовых турмах і пастарунках, 21 атрымаў фінансавыя спагнанні, 478 былі апраўданы і 78-мі дараваў цар рознымі маніфестамі  (руск.)[8].

Маштаб справы паказваюць нават царскія статыстыкі. Так, віленскі генерал-губернатар Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі ў сваёй справаздачы за 1902—1903 гг. адзначаў:

  На мытні літоўскіх кніг канфіскавана: у 1891—1893 гг. — 37 718, у 1894—1896 гг. — 40. 335, у 1897—1899 гг. — 39 024, у 1900—1902 гг. — 56 182, а ў 1903 г. — 23 079.[9]  

Паводле сучасных падлікаў, улады канфіскавалі толькі каля 8—10 % кантрабандных кніг.

Дзякуючы кніганошам, забарона літоўскага друку была скасавана ў 1904 г.

Кніганошы і Беларусь правіць

Як вядома, першыя выданні на новай беларускай мове пачалі бесперапынна з’яўляцца пасля 1891 г. Аднак у Расійскай імперыі друкаваць іх, асабліва ў лацінскім варыянце, было цяжка. Таму выдаўцы беларускіх кніжак часта карысталіся магчымасцямі друку за мяжой.

У 1926 г. Вацлаў Ластоўскі згадваў пра сваю размову з літоўскім выдаўцом Марцінасам Янкусам:

  Вясной 1892 г. перайшоў без дакументаў расійска-нямецкую граніцу малады чалавек (годаў 23-25), які назваў сябе Антонам Абрамовічам і зьвярнуўся да літвіноў у справе наладжаньня друку беларускіх брашур у Тыльзіце. Выдавецтва было хутка наладжана за кошты, якія надышлі Абрамовічу з Менска. У друкарні (цяпер яшчэ істнуючай) Шэнка былі надрукаваны 3-4 першыя брашуры лацінскімі літарамі. У ліку надрукаваных брашур у Шэнка быў лемэнтар і яшчэ нейкія дзьве брашуры… Пасьля п. Абрамовіч перанёс сваю работу ў друкарню п. Янкуса, дзе надрукаваў тры кніжачкі, з якіх п. М. Янкус памятае два агалоўкі: «Ян Ськіба» (апавяданьне) і «Дзядзька Антон», такжэ апавяданьне. Брашуры былі перапраўлены нелегальнай дарогай цераз расійска-нямецкую граніцу і пазней перасланы пачтовымі пасылкамі ў Менск. Пасьля гэтага п. Абрамовіч выехаў у Швайцарыю.  

Гэтым маладым чалавекам быў Мар'ян Абрамовіч, да нашага часу захавалася брашура «Дзядзька Антон» — пераклад, зроблены з польскай агітацыйнай брашуры «Ojciec Szymon» (бел.: «Бацька Шыман»).

Пасля друку брашура была канфіскавана прускай паліцыяй, але пазней вернута. З таго часу невялікія пасылкі з «Дзядзькам Антонам» паступова перасылаліся праз мяжу, што цягнулася, напэўна, пару гадоў. Паводле справаздачы Польскай Сацыялістычнай Партыі  (польск.), яшчэ ў 1895 г. праз пераходны пункт каля Таўраге ля прускай мяжы былі перапраўленыя 332 экз. нейкіх беларускіх выданняў. Відавочна, гэта быў «Дзядзька Антон»[11].

У газеце «Tėvynės sargas  (літ.)» (бел.: Вартаўнік Айчыны), якая выходзіла ў 1896—1904 гг., паведамлялася пра кніганошу, які два разы наведаў літоўцаў Магілёўскай губерні (Бабінавічаў, Сянна, Талачына, Чачэрска, Радомлі і Шклова)[12].

Ушанаванне памяці правіць

 
Сцяна кніганошаў  (літ.) у Ваенным музеі Вітаўта Вялікага  (літ.)

У савецкія часы гэты гістарычны эпізод быў пад забаронай. Пасля распаду СССР кніганошаў зноў уганаравалі ў Літве — у музеях, назвах вуліц і помнікамі. Музей літоўскіх кніганошаў знаходзіцца ва Устроні  (літ.), непадалёк ад Кракенавы  (літ.).

У 2004 г. ЮНЕСКА прызнала нелегальны распаўсюд літоўскіх кніжак унікальнай гістарычнай з'явай, якая не мае аналагаў нідзе на свеце.

Гадавіна нараджэння Юргіса Бялініса (16 сакавіка 1846 года), заснавальніка сеткі нелегальнага распаўсюду літоўскай літаратуры адзначаецца ў наш час ў Літве як Дзень кніганошы (літ.: Knygnešio diena).

У Польшчы мемарыяльная дошка ў памяць кніганошы Повіласа Матулявічуса  (літ.) знаходзіцца ў вёсцы Крэвянай  (польск.) каля Пунскa.

Кніганошы ў мастацкіх творах правіць

У Каўнасе знаходзіцца помнік невядомаму распаўсюджвальніку кніжак аўтарства Ёзаса Зікараса  (руск.). Гэта адзін з найбольш шырока вядомых у Літве скульптурных твораў 30-х гадоў[13].

Вобраз кніганошаў вывеў У. Караткевіч у аднайменнай навэле.

Літоўская пісьменніца Даля Гінювене (літ.: Dalia Giniuvienė) з нагоды 100-годдзя літоўскага кнігадрукавання лацінскім шрыфтам напісала кнігу пра кніганошаў «Pašešupio knygnešiai» («Пашэшупскія кніганошы»). Ілюстрацыі для яе стварыла мастачка Ёліта Бічкене (літ.: Jolita Bičkienė) [14].

У 2011 г. у Літве выйшаў мастацкі фільм «Кніганошы» (літ.: Knygnešystė)[15]. Маладыя стваральнікі фільма выказалі падтрымку ідэям вольнага распаўсюду інфармацыі таксама і ўласным прыкладам — фільм быў не толькі паказаны ў кінатэатрах, але і выкладзены ў адкрыты доступ[16].

Цікавыя факты правіць

  • Вядомы беларускі дзеяч Юрый Туронак арганізаваў асаблівы канал дастаўкі нелегальнай беларускай літаратуры выкарыстоўваючы ў сваёй дзейнасці досвед літоўцаў XIX ст.[17]

Зноскі

  1. Lossowski, P. Po tej i tamtej stronie Niemna. Stosunki polsko-litewskie 1883—1939. Warszawa: Instytut Wydawnichy Pax, 1985. S. 9 — 10.
  2. Merkys V. Knygnešys // Visuotinė lietuvių enciklopedija. T. X. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. P. 307.
  3. Merkys V. Knygnešių laikai: 1864—1904 Vilnius:Valstybinis leidybos centras,1994. P. 202
  4. Силевич Р. Контрабандисты Литвы XIX века // Обзор, 2012, № 12
  5. Амніставаны 14.5.1896 з нагоды абвяшчэння Маніфесту пра каранацыю Мікалая II.
  6. Merkys V. Knygnešys // Visuotinė lietuvių enciklopedija. T. X. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. P. 306
  7. Merkys V. Knygnešių laikai: 1864—1904 Vilnius:Valstybinis leidybos centras,1994. P. 200
  8. Katilius A. Memorandum of the Governor-General of the Vilna Gubernia Sviatopolk-Mirskii on the Lithuanian Latin Alphbet // Lithuanian Historical Studies, 2004, P. 91
  9. Verba R. Lietuvių klausimas Rusijos imperijoje XIX a. – XX a. pradžioje. Faksimilinis valdininkų ataskaitų ir dokumentų vinkinys. Vilnius: baltos lankos, 2001. L. 210
  10. Ластоўскі В. Беларускія (крыўскія) друкі ў Тыльзіце // Крывіч, 1926, № 1, С. 106
  11. Туронак Ю. Вакол абставін публікацыі «Дзядзькі Антона». [у:]Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 29
  12. Унуковіч Ю. Літоўцы ва Усходняй Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХІ стагоддзя // Беларускі гістарычны часопіс, 2006, № 9, С. 39.
  13. Скульптура «Книгоноша» (руск.)
  14. Анатацыя кнігі з вокладкай (літ.)
  15. Афіцыйны сайт фільма
  16. Скачаць фільм «Кніганошы» з англійскімі субцітрамі Архівавана 4 сакавіка 2016.
  17. Туронак Ю. За кардонам Бацькаўшчыны. Успаміны. Мн.: «Медысонт», 2010. С. 115

Літаратура правіць

  • Борьба литовского народа за свободу печати в 1864—1904 гг. Вильнюс: Литовский национальный музей, 2004.
  • Aleksanravičus E., Kulakauskas A. Pod władzą caròw. Litwa w XIX wieku. Krakòw: Universitas, 2003.
  • Kaluškevičius B., Misius K. Lietuvos knygnešiai ir daraktoriai 1864—1904. Vilnius: Demedžio leidykla, 2004.
  • Merkys V. Knygnešys // Visuotinė lietuvių enciklopedija. T. X. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. P. 305—307.

Спасылкі правіць