Даўжыня цела 28-34 см, размах крылаў 66-80 см, маса каля 200 г. Галава, шыя і валлё чорныя, з сіне-зялёным металічным бляскам, спіна аліўкава-зялёная з пурпуровым адлівам, грудзі і брушка белыя. На галаве доўгі вузкі чубок. Крылы шырокія, закругленыя на канцах. Маладыя цёмна-шэра-карычневыя са светлым жыватом i больш кароткiм чубам. Голас: гучнае, трошкi хрыплае «кiі-р-вi», «кіі-р-віі».
Месцы пражывання — лугi з сярэдняй вiльготнасцю, пашы, вiльготныя палi паблiзу лугоў, дэльты рэк, берагi i рачныя астравы (даходзіць да вышыні ў 800—900 м, у выключных выпадках — да 1000 м в.у.м.).
Арэал ад Еўропы (акрамя крайніх паўночнага ўсходу і поўдня) шырокiм поясам праз Цэнтральную Азiю да Цiхага акіяна. Пералёты ў (канцы ІІ) III—IV, (канец V) VI—XI. Паўднёва-заходнія папуляцыі аселыя (напрыклад, у Вялікабрытаніі, Францыі, Паўночнай Італіі, Іспаніі, Турцыі). Распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, адзін з найбольш звычайных пералётных і транзітна мігрыруючых відаў кулікоў (народныя назвы кігіка, кныга, чайка). Месца зiмовак: Заходняя i Паўднёвая Еўропа, Брытанскiя астравы, Малая, Паўднёвая i Усходняя Азiя, Японскiя астравы, Паўночная Афрыка.
Лётае не хутка, але манеўрана. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, таксама малюскамі, чарвямі, насеннем раслін.
Гняздо ў неглыбокай ямцы сярод нiзкай раслiннасцi на адкрытым месцы, скупая высцiлка з сухой травы, дыяметр 10-14 см, Вышыня каля 2 см. Яйкi (звычайна 4, часам 2-5) грушападобныя, аліўкавыя, алiўкава-зялёныя альбо светла-зялёныя, часам гліністыя або карычневыя. Дробныя i густыя чорныя альбо карычневыя плямы. Памеры: 46 х 33 мм.
У вершы «Мая Бесядзь» Аркадзь Куляшоў расказвае легенду аб нараджэнні рэк. Стваральнікамі блакітна-вадзяных зямных стужак былі птушкі. Вялікія намаганні давялося ім прыкласці, каб выкапаць бясконцае мноства рэчышчаў. Адна толькі каня цешылася адпачынкам ды кпіла з працавітых птушак, за што яны паслалі ёй вечны праклён:
Таму і лятае яна над рэкамі
І просіць піць
Аж да сённяшніх дзён.
Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік. Czarnecki Z., Dodrowolski K.A., Jablonski B., Nowak E., Siwek. W. Ptaki Europy. Przewodnik terenowy. PWN, Warszawa, 2000. 391 s., 96 tablic z rysunkami. Пераклад пад агульнай рэд. Міхаіла Нікіфарава, перакладчыкі з польскай мовы: Дзмітры Вінчэўскі, Ірына Самусенка, Аляксандр Зарубаў, Таццяна Паўлюшчык. Навуковае выдавецтва ПВН, 2000. –349с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org