Кніга Юдзіф (Скарына)

(Пасля перасылкі з Кніга Юдзіф, Скарына)

Кніга ЮдзіфКниги Иудифъ вдовици») — пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет 9 лютага 1519 года.

Змест кнігі правіць

На тытульным лісце змешчана гравюра і пашыраная назва кнігі («Зуполъне выложены на руский языкъ докъторомъ Франциском Скориною изъ славнаго града Полоцька напредъ Богу ко чти и людемъ посполитым к научению»), а на адвароце — прадмова, у якой Скарына коратка выкладае гісторыю Асірыйскай, Вавілонскай і Персідскай дзяржаў, а таксама абставіны патрыятычнага ўчынку Юдзіфі. У канцы прамовы асветнік указвае, што першапачаткова кніга была напісана на халдзейскай мове. На 3-26 аркушах выдадзены тэкст 16 раздзелаў кнігі Юдзіф, на апошнім аркушы — кароткае пасляслоўе.

Друкарскія асаблівасці выдання правіць

Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 26 аркушаў (адваротны бок апошняга аркуша - пусты), якія сабраны ў 3 сшыткі. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя змешчана на верхнем баку аркуша ўверсе злева. Выданне ўпрыгожана ілюстрацыяй «Юдзіф і Алаферн» (тытульны ліст), застаўкай і 19 ініцыяламі. У некаторых экзэмплярах гравюра размалявана. Застаўка змешчана перад асноўным тэкстам, на ёй выяўлены шчыт з зацьменнем сонца і сірэн з рыбінымі хвастамі; такая ж застаўка маецца ў яшчэ 7 другіх пражскіх выданнях. Віньетка завяршае тэкст прадмовы. Канцоўка завяршае пасляслоўе да першых 9 раздзелаў кнігі на аркушы 17. Ініцыялы змешчаны ў пачатку раздзелаў, прадмовы і пасляслоўя.

Захавалася 9 экзэмпляраў выдання.

Літаратура правіць

  • Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3

Спасылкі правіць