Конегадо́ўля — галіна жывёлагадоўлі, трыманне і вырошчванне коней. Арганічна ўключае ў сябе такія напрамкі дзейнасці, як вытворчасць і выкарыстанне коней.

Выкарыстанне коней для транспартыроўкі на карціне М. Я. Свярчкова «Паляванне на мядзведзя» (1885 г.; Віцебскі мастацкі музей)

Конегадоўля таксама з’яўляецца навуковай дысцыплінай, якая мае комплексны характар, што тлумачыцца спецыфікай каня як свойскай жывёлы. Яна засяроджана на вывучэнні каня як біялагічнай істоты, развіцці заатэхніі, навучанні жывёл для іх далейшай эксплуатацыі, эканоміцы і кіраванні гаспадаркай.

Гісторыя правіць

Паходжанне правіць

Тэорыі паходжання конегадоўлі абапіраюцца на 2 асноўныя гіпотэзы, якія тлумачаць яе ўзнікненне або ў розных цэнтрах, сярод якіх называюць Пірэнеі, Анатолію і стэпы Еўразіі, або з аднаго цэнтру. Дзякуючы працам археолагаў вядома, што найбольш старажытным цэнтрам прыручэння коней з’яўляецца энеалітычная Батайская культура (4 тысячагоддзе да н. э.)[1]. Тым не меней, генетыкі высветлілі, што сучасныя свойскія коні маюць толькі прыкладна 2,7 % генетычнага радаводу, што яднае іх з батайскімі коньмі[2].

Другім важным цэнтрам мажлівага прыручэння коней і распаўсюджвання конегадоўлі былі Хвалынская, Сярэднястогаўская і Ямная культуры меднага і бронзавага вякоў, якія звязваюць з прарадзімай індаеўрапейцаў. Прыхільнікі курганнай гіпотэзы[3] нават тлумачылі конегадоўлю як прычыну паспяховай экспансіі выхадцаў з гэтых культур. Даследаванне генетыкі сучасных і старажытных коней, апублікаванае ў 2021 г.[4], удакладняе складаную гісторыю пачатку конегадоўлі. Сучасныя свойскія коні сапраўды з’яўляюцца нашчадкамі коней Ямнай культуры. У выніку селектыўнага адбору тут склалася папуляцыя, болей цягавітая, рахманая і ўстойлівая да стрэсаў, чым дзікая продкавая форма. Коні Ямнай культуры ўдзельнічалі ў фарміраванні папуляцыі дзікіх тарпанаў. Доўгі час конегадоўля Ямнай культуры заставалася лакальнай практыкай і не ўплывала на экспансію яе прадстаўнікоў. Стадыю шырокага распаўсюджання конегадоўлі ў Еўразіі аўтары даследавання аднеслі да позняга прамежку часу паміж першымі стагоддзямі 2 тысячагоддзя да н. э. і 1 тысячагоддзем да н. э.

Старажытнасць правіць

 
Выява чалавека з канямі на вазе геаметрычнага перыяду

Відавочна, адной з першых цывілізацый, якая пазнаёмілася са свойскім канём, быў Бактрыйска-Маргіянскі археалагічны комплекс (сярэдзіна 3 тысячагоддзя да н. э. — першая трэць 2 тысячагоддзя да н. э.)[5]. Адзін з першых малюнкаў запрэжаных у калясніцу коней быў зроблены ў шумерскім Уры каля 2600 г. да н. э. Да пачатку 2 тысячагоддзя да н. э. коні багата выяўляліся на палацавых рэльефах Месапатаміі[6] Узнікненне конегадоўлі ў Вавілоніі як заўважнай галіны звязана з пранікненнем сюды касітаў у 2 тысячагоддзі да н. э.[7] Знойдзеныя на паўночным усходзе Сірыі старажытныя таблеткі ўзгадваюць каманды вершнікаў, дрэсіроўшчыкаў і конюхаў, што працавалі з коннымі статкамі. У XIV ст. да н. э. мітаніец Кікулі, заставіў тэкст, прысвечаны дрэсіроўцы коней[8]. Мяркуецца, што першапачаткова ён быў складзены на хецкай мове. Найстаражытнейшае сведчанне выкарыстання свойскіх коней у Паўночнай Афрыцы — выявы ў магільным комплексе старажытнаегіпецкага фараона Яхмаса I (XVI ст. да н. э.)[9]. Конегадоўля стала вядомай не толькі старажытным егіпцянам, але і суседнім народам Сахары.

Існаванне конегадоўлі ў Старажытнай Грэцыі падцвярджаецца малюнкамі на вазах, а таксама міфалогіяй (напрыклад, пра Геракла), дзе коні выяўляюцца не толькі ў баях або на паляванні, але і ў стайне. Афінскі пісьменнік Ксенафонт склаў твор «Пра мастацтва верхавой язды»[10], у якім апісваў правільны догляд коней. У Старажытным Рыме конегадоўлі былі прысвечаны часткі сельскагаспадарчых трактатаў. Адметна, што тут мелася асобная прафесія ўрача коней. Спачатку яе прадстаўнікі зваліся hippiatroi, пазней — veterinarius і mulomedicus[11]. У ваенных мэтах рымляне трымалі значныя конныя статкі і арганізоўвалі конныя відовішчы. Раскопкі на Адрыянавым валу паказалі, што ў рымскім войску не было асобных стайняў. Вершнікі і іх коні жылі ў адных і тых жа казармах[12]. Рымляне імкнуліся прытрымлівацца пэўных стандартаў пры адборы жывёл. Сярэдні рымскі каляснічны конь меў памеры ад 135 да 155 см у карку[13].

Сярэднявечча правіць

На працягу тысячагоддзяў існавання конегадоўлі адбывалася вывядзенне новых парод коней. Гэтаму спрыялі розныя кліматычныя і экалагічныя ўмовы, у якіх аказваліся конегадоўцы і іх падапечныя жывёлы, а таксама зменлівыя патрэбы саміх людзей. Патрэбы прывялі да спецыялізацыі парод, што выкарыстоўваліся як крыніца ежы, у транспартыроўцы грузаў, працы на палетках, ваеннай справе, спорце і забавах, нарэшце ў тэрапеўтычнай падтрымцы чалавека[14]. Так, якуцкая парода коней выдатна прыстасавана да прахалоднага кантынентальнага клімату Сібіры, а арэал яе трымання сягае на поўнач за палярны круг. Продкі якуцкіх коней з’явіліся ў Якуціі з Прыбайкалля разам з продкамі якутаў і адаптаваліся да новых умоў дзякуючы павышэнню функцыянальных магчымасцей іх унутраных органаў, а таксама ўдасканаленню конегадоўлі. Ва ўмовах паўднёвага стэпу практыкавалася круглагоднае пашавае ўтрыманне. Пасля міграцыі на поўнач якуты былі вымушаны падкормліваць маладняк узімку[15]. Зімовыя падкормкі настолькі важныя, што здзічэлыя коні не выжывалі. Затое свойскія коні давалі патомства, перавозілі ўюкі на далёкія адлегласці, іх мяса і малако выкарыстоўваліся для харчавання.

Селекцыя арабскіх скакуноў з характэрным экстэр’ерам, адметным увагнутым профілем твару, хупавай вертыкальнай шыяй і высокім хвастом, пачалася каля 3000 гадоў таму, да нашых дзён яны складаюць адзіную генетычную лінію[16]. Арабскія коні адаптаваліся да ўмоў пустыні, але важным быў і мэтанакіраваны адбор гаспадарамі. Арабская культура конегадоўлі ўключала вусную перадачу конскага радаводу. З XIV ст. радаводы фіксаваліся пісьмова. У Асманскай імперыі з 1299 г. мэтанакіравана адбіралі пустынных скакуноў для войска і вялі ўлік іх генеалогіі[17].

У сярэднявечнай Еўропе радаводы коней вялі картэзіянцы, аднак гэта было хутчэй выключэннем. Пасля распаду Рымскай імперыі законы, што рэгулявалі конегадоўчую гаспадарку, захоўваліся ў Францыі. Меравінгі і Каралінгі праяўлялі клопат пра завоз коней з мусульманскіх краін, паколькі гэтага патрабавала нарастальная важнасць цяжкай кавалерыі ў ваеннай справе. Найбольш вядомым цэнтрам конегадоўлі ў Заходняй Еўропе стала Іспанія, дзе пасля мусульманскага заваявання 711 г. старыя рымскія традыцыі ўзбагаціліся арабскімі. У еўрапейскіх краінах асабліва шанаваліся іспанскія плямістыя інаходцы Genêt[18]. Значныя статкі коней трымалі ў княжых маёнтках Старажытнай Русі[19], дзе за імі наглядаў асобны цівун. Пасада княжага або каралеўскага конюха была пачэснай ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Паводле аднаго з гістарычных міфаў[20], ад конюха Гегіменіка паходзіў род вялікіх князёў літоўскіх. Пра існаванне мэтанакіраванага адбору кажуць змены экстэр’еру коней той пары. Даследаванне конскіх астанкаў ад 300 г. да 1650 г. на тэрыторыі Англіі[21] паказала ваганне памераў костак, прычым не абавязкова ў бок іх павелічэння, што тлумачыцца як патрабаваннямі, якія высоўваліся з боку карыстальнікаў у розныя перыяды, так і станам конегадоўчай гаспадаркі. Відавочна, што сярэднявечныя коні істотна адрозніваліся ад сучасных. Генетыкі выявілі агульныя мутацыі для сучасных еўрапейскіх парод і прыйшлі да высновы, што яны ўзніклі каля 700 гадоў таму з-за вельмі значнага ўплыву 2 ліній свойскіх коней з Аравіі і Туркменістана[22]. Найменшым гэты ўплыў быў выяўлены ў 3 парод поні з Шэтландскіх астравоў, Ісландыі і Нарвегіі.

Адраджэнне правіць

Значныя змены ў конегадоўлі адбыліся ў эпоху Адраджэння, калі спачатку ў Неапалі, а потым у Францыі склаліся першыя школы верхавой язды. Адметна, што праца «Правілы вершніцтва» (італ.: Gli Ordini di Cavalcare) неапалітанца Федэрыка Грысонэ, упершыню выдадзеная ў 1550 г., была перакладзена на некалькі еўрапейскіх моў і перавыдадзена да 1623 г. 49 разоў[23]. Не меней вядомай стала праца «Слава каню» (італ.: La Gloria del Cavallo, 1566 г.) яго суайчынніка Паскуале Карачыола, у якой разглядаліся не толькі дрэсура і здароўе каня, але таксама складаны характар адносін паміж канём і чалавекам. Відавочна, знаёмства з неапалітанскай школай аказала ўплыў на Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, вялікага маршалка ВКЛ і аўтара трактата «Гіпіка» (1603 г.). У ім распавядалася пра міфалагізаваную гісторыю каня, падбор вытворнікаў, вырошчванне племяннога маладняка, выездку маладых жарэбчыкаў, конскія хваробы і інш. Дзякуючы працам аўтараў-гуманістаў старое ўяўленне аб кані як аб прыроджана злосным і непакорным зверы саступіла месца погляду на каня як на разумную жывёлу, здольную навучацца.

Фарміраванне сучаснай конегадоўлі правіць

 
Конь на гербе Зэльвы

У 1535 г. і 1540 г. англійскі кароль Генрых VIII выдаў спецыяльныя акты, накіраваныя на паляпшэнне конскага пагалоўя. Яны абавязвалі ўладальнікаў выпасаў мець племянных кабыл і рэгуляваць рост коней [24]. Ужо ў XVI ст. у Англіі з’явіліся асабістыя пароды цяжкавозаў і пры конных гаспадарках — племянныя кнігі. У 1793 г. пачалася публікацыя дзяржаўнай племянной кнігі[25]. Да канца XVIII ст. англійскі вопыт пашырыўся амаль на ўсе краіны Еўропы. Гэтаму садзейнічаў значны попыт на якасных моцных коней, якія патрабаваліся ў арміі, сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Доўгі час конегадоўля разглядалася як важная і прыбытковая галіна эканомікі. На беларускіх землях у XVIII — XIX стст. конегадоўляй славіліся Ашмяны і наваколлі, адкуль жывёл пастаўлялі ў гусарскія палкі. З 1721 г. у Зэльве дзейнічаў конскі кірмаш, другі па велічыні пасля Лейпцыгскага[26].

З канца XIX ст. уплыў конегадоўлі на эканоміку зніжаўся, што звычайна тлумачыцца індустрыялізацыяй і механізацыяй, якія прывялі да скарачэння конскага пагалоўя. Гэты працэс не быў імклівым. Так, у Вялікабрытаніі, радзіме індустрыяльнай рэвалюцыі, яшчэ ў пачатку XX ст. коні шырока выкарыстоўваліся пры апрацоўцы сялянскіх палеткаў, у працы на шахтах, транспартыроўцы людзей і грузаў. У 1914 г. брытанская армія валодала 25 тысячамі коней, прычым падчас I Сусветнай вайны іх колькасці яўна не хапала[27]. У ЗША ў 1915 г. конскае пагалоўе перавышала 21 млн.[28] У Францыі яно заставалася стабільным з 1840 г. да 1935 г. — каля 3 млн галоў. Рэзкае зніжэнне адбывалася ў другой палове 1930-х гг. і ў канцы 1940-х гг. Рост колькасці коней пачаўся толькі з 1995 г., але ў 2010 г. пагалоўе не перавышала 950 тысяч[29]. На Беларусі пагалоўе коней скарачаецца з 1930-х гг. Так, у 1927 г. у БССР (значыць без Заходняй Беларусі) было 1 089 400 коней[30]. У 1995 г. на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь іх заставалася 229 000, у 2018 г. — 43 000[31].

У першыя 2 дзесяцігоддзі XXI ст. сусветная конегадоўля перажыла пэўнае адраджэнне. Напрыклад, у ЕС эканамічны эфект конегадоўлі ацэньваўся ў 100 млрд еўра [32]. У ЗША у 2017 г. яе ўнёсак у эканоміку краіны склаў 122 млрд долараў[33].

Тыпы коней правіць

У конегадоўлі прынята адрозніваць коней

Экалагічная тыпалагізацыя абапіраецца на тэорыю вонкавага ўздзеяння, перш за ўсё кліматычнага, на адаптацыю і натуральны адбор у конскіх статках, якія фарміруюць целасклад. Так, прынята лічыць, што коні пустынь маюць тонкі касцяк, вузкае цела і галаву, доўгія ногі, слабое пакрыццё скуры валасамі, эластычны рух. Яны могуць абмяжоўвацца невялікімі аб’ёмамі вады і корму, аднак пераборлівыя да іх якасці[34]. Горныя, астраўныя і стэпавыя коні маларослы, аднак таксама добра прыстасаваны да навакольных умоў і кармавой базы.

Гаспадарчыя тыпы залежныя ад целаскладу, вагі і цягавітасці каня[35]. Запрэжныя коні звычайна маюць досіць значную масу і цягавітасць, кароткія ногі. Яны рухаюцца павольным алюрам, пры гэтым абапіраюцца адразу на 3 або 2 нагі. Цэнтр іх вагі пры руху перамяшчаецца папярочна, вертыкальна і падоўжна. Да іх блізкія масіныя, але не абавязкова цяжкія ўючныя коні. Скакавыя коні дзякуючы доўгім нагам і лёгкаму целу рухаюцца хуткім алюрам, цэнтр іх вагі перамяшчаецца амаль без папярочных ваганняў.

Тэмперамент каня — яго рэакцыя на раздражняльнікі. Звычайна, адрозніваюць жывы тэмперамент, які часцей за ўсё сустракаецца ў хуткаалюрных коней, і спакойны, уласцівы большасці коней крокавых парод. Тым не меней, коні адной і той жа пароды могуць мець розны тэмперамент[36]. Пры продажы тэмперамент можа суб’ектыўна ацэньвацца па шкале ад 1 да 5 або ад 1 да 10[37]. У абодвух выпадках нізкія балы шкалы азначаюць спакойныя, стрыманыя паводзіны, а высокія — на сталую ўзбуджанасць.

Экстэр’ер — знешні выгляд каня. У экстэ’еры прынята вылучаць[38]:

  • Масць — афарбоўка валасянога покрыва, скуры і вачэй (вароная, каракавая, гнядая, рудая, шэрая і г. д.)
  • Пазнакі прыроджанага (завіткі — змена кірунку валасянога покрыва, плямы, участкі ружовай пігментаванай скуры, акантоўка на вушах і інш.) і набытага (шнары, таўро) паходжання.
  • Стаці (асобныя часткі цела), сярод якіх пры ацэньванні асобна вылучаюць:
  • Адкормленасць
  • Кандыцыя (выставачная, заводская, трэніровачная, адкормачная, нездавальняючая)

Адхіленні ад нормы ў пабудове асобных частак цела каня і хваробы лічаць заганамі.

Класіфікацыя коней правіць

Коней прынята класіфікаваць у адпаведнасці з іх вышынёй і вагой. Вышыня вымяраецца ад карку да зямлі. Карак у каня — верхняя кропка спіны. Яна ўтворана пазванкамі паміж лапаткамі. Такім чынам вылучаюць[39]:

  • Лёгкія коні бываюць 122—175 см у вышыню і важаць 408—635 кг. Іх часцей выкарыстоўваюць для верхавой язды, на скачках, у спартыўных спаборніцтвах.
  • Цяжкія коні (цяжкавозы) дасягаюць 144—175 см і болей за 635 кг. Традыцыйна яны ўжываюцца на цяжкіх працах і пры транспартыроўцы грузаў. У мінулым цяжкія коні мелі ўнутраную класіфікацыю і падзяляліся на цяглавых, возавых, сялянскіх і змяшанага выкарыстання.
  • Поні маюць рост ніжэй за 144 см і важаць да 408 кг. Іх у залежнасці ад целаскладу падзяляюць на цяглавых і сядзельных.

Пароды коней правіць

Парода ствараецца і падтрымліваецца дзякуючы выбарчаму ўплыву чалавека. Стандарты для пароды могуць грунтавацца на некаторых крытэрах: устойлівасць прыкмет, целасклад, масць, даўжыня і гушчыня валасоў, продкі, спартыўныя паказчыкі і г. д.[40]. Прынята вылучаць так званыя «мясцовыя» пароды, якія ўтвараюцца «натуральна» ў выніку паступовай і не заўсёды наўмыснай селекцыі, і «завадскія» пароды, якія выводзяцца прафесійна.

Пароды звычайна падзяляюцца згодна з класіфікацыяй або па тыпах, аднак здараюцца выпадкі, калі адна парода можа класіфікавацца па-рознаму ў выніку працяглай селекцыі. Так, ольдэнбургская парода з’явілася ў Ніжняй Саксоніі дзякуючы намаганням ольдэнбургскіх графаў у XVII ст. Першапачаткова яна выкарыстоўвалася як вершнікамі, так і ў запрэжцы карэт. У XIX ст. пасля «паляпшэння» ольдэнбургскія коні славіліся як запрэжныя, актыўна выкарыстоўваліся ў сельскай гаспадарцы. У першай палове XX ст. механізацыя прывяла да скарачэння патрэбы ў іх. Прыхільнікі пароды скрыжоўвалі яе са скакавымі канямі. У выніку ольдэнбургскія коні сталі выкарыстоўвацца як універсальная спартыўная парода. У 1935 г. ольдэнбургскі конь Люпус XX упершыню выйграў скачкі ў Дэрбі[41].

Знутры пароды могуць існаваць розныя генетычныя лініі. Пасля стварэння племянных кніг імкненне да падтрымцы чысціні пароды часцяком прыводзіла да імбрыдынгу. У конегадоўлі ён разглядаецца не як адмоўная, а хутчэй як звычайная з’ява, паколькі дапамагае захоўваць спадчыну выбітных коней з пажаданымі характарыстыкамі[42].

На Беларусі большасць коннага статку належыць да беларускай запрэжнай пароды[43].

Догляд коней правіць

Месца для трымання правіць

 
Коні ў стайне

Пры стацыянарным трыманні коней месцяць у загон або ў стайню[44]. Апошняя павінна праветрывацца, быць чыстай і абароненай ад скразнякоў. На падлогу кладуць подсцілку. Асноўныя патрабаванні да яе — чысціня і адсутнасць пылу для захавання ад таксічнасці і мікробаў. Загон з’яўляецца абавязковай часткай трымання, паколькі коні павінны рухацца і, як сацыяльныя жывёлы, мець магчымасць кантактаваць з іншымі прадстаўнікамі свайго віду. У загоне павінна мецца ўкрыцце ад сонца і ападкаў. Ім можа стаць разгалістае дрэва, але звычайна ладзяць штучны навес, дзе нават у вільготныя дні дастаткова суха. Стайня і загон павінны перыядычна чысціцца ад гною, які з’яўляецца крыніцай таксічных рэчываў і мікробаў.

Корм правіць

Кармленне каня залежыць ад яго памераў, узросту, вагі і фізічнага стану. Пры нармальных абставінах дарослы конь штодзённа з’ядае корм, вага якога складае прыкладна 2,5 % ад вагі самога каня, прычым большая частка — грубы корм накшталт травы і сена[45]. Іншы конскі корм: цвёрды канцэнтраваны фураж, дабаўкі для атрымання вітамінаў і захавання ад паразітаў, розныя прысмакі. У коней адчувальная стрававальная сістэма, таму рэжым кармлення павінен быць сталым, а любыя змены варта ўносіць паступова. У прыродзе коні спажываюць корм падчас выпасу па меры ўзнікнення патрэбы, значыцца ва ўмовах стайні або загона найбольш спрыяльна частае кармленне адносна невялікімі порцыямі. Коні ўвесь час маюць патрэбу ў чыстай свежай вадзе.

Грумінг правіць

Грумінг — перыядычная чыстка каня, якая мае як санітарныя, так і сацыяльныя ўласцівасці, прызвычайвае жывёлу да кантактаў з чалавекам. Пры гэтым абавязкова падтрыманне чалавекам правіл бяспекі і наяўнасці спецыяльных прылад[46]. Грумінг уключае чыстку капытоў, скуры, валасоў на целе, грыве і хвасце, расчэсванне, праціранне слізістых частак (вачэй, вуснаў, унутранай паверхні вушэй), выдаленне бруду і солі ад поту пасля трэніровак.

Размнажэнне правіць

На працягу года ў кабыл можа быць некалькі авуляцый. Іх колькасць і працягласць залежаць ад індывідуальных асаблівасцей і вонкавых умоў. Так, у прахалодным клімаце, асабліва пры недахопе кармоў злучны сезон часцей адбываецца ўвесну. У дзікіх і табунных коней назіраецца сезоннасць у полавых функцыях[47]. Кабылы і жарэбчыкі здольны да размножвання ўжо ва ўзросце паміж 1 і 2 гадамі, але ў раннім узросце цяжарнасць, роды і выкормліванне жарабят затрымліваюць развіццё кабыл, жарабцы пры ранняй злучцы могуць высільвацца, таму ў спрыяльных умовах трымання злучка арганізуецца ва ўзросце 3 — 5 гадоў.

Злучная кампанія пачынаецца з агляду статка і распрацоўкі плана падбора вытворцаў. Жарабец-вытворца павінен мець больш высокі клас, чым кабыла. Неабходна пазбягаць злучкі жарабца і кабылы, якія маюць аднолькавыя экстэр’ерныя недахопы, звязаныя з генамі бацькі і маці. На працягу ўсяго злучнага перыяду важны дакладны ўлік, для чаго вядуць журнал злучкі. Першасным дакументам усталёўваюць час чаканай выжарабкі кабыл, а таксама паходжання нашчадкаў. Факт апладнення канстатуецца паўторнай пробай кабылы праз 3 тыдні пасля папярэдняй злучкі. Цяжарнасць цягнецца 332±10 дзён пры чаканні жаночага і 334±10 дзён пры чаканні мужчынскага прыплоду[48].

Роды ў кабыл праходзяць пераважна спрыяльна, гэтаму садзейнічае своеасаблівае размяшчэнне тазавых костак. Плод у большасці выпадкаў выходзіць галавой і пярэднімі канечнасцямі наперад (галаўное перадляжанне) і радзей — заднімі канечнасцямі (тазавае перадляжанне). Працягласць выхаду плоду: 5 — 30 хвілін. Вельмі рэдка магчыма падвойная цяжарнасць. Другое жарабя нараджаецца праз 10 — 20 хвілін пасля выхаду першага[49]. Некаторыя кабылы аддаюць перавагу родам у адзіноце, таму для іх загадзя рыхтуюць асобнае памяшканне.

Развіццё жарабят вызначаюць шляхам перыядычнага вымярэння і ўзважвання на трэці дзень пасля нараджэння, ва ўзросце 6 і 12 месяцаў, 1,5 гады, 2 гады, 2,5 гады і 3 гады[50]. Паказчыкі жывой масы і прамераў жарабят параўноўваюць з кантрольнымі шкаламі росту маладняку, распрацаванымі для коней розных парод. Дадзеныя аб змене прамераў і жывой масы коней запісваюць у часопіс уліку развіцця. Найбольш інтэнсіўна жарабяты растуць у першы год жыцця.

Лекаванне правіць

Ветэрынарная дапамога з’яўляецца важнай часткай конегадоўлі. У нармальным становішчы здаровы конь мае тэмпературу цела 37,5 °C — 38,5 °C, пульс 28 — 44 удары ў хвіліну, дыханне 8 — 16 удыхаў у хвіліну, чыстыя слізістыя, не дэманструе млявасць ці неспакой[51]. Прафілактыка хвароб уключае сталы агляд, грумінг і чыстку капытоў, назіранне за зубамі, асабліва ў зусім маладых і старых коней, прышчэпкі, барацьбу з гельмінтамі. У выпадку сур’ёзнай хваробы ўладальнік каня звяртаецца да ветэрынара-спецыяліста.

Падкоўванне правіць

Капытная падэшва каня схільная да хуткага сцірання на цвёрдых паверхнях. Для яе абароны прымяняюцца падковы розных форм і канструкцый, у тым ліку артапедычныя падковы для лекавання пашкоджанняў канечнасцей пры няправільных рухах, а таксама для карэктыроўкі гэтых рухаў[52].

Трэнінг коней правіць

 
Практыкаванне

Трэнінг — гэта метадалагічна вытрыманая, мэтанакіраваная фізічная і функцыянальная падрыхтоўка каня да далейшага выкарыстання адпаведна яго спартыўнаму, племянному і працоўнаму прызначэнню[53]. Ён пачынаецца з ранняга ўзросту, калі групы жарабят рухаюцца па пэўнаму маршруту на розных алюрах з рознай хуткасцю. Групавы трэнінг умацоўвае коней, павышае іх працаздольнасць, падрыхтоўвае маладняк да індывідуальнага трэнінгу. Згодна з біхевіярызмам, трэнінг абапіраецца на аперантнае абумоўліванне, звязанае з выкарыстаннем узнагароджанняў і наступстваў, а таксама на класічнае абумоўліванне, што ўключае ў сябе навучанне звязвання невядомага дагэтуль сігнала з яго вынікам[54]. Падмацаванне бывае станоўчым і адмоўным. Станоўчае падмацаванне ўзнагароджвае каня, адмоўнае пазбаўляе ад напору трэнера, калі рэакцыя каня задавальняе яго.

Першаснае індывідуальнае навучанне жарабят пачынаецца ва ўзросце 6 — 7 месяцаў. Канцэнтрацыя ўвагі маладых коней адносна кароткая, іх целасклад і навыкі зносін з людзьмі толькі развіваюцца, таму час заняткаў скарачаецца да 15 хвілін[55], у падгадаваных можа паступова павялічвацца. Малады конь павінен прызвычаіцца да дотыкаў чалавека і ўспрымаць яго як падмацаванне. Для гэтага дотыкі пачынаюць з павольнага дакранання да скуры на твары і шыі, толькі потым — іншых частак цела. Трэнінг маладых коней асабліва эфектыўны, калі ў вачах каня ператвараецца ў гульню. Важныя часткі навучання — наяўнасць плана і распарадку, выхаванне павагі да асабістай прасторы чалавека, выпраўленне замест пакарання, пераадоленне страхаў каня. Падчас трэнінгу адбываецца прывучанне да прывязі і поваду, надзявання аброці, сядла, збруі з лейцамі, прымусовага руху пад кіраваннем трэнера, пераадолення простых перашкод і бар'ераў, выбару алюра.

Наступны перыяд трэнінгу адбываецца ў групе і індывідуальна, узмацняе мускулатуру, органы дыхання і сардэчна-сасудзістую сістэму каня. Яго навучаюць мяняць напрамак і ход, паварочвацца, пераадольваць складаныя перашкоды, выпрацоўваць разлік, рытмічнасць і правільную каардынацыю рухаў. У канцы гэтага перыяду конь павінен выразна рэагаваць на сродкі кіравання і правільна адказваць на іх. У трэцім перыядзе каня рыхтуюць да спаборніцтваў, таму трэнінг мае пераважна індывідуальны характар. Удасканальваюцца навык правільнага адказу на кіраванне, тэхніка скокаў, развіццё сілавых якасцей, устойлівы рэфлекс спартыўнай барацьбы на дыстанцыі[56].

Табунная конегадоўля правіць

 
Табунная конегадоўля на Алтаі

Табунная конегадоўля — найстаражытнейшы спосаб трымання коней, калі жывёлы на працягу года ўтрымоўваюцца на падножным корме. Звычайна яна развіваецца ў стэпавых, паўпустынных і горных раёнах, дзе маюцца шырокія пашы. Спосаб з’яўляецца найбольш танным, але і найбольш рызыкоўным, паколькі залежыць ад вонкавых умоў, у тым ліку надвор’я, каштоўнасць кармавой базы дзікіх паш даволі розная, да таго ж вагаецца сезонна. Усё пагалоўе падзяляюць на табуны кабыл і маладняку, маладняк — на табуны па полу і ўзросту. Часам узімку стабуніваюць жарабцоў. У найбольш экстэнсіўнай форме ўсе дарослыя коні ўтрымліваюцца ў агульным табуне. Табун мае ўнутраную іерархію[57]. У ім вылучаюцца дамінантныя коні, што адрозніваюцца агрэсіўнасцю і настойлівасцю. Коні імкнуцца самастойна высветліць, якое месца ў іерархіі табуна займае новы чалец праз дэманстрацыю дамінавання або нават лёгкую сутычку.

Арганізацыя табуннай конегадоўлі патрабуе рацыянальнага выкарыстання травастою. Увесну коні павінны назапасіць дастаткова тлушчу, каб эканомна расходаваць яго ў зімовы сезон, а вясной — зноў паправіць сваю ўкормленасць пасля зімовага недакорму. Таму нароўні з круглагадовым пашавым трыманнем распаўсюджаны стайнева-табунная і культурна-табунная формы[58]. У першым выпадку коней трымаюць на пашах толькі ў спрыяльную пару, у астатні час — у стайнях. Культурна-табунная форма прадугледжвае абавязковы падкорм сенам і канцэнтратамі, калі прадукцыйнасць пашы зніжаецца, наяўнасць каля пашы падстрэшкаў і хлявоў для аховы слабога пагалоўя і выжарабкі кабыл.

Табунны спосаб патрабуе ад конегадоўцаў улік пагалоўя, таўраванне, фарміраванне табуноў і асобных касякоў у перыяд злучкі, перагоны з адной пашы на іншую, назіранне за адкормам і нагулам, лоў коней.

Зноскі

  1. Нурушев М. Ж. Ботайская лошадь и её значимость в евразийской культуре и изучении проблем доместикации рода Equus
  2. CHARLEEN GAUNITZ, et al. Ancient genomes revisit the ancestry of domestic and Przewalski’s horses
  3. Gimbutas’ Kurgan theory
  4. Librado, P., Khan, N., Fages, A. et al. The origins and spread of domestic horses from the Western Eurasian steppes. Nature 598, 634—640 (2021)
  5. Lamberg-Karlovsky C.C. The Oxus Civilization
  6. Horse Power — World Archaeology
  7. KASSITES — Encyclopaedia Iranica
  8. The oldest text dedicated to the care and training of the horse
  9. The domesticated horse in northern African rock art
  10. The Art of Horsemanship: Xenophon, Morgan, Morris H.
  11. Crittenden, Mark. (2016). Horse-Doctors in the Roman Empire
  12. THE MYSTERIOUS ABSENCE OF STABLES AT ROMAN CAVALRY FORTS
  13. Klecel W, Martyniuk E. From the Eurasian Steppes to the Roman Circuses: A Review of Early Development of Horse Breeding and Management. Animals. 2021; 11(7):1859
  14. Tuncer, Selçuk Seçkin & Kozat, Süleyman. (2021). HISTORICAL DEVELOPMENT OF HORSE BREEDS
  15. Алексеев Н. Д. Новое о происхождении лошадей якутской породы (биологические аспекты)
  16. Cosgrove, E.J., Sadeghi, R., Schlamp, F. et al. Genome Diversity and the Origin of the Arabian Horse. Sci Rep 10, 9702 (2020).
  17. The Arabian Horse Breed: Its History and Facts Revealed
  18. History — Spanish Jennet Horse Society
  19. Экономические основы Киевской Руси
  20. Семянчук, А. А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. — Гродна: ГрДУ, 2000. — С. 42
  21. Carly Ameen et al. In search of the ‘great horse’: A zooarchaeological assessment of horses from England (AD 300—1650)
  22. Most modern horses came from just two ancient lineages
  23. Federico Grisone — was he really such a baddie?
  24. Henry the VIII and His Horses
  25. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 75.
  26. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 12 — 13.
  27. HOW WORKING HORSES SHAPED BRITAIN
  28. 1900 — THE HORSE IN TRANSITION: OVERVIEW
  29. Desnoyers, Marion & Jez, Christine. (2013). The French horse industry at present. Advances in Animal Biosciences. 4
  30. Животноводство СССР в цифрах (1932)
  31. Поголовье скота и птицы (в хозяйствах всех категорий; на конец года; тыс. голов) Белстат
  32. News and events — European Horse Network
  33. Horse Industry Statistics in 2022 (U.S. Data)
  34. Daumas E.The horses of the Sahara, and the manners of the desert, with comm. by the emir Abd-el-Kader — London, 1863
  35. Витт В., Желиговский О., Красников А., Шпайер Н. Коневодство и конеиспользование. — Москва: Колос, 1964. — С. 49 — 52
  36. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 25.
  37. How Does the Temperament Scale of a Horse Work?
  38. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 26 — 49.
  39. Breeds, Types, and Classes of Horses
  40. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 67.
  41. Breeds of Livestock — Oldenburg Horse
  42. What is Inbreeding -Equine breeding course
  43. Г. И. Касперович Традиции коневодства в Республике Беларусь
  44. Creating the right environment for your horse
  45. Basic Horse Care For Beginners — How to Look After a Horse
  46. Good Grooming Ground Rules
  47. Витт В., Желиговский О., Красников А., Шпайер Н. Коневодство и конеиспользование. — Москва: Колос, 1964. — С. 240—241
  48. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 125.
  49. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 126.
  50. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 128.
  51. Basic Horse Care for Health and First Aid
  52. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 159 — 160.
  53. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 232.
  54. The Science of Schooling Horses
  55. How to Train a Young Horse: Everything You Need to Know
  56. Пестис, В.К., Ракицкий, Д.Т., Горчаков, В.Ю. 2014, с. 255 — 258.
  57. Equine behavior, hierarchy, and social dynamics
  58. Табунное коневодство

Літаратура правіць

Спасылкі правіць