Красацел пахучы (Calosoma sycophanta) — насякомае атраду цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства жужалі (Carabidae).
Буйны, ярка афарбаваны жук даўжынёй 22-33 мм. Бакавы кант пярэдняспінкі працягнуты да задніх вуглоў. Галава, пярэдняспінка і большая частка нізу цела цёмна-сінія, надкрылы залаціста-зялёныя з медна-чырвоным бляскам. Вусікі, ротавы апарат, галёнкі, лапкі і брушка чорныя.
Адзін з 14 відаў роду. Рэгулюе колькасць іншых насякомых.
Асаблівасці біялогіі
правіць
Актыўны драпежнік. Жукі і лічынкі знішчаюць у асноўным вусеняў і кукалак матылёў, сярод якіх ёсць шкоднікі лесу: няпарны і кольчаты шаўкапрады, манашка, чубаткі і інш. Жукі зімуюць у глебе і лясной падсцілцы. Спароўванне і адкладка яек вясной або ў пачатку лета. Развіццё лічынак і кукалак доўжыцца каля 2 месяцаў. Самкі адкладваюць каля сотні яек, з якіх праз 3-15 сутак выходзяць лічынкі, якія праходзяць 3 стадыі развіцця і ператвараюцца ў кукалак, а праз 10-18 сутак выходзяць жукі. Маладыя жукі паяўляюцца ў жніўні-верасні. Частка асобін зімуе і адкладвае яйкі 2-3 разы.
Зноскі
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5